Вопросы строительной отрасли района рассмотрели на очередном заседании районного исполнительного комитета

Местная власть

Асноўныя паказчыкі выконваюцца

20 верасня адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Адно з пытанняў, разгледжаных на ім, — работа будаўнічай галіны раёна і ход выканання задання па жыллёвым будаўніцтве на бягучы год.

З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш. Ён адзначыў, што работа будаўнічай галіны з’яўляецца своеасаблівым люстэркам развіцця раёна. А Пастаўшчына — адзін з нешматлікіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці, дзе выконваюцца асноўныя паказчыкі. Да іх адносяцца будаўніцтва жылля, падрадныя і будаўніча-мантажныя работы, выкананне інвестыцыйных праграм.

— Сёлета за 9 месяцаў у эксплуатацыю ўведзена 3 922 квадратныя метры жылля, што складае 50% ад задання. З іх 3 159 кв. м прыпадае на індывідуальныя жылыя дамы ў райцэнтры і сельскай мясцовасці, астатнія — на 12-кватэрны дом у аграгарадку Хацілы. Выканаць праграму будаўніцтва жылля ў поўным аб’ёме (7 863 кв. м) дазволіць 60-кватэрны дом па адрасе: г. Паставы, вул. Зялёная, 25, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да 20 кастрычніка. Зараз на гэтым аб’екце завяршаюцца аддзелачныя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Асноўную частку навасёлаў у шматпавярхоўцы складуць мнагадзетныя сем’і, — паведаміў Павел Радзівонавіч. — У цэлым зараз у раёне ў стадыі будаўніцтва і рэканструкцыі знаходзяцца больш за 400 дамоў. З кожным годам змяншаецца колькасць доўгабудоўляў пры індывідуальным узвядзенні жылля.

Ёсць добры задзел па будаўніцтве шматкватэрнага жылля і на наступны год. У прыватнасці, у канцы верасня пачалося будаўніцтва 40-кватэрнага дома ў райцэнтры, па вул. Зялёнай, 20 «А». У ім запланавана 5 кватэр камерцыйнага выкарыстання і 3 — сацыяльныя. Завершана праектаванне 60-кватэрнага дома ў новым мікрараёне забудовы 6 гарадка. Зараз праект знаходзіцца на дзяржаўнай экспертызе. Прыступіць да ўзвядзення аб’екта мяркуецца праз год. У больш аддаленай перспектыве новымі шматпавярхоўкамі прырасце мікрараён вуліцы Юбілейнай. А ў сельскай мясцовасці ў наступным годзе з’явіцца 12-кватэрны дом, аналагічны хацілаўскаму, а крыху пазней — яшчэ два такія ж. Узвядуць усе тры ў Навасёлках.

Для далейшага развіцця індывідуальнай забудовы распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя пазапляцовачных сетак квартала забудовы ў раёне вуліцы Азёрнай у райцэнтры. Праектам прадугледжана будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры пад 30 зямельных участкаў. Яшчэ каля 360 індывідуальных жылых дамоў, сацыяльна-бытавыя і гандлёвыя аб’екты павінны з’явіцца на тэрыторыі плошчай каля 80 гектараў у раёне вуліцы Кірава. Аднак праектаванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры на гэтым аб’екце не вядзецца з-за адсутнасці фінансавання. З аналагічнай прычыны не завершаны пазапляцовачныя сеткі ў раёне вуліц Багдановіча—Міру ў Паставах.

Апроч жылля, узводзяцца і іншыя важныя для раёна аб’екты: малочнатаварны комплекс у Волахах, будынак спальнага корпуса на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі», морг па вуліцы Савецкай у райцэнтры, гандлёвы комплекс «ДиссаНанс» па вуліцы Юбілейнай і магазін «Санта Ритейл» па вуліцы Зялёнай. У снежні запланавана пачаць будаўніцтва дзіцячага садка на 94 месцы ў мікрараёне 6 гарадка. Таксама распрацавана дакументацыя на ўзвядзенне малочнатаварнага комплексу малаказавода.

Пры разглядзе пытання шмат увагі было ўдзелена арганізацыі працы будаўнікоў — ад зацікаўленасці ў канчатковым выніку, а значыць, і ў памеры заробку, да стану будпляцовак.

Пра меры, якія прымаюцца па развіцці прадпрымальніцтва ў рамках лібералізацыі і спрашчэння ўмоў вядзення бізнесу, праінфармавала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак, пра дзейнасць раённага краязнаўчага музея па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей у рамках Года малой радзімы — кіраўнік установы Таццяна Гарошка.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.