Золотарник относится к числу одного из самых опасных растений на территории нашей страны

Экология

Сумнік: прыгожы і каварны

Пра небяспеку баршчэўніка Сасноўскага сёння ведае, бадай, кожны беларус. Барацьба з гэтай інвазійнай раслінай у нашай краіне вя­дзецца пастаянна. А вось што нароўні з ім па ступені шкоднасці для навакольнага асяроддзя знаходзіцца і сумнік (золотарник) канадскі, для многіх — адкрыццё. Нягледзячы на шматлікія перасцярогі спецыялістаў адносна яго каварства, якія ў апошнія гады гучаць усё больш настойліва, людзі па-ранейшаму спецыяльна разво­дзяць яго ў якасці дэкаратыўнай расліны на ўласных дачах, падворках, а таксама на могілках.

— Непасрэдна здароўю чалавека сумнік так сур’ёзна не пагражае, як баршчэўнік, аднак усё роўна адносіцца да ліку адной з самых небяспечных раслін на тэрыторыі нашай краіны, — тлумачыў начальнік райінспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Лысёнак. — Справа ў тым, што ён распаўсюджваецца надзвычай хутка і агрэсіўна, пры гэтым цалкам заглушае рост іншых раслін. Напрыклад, у лесе пад покрывам сумніка не вырастуць грыбы і ягады. Калі ён паселіцца на лузе, то значна пагоршыцца якасць нарыхтоўваемага сена, бо ён не прыдатны для корму буйной рагатай жывёле. А на сельскагаспадарчых угоддзях парушыць структуру пасеваў, знізіць іх ура­джайнасць.

Вучоныя з НАН Беларусі лічаць, што зараз сумнік канадскі знаходзіцца на піку свайго распаўсюджвання ў нашай краіне, штогод плошча пад ім павялічваецца на 10-15 %.

У 2017 годзе на Віцебшчыне сумнік займаў 9,92 га, а ў 2018-м — ужо 48,74 га, месцамі ўтвараючы суцэльныя зараснікі.

Сумнік канадскі захоўваецца нават у экстрэмальных умовах, напрыклад, аднаўляецца першым пасля пажараў ці іншых стыхійных бедстваў. Яго высокай жыццяздольнасці садзейнічаюць некалькі фактараў. У прыватнасці, у сумніка няма так званых натуральных ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў і насякомых. Акрамя таго, кожны яго куст дае да 100 тысяч штук насення, якія вызначаюцца вельмі высокай (да 95 %) усходжасцю, а карэнішча выдзяляе ў глебу атрутныя рэчывы, якія прыгнятаюць ін­шыя расліны. А гэта ў сваю чаргу вядзе да таго, што паступова на ўчастку, занятым сумнікам, знікаюць лугавыя насякомыя і дробныя млекакормячыя.

Сёння сумнік канадскі ўжо наносіць істотны ўрон прыро­дзе і эканоміцы краіны, таму яго пранікненне ў навакольнае асяроддзе прызнана адной з пагроз нацыянальнай бяспекі ў экалагічнай сферы. Пакуль гэта праблема не стала глабальнай, самы час яе спыніць сіламі ўсіх землекарыстальнікаў.

Людміла Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.