Выпускница Дуниловичской школы Лиза Танана поступила на факультет своей мечты благодаря сотрудничеству с «ПК»

Общество

Кім стаць, падказала раёнка

Журналістыка вабіць школьнікаў заўсёды. Адны мараць трапіць «у тэлевізар», іншыя бачаць сябе газетным рэпарцёрам, які пастаянна знаходзіцца ў гушчыні самых цікавых падзей.

Але мары збываюцца не ва ўсіх. Каб паступіць на журфак Белдзяржуніверсітэта, патрэбна не толькі набраць высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні, але і паказаць уступнай камісіі свой вопыт работы са СМІ.

Выпускніца Дунілавіцкай яслі-сад—сярэдняй школы Ліза Танана паступіла на факультэт сваёй мары ў многім дзякуючы супрацоўніцтву з «Пастаўскім краем». Напярэдадні юбілею газеты дзяўчына расказала пра свае першыя, але ўжо сур’ёзныя крокі ў журналістыку:

— Кім хачу стаць, у дзяцінстве не ведала. Але гадоў у дзесяць пачала пісаць кароткія расказы, і гэта захапленне з часам стала пастаянным. На паперу ляглі і першыя вершы. Бацькі нават не паверылі, што напісала іх сама. А мне захацелася даказаць, што магу яшчэ лепш. І зноў узяла ў рукі ручку і блакнот.

Мама заўважыла маё імкненне пісаць. Таму, калі прачытала ў раёнцы інфармацыю пра набор у Школу журналістыкі, прапанавала запісацца. Менавіта там я і зразумела, з якой прафесіяй хачу звязаць жыццё. Гэта было, калі я вучылася ў 9 класе.

Заняткі кожны тыдзень праходзілі ў Паставах, у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Дабірацца з Дунілавіч было не зусім зручна, але таго варта. Школа журналістыкі стала для мяне выдатнай стартавай пляцоўкай у свет творчасці. Цяпер  разумею, што сама наўрад ці асмелілася б дасылаць у газету ўласныя артыкулы — лічыла іх няўдалымі. Аднак, калі ўбачыла на старонках газеты свае першыя матэрыялы — паверыла ў свае сілы. Гэта акрыліла!

На занятках я пазнаёмілася з іншымі дзяўчатамі, нас аб’ядноўвалі аднолькавыя інта­рэсы. Мне падабалася кожная сустрэча. Мы разбіралі тэорыю, выконвалі практычныя заданні, абмяркоўвалі тэмы будучых артыкулаў, рыхтавалі свае творчыя праекты.

У мінулым годзе я скончыла школу і паступіла на факультэт журналістыкі БДУ на спецыяльнасць «Літаратурная работа. Творчасць» на бюджэтнае аддзяленне. Вучоба ва ўніверсітэце вельмі пашырыла мой кругагляд, навучыла ўзаема­дзейнічаць з людзьмі.

Са мной вучацца цікавыя творчыя людзі, і гэта сапраўды шчасце — усведамляць, што ты любіш тое, чым займаешся. Кожны дзень я адкрываю для сябе штосьці новае, развіваюся ўсебакова.

Ужо падчас першых семестраў вучобы я трапіла ў праект «Акадэмія «СБ» і цяпер супрацоўнічаю з газетай «Рэспубліка», якая таксама адносіцца да холдынгу «СБ. Беларусь сёння». Менавіта ў гэтым выданні я праходзіла практыку, тут жа вучуся пісаць грунтоўныя матэрыялы. У рэдакцыі ў мяне ёсць кіраўнік, які дапамагае мне асвоіцца. Больш за ўсё падабаецца асвятляць культурнае жыццё сталіцы. Ёсць вялікае жаданне паспрабаваць сябе ў якасці міжнароднага журналіста.

На журфаку таксама вучацца і добра мне знаёмыя дзяўчаты са Школы журналістыкі — Каця Шарапа (Юхневіч) і Анжаліка Кудрашова. Упэўнена, што і ім «Пастаўскі край» дапамог ажыццявіць мару стаць журналістам.

Ад рэдакцыі: Школа журналістыкі, ініцыятарам правядзення якой выступіў «Пастаўскі край», дзейнічала на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў 2015/2016 годзе. Тэарэтычныя і практычныя заняткі вяла карэспандэнт газеты Іна Сняжкова. Школа вучняў  зацікавіла, і раёнка плануе аднавіць яе дзейнасць.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.