24 сентября состоялась очередная, 17-я, сессия районного Совета депутатов 28-го созыва

Местная власть

Працуюць з людзьмі і для іх

24 верасня адбылася чарговая, 17-я, сесія раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. На ёй абмеркаваны  два пытанні: справаздача старшыні райсавета аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і стане спраў на падведамнай тэрыторыі і аб выкананні ў раёне комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады.

Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, на Пастаўшчыне ў сістэме мясцовага самакіравання 150 дэпутатаў: 30 — раённага Савета, 118 — сельскіх  і 2 — абласнога. Асноўным напрамкам дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў з’яўляецца вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў інтарэсах насельніцтва ў цесным узаемадзеянні з выканаўчымі органамі ўлады, работа з людзьмі і для людзей. У гэтым скліканні адбылося 16 сесій райсавета. На іх прыняты рашэнні прыкладна па 60 пытаннях, якія закранаюць усе сферы жыццядзейнасці рэгіёна: своечасова карэкціраваўся бюджэт, разглядаліся пытанні гандлёвага, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, звязаныя з работай праваахоўных органаў, абаронай дзяцей, захаваннем народных традыцый і культурна-гістарычнай спадчыны, і інш.

Пры раённым Савеце дэпутатаў створаны 4 пастаянныя камісіі: па самакіраванні і рэгламенце; па пытаннях эканомікі і бюджэту; па экалогіі і аграпрамысловым комплексе; па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі. Яны разглядаюць пытанні па сваёй кампетэнцыі, прымаюць удзел у падрыхтоўцы праектаў рашэнняў прэзідыумаў і сесій раённага Савета.

Гаворачы пра работу прэзідыума, Пётр Леанідавіч адзначыў, што на яго пасяджэннях разглядаецца шырокае кола пытанняў. Практыкуюцца выязныя пасяджэнні прэзідыума на тэрыторыі сельсаветаў. Летась прайшлі тры, сёлета — два. Пастановай прэзідыума 2 сакавіка 2015 года была створана Маладзёжная палата пры раённым Савеце дэпутатаў. Штогод яе члены трымаюць справаздачу перад райсаветам аб праведзенай рабоце, дакладваюць пра планы на наступны навучальны год.

Асобную ўвагу дакладчык удзяліў дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў, важнейшым складнікам якой з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. У справаздачным перыядзе дэпутаты рэгулярна праводзілі асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы з выбаршчыкамі па месцы жыхарства. Сёлета на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў упершыню прайшлі выязныя «Дні Савета». Мабільныя групы ў складзе работнікаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, службаў раёна, членаў прафсаюзаў і БРСМ аб’ехалі населеныя пункты сельсаветаў, сустрэліся са старэйшынамі і жыхарамі вёсак, правялі маніторынг па надзённых і хвалюючых людзей пытаннях. Па выніках кожнага маніторынгу адбыліся нарады з кіраўнікамі арганізацый, перад імі пастаўлены канкрэтныя задачы. Большасць пытанняў (а ўсяго іх паступіла каля 300) вырашаны.

Немалая роля ў рабоце з людзьмі належыць старэйшынам вёсак. Яны фарміруюць у сельскага насельніцтва правільныя грамадскую думку і адносіны да шырокага кола жыццёвых праблем, прымаюць актыўны ўдзел у сесіях, пасяджэннях райсавета, падрыхтоўцы і правядзенні свят вёсак, мерапрыемствах па добраўпарадкаванні. Пётр Леанідавіч пайменна назваў лепшых старэйшын і адзначыў вялікую работу розных службаў па навядзенні парадку ў горадзе і на сяле. Пры гэтым не абмінуў увагай і недахопы.

Таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў ахарактарызаваў стан спраў у эканоміцы, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, культуры, акцэнтаваў увагу на кадравай палітыцы. У канцы выступлення ён падзякаваў старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку, які прымаў удзел у рабоце сесіі, за канструктыўнае супрацоўніцтва з Саветам, усім дэпутатам — за актыўную жыццёвую пазіцыю і канкрэтную дапамогу людзям у вырашэнні іх паўсядзённых праблем і нагадаў пра першачарговую задачу — забяспечыць спакойнае і годнае правядзенне маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

З судакладамі па першым пытанні выступілі намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Павел Трава, першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская і старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі. Яны падрабязна расказалі пра работу прэзідыума райсавета, Маладзёжнай палаты і сельвыканкама.

Пра выкананне ў раёне комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады, а таксама падпраграм «Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў» і «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» дакладвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. Яна паведаміла, колькі на Пастаўшчыне пражывае людзей з абмежаванымі магчымасцямі, як яны ўцягваюцца ў актыўную працоўную дзейнасць і якія віды паслуг ім аказваюцца. Асобна спынілася на рабоце аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН, падрабязна расказаўшы пра разнастайныя метады і спосабы рэабілітацыі, якія там прымяняюцца.

Акрамя таго, Наталля Мікалаеўна пазнаёміла прысутных з рэалізацыяй у раёне праграмы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў. На гэтым жа зрабіў акцэнт у сваім выступленні намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП ЖКГ Міхаіл Кабайла. А галоўны ўрач АДРАЦ «Ветразь» Сяргей Петухоў расказаў пра магчымасці рэабілітацыі і аздараўлення дзяцей і дарослых у згаданай установе.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.