Весь тираж — за полчаса. Где и как печатается районная газета «Поставский край»?

Общество

Увесь тыраж – за паўгадзіны

«Здзейснілася! Нарэшце і да нас дайшоў тэхналагічны прагрэс. Сёння, паважаныя чытачы, вы трымаеце ў руках першы нумар «Пастаўскага краю», выкананы камп’ютар­ным наборам і вёрсткай і надрукаваны афcетным спосабам у Наваполацкай друкарні».

Такая навіна з’явілася на першай паласе раёнкі за 28 верасня 1998 года.

Праз 21 год гэтыя радкі ўспрымаюцца з усмешкай. Які крок наперад за гэты перыяд зрабілі тэхналогіі! Такім доўгім і працаёмкім быў працэс выпуску газеты яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя і такім хуткім і зручным стаў цяпер. Супрацоўнікі Пастаўскай узбуйненай друкарні, у якой «нара­джалася» раёнка на працягу цэлых 60 гадоў, і марыць не маглі пра магчымасць надрукаваць увесь тыраж газеты за 20-30 хвілін.

Менавіта столькі часу патрэбна сучаснай друкавальнай машыне, каб выпусціць у свет шэсць тысяч экзэмпляраў такога выдання, як наша. Многія чытачы і сёння перакананы, што гэты працэс адбываецца ў Паставах. На самай справе работнікі рэдакцыі рыхтуюць выключна электронны варыянт газеты, а ў папяровы ён ператвараецца на камунальным паліграфічным унітарным прадпрыемстве «Наваполацкая друкарня». Выключэнне складаюць святочныя, як сённяшні, нумары, якія друкуюцца ў Віцебску.

Напярэдадні юбілею газеты аўтар матэрыялу звязалася з супрацоўнікамі Наваполацкай друкарні і папрасіла расказаць, што адбываецца з электроннай версіяй выдання пасля таго, як яна трапляе ў распараджэнне друкароў. Інжынер-тэхнолаг Ірына Шавель расказвае:

— Спачатку мы ўважліва пераглядваем увесь нумар: трэба пераканацца, што падчас перадачы ніякая інфармацыя не страцілася. Затым яна з дапамогай інфрачыр­вонага лазера пераносіцца з камп’ютара на друкавальныя  пласціны, якія адпраўляюцца непасрэдна ў друкавальны цэх. Гадоў сем назад у нас там адбылася сур’ёзная мадэрнізацыя: закупілі сучасную друкавальную машыну індыйскай вытворчасці. Яе магутнасць дазваляе надрукаваць тыраж у 6-7 тысяч экзэмпляраў менш чым за паўга­дзіны. Як толькі газета сыходзіць з канвеера, яна ўпакоўваецца і перадаецца работнікам Белпошты. Далей ужо выключна іх клопат, каб даставіць кожны экзэмпляр свежага нумара газеты канкрэтнаму падпісчыку.

У Наваполацкай друкарні выходзяць 9 раёнак Віцебшчыны і 2 гарадскія выданні. Яе работнікі стараліся і будуць старацца, каб паліграфічная якасць газет, у тым ліку і «Пастаўскага краю», заўсёды была на высокім узроўні.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.