Жители агрогородка Юньки совместными силами приводят в порядок многоквартирные дома и территорию

Общество

І самім прыемней, і з дарогі прыгажэй

Праязджаючы праз Юнькі, нельга не заўважыць, як за апошні час пахарашэлі двухпавярховыя дамы па цэнтральнай вуліцы. Яшчэ вясной фасады будынкаў і балконы, якія шмат гадоў назад былі прызнаны аварыйнымі, чаплялі вока сваім непрывабным знешнім выглядам. За лета сітуацыя істотна змянілася ў лепшы бок.

У красавіку гэтага года па ініцыятыве Юнькаўскага сельскага Савета быў праведзены арганізацыйны сход, на які запрасілі жыхароў пяці двухпавярховак. Усяго там налічваецца 24 кватэры.

— Гэтыя дамы, пабудаваныя ў 80-я гады, не знаходзяцца на балансе ні ў адной службе — яны не адносяцца ні да гаспадаркі, ні да УП ЖКГ, — патлумачыў старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі. — Таму выйсце з сітуацыі было толькі адно — праводзіць рамонтныя работы за ўласны кошт жыльцоў. Зразумела, што гэта фінансава затратна і, магчыма, не кожнаму па кішэні. Але на схо­дзе ўсе пагадзіліся, што праблема наспела даўно і вырашаць яе трэба. За лета большасць зрабілі ад­дзелку балконаў металапрофілем ці іншымі матэрыяламі. Фасады дамоў пафарбавалі ў аднолькавы колер. І самім жыльцам прыемней, і з дарогі прыгажэй. Усё ж такі траса рэспубліканскага значэння.

Стараліся ўсе, але асаблівыя словы падзякі Вячаслаў Врублеўскі выказаў Таццяне Чарняўскай, Святлане Юшкевіч, якія вырашылі шэраг арганізацыйных момантаў, а таксама Аляксандру Гайлюшу. Гэты малады чалавек не толькі дагаварыўся з устаноўкай рыштаванняў, але і разам з іншымі жыхарамі  хутка і якасна выканаў усе работы па афарбоўцы 9 фасадаў.

— На ініцыятыву сельскага Савета з мужам адгукнуліся не раздумваючы, — расказала жыхарка д. №18 Дар’я Шыпко. — Чакаць ад кагосьці дапамогі можна вельмі доўга, лепш зрабіць самому. Прыемна, што побач ёсць нераўнадушныя людзі. Дзякуючы ініцыятыве нашых суседзяў Анжалікі і Максіма Назаранкаў на нашай дзіцячай пляцоўцы з’явіліся гульнявыя домікі. Колькі ў дзяцей шчасця! Іх у двары цяпер заўжды многа. Толькі ў нашым доме ў трох кватэрах з чатырох жывуць маладыя сем’і з двума маленькімі дзецьмі, мы ў іх ліку. Прыходзяць мамы з малымі і з іншых двухпавярховак.

Цалкам работу па добраўпарадкаванні дамоў па вуліцы Мала­дзёжнай плануюць завяршаць да канца восені.

Вячаслаў Врублеўскі таксама адзначыў, што ад вяскоўцаў паступіла ініцыятыва спілаваць 34 аварыйныя дрэвы на грама­дзянскіх могілках у кашыцкім лесе. Сапраўды, наводзіць парадак лягчэй, калі побач жывуць неабыякавыя людзі.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.