Всё молоко сельхозотделения «Груздово» поступает на молочный завод сортом «экстра». Разговор с главным зоотехником Ольгой Хмельник

Сельское хозяйство

Усё залежыць ад людзей

У сельгасаддзяленні «Груздава» аграбудпрадпрыемства «Рассвет Пастаўскі» па стане на 20 верасня надой ад каровы з пачатку года склаў 2 707 кілаграмаў, што на 367,7 кг больш, чым атрымлівалі ў адпаведным перыядзе мінулага года, сярэднядзённы — 13,2 (+3,2). Усё малако паступае на завод сортам «экстра». Пра тое, што спрыяе поспеху, наша размова з галоўным заатэхнікам аддзялення Вольгай Хмельнік.

— Вольга Аляксандраўна, уражвае не толькі рост вытворчасці малака, але і яго якасць. Як удалося гэтага дабіцца?

— Паставілі мэту — і дасягнулі яе. У кожнай справе галоўнае — адносіны да работы лю­дзей. Можна так-сяк выконваць свае абавязкі, а можна з адказнасцю і душой. На што я і нацэльваю кадры. Дзіўна, але не ўсе аператары машыннага даення задумваліся над тым, што ад якасці малака залежыць іх зарплата. Затое цяпер, калі ў некаторых яна складае 700 — 800 рублёў у месяц, нікога не трэба пераконваць у выгадзе здачы малака сортам «экстра». А каб дабівацца такой высокай якасці прадукцыі, трэба, каб і жывёла была здаровай, і тэхналогія даення не парушалася. Важна правільна вымыць вымя, выдаіць і працадзіць малако, ахаладзіць яго і г.д.

— А хто атрымлівае найвышэйшыя надоі?

— У нас адна малочнатаварная ферма, на якой у васьмі групах утрымліваецца 378 кароў. За восем месяцаў найвышэйшыя паказчыкі ў аператараў машыннага даення Алены Гінько, Наталлі Козел і Любові Чарэнкі — адпаведна 3 143, 3 020 і 3 005 кілаграмаў малака ад каровы. Стараюцца Галіна Шкадун, Алена Падгайская, Аксана Мяншова, Алена Чырвоная, Людміла Валетка. Выдатна спраўляецца ў групе раздою цялушак Алеся Масінкевіч. Прыйшла падменнай Алеся Лях. Два месяцы назад на ферму прыйшла новая загадчыца Таццяна Шымко і з усёй адказнасцю прынялася за справу. Калектыў дружны, усе стараюцца, пры патрэбе дапамагаюць адна другой.

— Што да паказчыкаў, то прадукцыйнасць статка ў многім залежыць і ад пастухоў.

— Найперш скажу, што сёлета ў аддзяленні адвялі большую плошчу пад пашу, ды і па якасці яна лепшая, чым была летась. Стараюцца пастухі Антон Зайко, Ігар Козел, Сяргей Пучынскі. Апошні раней працаваў у нас, потым перабраўся да радні ў іншы раён, а два месяцы назад вярнуўся ў Груздава, чаму мы, безумоўна, рады. Толькі ўдзячных слоў заслугоўвае Васіль Ягораў. Ён настолькі старанны, што, нават адчуваючы недамаганне, не пакідаў працу. Ледзьве ўгаварыла звярнуцца да ўрача. Зараз ён на бальнічным — перанёс аперацыю. Шчыра жадаем хутчэйшага выздараўлення і вяртання ў строй.

— Раскажыце, калі ласка, пра племянную работу.

— У гэтай справе ў нас таксама ёсць поспехі. Але былі і пралікі. Па прычыне недахопу кадраў у 2017 годзе адмовіліся ад штучнага асемянення і запусцілі ў статак быкоў. У выніку частка цялушак і кароў аказаліся непакрытымі. У 2018-м вярнуліся да штучнага асемянення, дакладна распрацавалі яго сістэму і кантроль за пакрыццём кароў. Вынік не прымусіў сябе чакаць — сёлета атрымалі 303 цяляці, што на 84 больш, чым летась.

Прадукцыйнасць у многім залежыць ад раздою цялушак. Для таго каб павысіць зацікаўленасць аператараў, з мінулага года ўвялі даплату за раздой. І яны стараюцца. У летнія дні некаторыя першацёлкі давалі па 20 і больш кілаграмаў малака. На практыцы пераканаліся ў перавазе бяспрывязнага ўтрымання цялятак на свежым паветры. Меншанькіх будзем бяспрывязна ўтрымліваць і ў стойлавым перыядзе, у арачніку.

— А апошняе пытанне пра самога заатэхніка. Ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама характарызуюць вас, як вельмі адказнага і перспектыўнага спецыяліста…

— Чуць такую ацэнку, безумоўна, прыемна. Але я карону на галаве не нашу. У гаспадарцы 8 гадоў, 2 апошнія з’яўляюся галоўным заатэхнікам. Акрамя таго, выконваю абавязкі тэхніка-асемянатара, пры патрэбе магу дапамагчы і кароў падаіць, і любую іншую работу выканаць.

Стараюся не толькі патрабавальна, але і з разуменнем ставіцца да людзей. Люблю сваю работу і жывёлу. За ўвесь час працы ў гаспадарцы водпуск брала толькі на экзаменацыйныя сесіі і здачу дзяржэкзаменаў (дыплом атрымала сёлета). А калі ў жніўні рашылася паехаць у санаторый, то прабыла там усяго тыдзень. Адпачываць добра, але не ў маім характары.

Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.