29 октября свой профессиональный праздник отмечают сотрудники Департамента охраны МВД Республики Беларусь

Правовое поле

На наш спакой працуюць усе

29 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Як правіла, у гэты дзень мы, журналісты, у першую чаргу расказваем пра міліцыянераў групы затрымання, кінолагаў, вадзіцеляў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у абароне жыцця і маёмасці людзей. Яны ж становяцца героямі газетных публікацый і ў іншы час. А вось прадстаўнікі цывільнага персаналу амаль заўсёды застаюцца ў цяні. Хоць іх работа таксама мае вялікае значэнне. Таму, калі ў рэдакцыю завітаў начальнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Вадзім Крыштафовіч і прапанаваў напісаць пра апошніх, спачатку здзівілася, а потым з энтузіязмам прыняла прапанову. Тым больш што названыя кіраўніком асобы таго заслугоўваюць.

Не проста лічбы

Шмат гадоў фінансавымі пытаннямі ў падраздзя­ленні займаюцца галоўны бухгалтар Таццяна Баброўка і бухгалтар Алена Рудкевіч. Акрамя налічэння заработнай платы і іншых выплат супрацоўнікам, яны афармляюць дагаворы закупак, калі набываюцца таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, працуюць з дэбіторамі — сочаць за тым, каб заказчыкі рэгулярна і своечасова аплачвалі паслугі аховы.

— У нашым ведамстве вялікая колькасць дакументаў, паколькі мы працуем не толькі ў сферы ахоўнай дзейнасці, але і ў грамадзянска-прававой, — расказваў Вадзім Леанідавіч. — Розныя законы, грамадзянска-прававыя нарматыўныя акты, плюс унутраныя ведамасныя дакументы. І ўсю гэту прававую базу трэба ведаць. Магу сказаць, што мне ніколі не даводзілася чырванець за работнікаў бухгалтэрыі.

Працоўны стаж Таццяны Баброўкі — 32 гады, з іх 22 адпрацавала ў ахове. Што да Алены Рудкевіч, то яна, можна сказаць, вырасла ў ахове. На работу ў Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента прыйшла ў 2000 годзе пасля тэхнікума. А ўжо працуючы тут, завочна закончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Сваім настаўнікам у прафесіі Алена Станіславаўна называе Таццяну Уладзіміраўну.

«Рукі» і «вочы» аховы

Як і галоўны бухгалтар, 22 гады адпрацаваў у аддзяленні электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі Валерый Ляўковіч. Ён — былы ваеннаслужачы, у арміі займаўся рамонтам радыёабсталявання самалётаў. Таму работа манцёра аказалася блізкай. Валерый Станіслававіч — кваліфікаваны, адказны і старанны спецыяліст, заўсёды даводзіць да канца пачатую справу. За ўсе гады ў ахове не мае ніводнага наракання.

Калі Валерыя Ляўковіча можна назваць рукамі аддзялення, то Алена Мандро — адна з пар яго «вачэй», якія пільна сочаць за ўсім, што адбываецца на ўзятых пад ахову аб’ектах. І так на працягу 24 гадоў. За чвэрць стагоддзя жанчына не толькі прывыкла да 12-гадзінных дзённых і начных змен і добра вывучыла ўсе нюансы работы дзяжурнага пульта кіравання, але і нядрэнна асвоіла камп’ютар.

Адданых сваёй справе людзей у Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы нямала. Яны працуюць на розных участках, маюць розны стаж і вопыт работы. Але ўсе выконваюць вельмі важную задачу — ахоўваюць наш спакой.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.