Всё, чего достигли профсоюзы Поставщины — результат напряженной коллективной работы профорганизаций всех уровней

Общество

Магчымасці не вычарпаны

19 верасня адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Пачалося яно з прыемнага моманту — старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая ўручыла юбілейныя медалі «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» старшыням прафарганізацый: ААТ «Пастаўскі малочны завод» — Наталлі Грынько, «Паставымэбля» — Наталлі Хацяновіч і УАЗ «Пастаўская цэнтральная раённая бальніца» — Жанне Юркевіч.

Затым прысутныя заслухалі даклад старшыні пра асноўныя кірункі дзейнасці і задачы прафсаюзных арганізацый раёна, прадыктаваныя рашэннямі X пленума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. З судакладамі выступілі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый СШ №4 і дзяржаўнага каледжа Таццяна Рудзік і Анастасія Краўчанка.

У краіне ідзе падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.  Федэрацыя прафсаюзаў традыцыйна прымае актыўны ўдзел ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Задзейнічаны ў ёй і прафсаюзы Пастаўшчыны. Цяпер яны падбіраюць кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісій, а таксама назіральнікаў за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў на кожным выбарчым участку. Прафсаюзы садзейнічаюць вылучэнню кандыдатамі ў дэпутаты ад працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў тых людзей, праграмы якіх супадаюць з мэтамі і задачамі прафсаюзаў. Пры наведванні працоўных калектываў прафсаюзныя лідары будуць право­дзіць растлумачальную работу па актывізацыі выбаршчыкаў у дзень выбараў.

Завяршаецца справаздачна-выбарная кампанія ў прафсаюзных арганізацыях раёна, падчас якой падводзяцца вынікі за мінулыя пяць гадоў і  вызначаюцца шляхі эфектыўнай і якаснай работы на наступныя пяць. Па стане на 19 верасня справаздачы і выбары прайшлі ў 87 пярвічных прафсаюзных арганізацыях (95%) і ў 2 раённых арганізацыях галіновых прафсаюзаў. Старшыня раённага аб’яднання адзначыла высокі ўзровень правядзення сходаў у прафарганізацыях ААТ «Навасёлкі-Лучай», Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, гімназіі, а таксама ў раённых арганізацыях работнікаў аграпрамысловага комплексу, работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага аб’яднання прафсаюзаў назначана на 26 лістапада.

У пасяджэнні савета прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў і галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Васюцёнак. Яны адзначылі, што ўсё, чаго дасягнулі прафсаюзы Пастаўшчыны, — вынік напружанай калектыўнай работы прафсаюзных арганізацый усіх узроўняў: ад прафгруп да раённага аб’яднання. Магчымасці прафсаюзаў не вычарпаны, і прафсаюзным лідарам ёсць над чым працаваць.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.