6 молодых семей участвовали в VIII Международном сельскохозяйственном конкурсе «Мастера деревни» в агрогородке Дуниловичи (+видео)

Главное Общество

Дружныя, працавітыя, творчыя сем’і ўдзельнічалі ў VIII міжнародным сельскагаспадарчым конкурсе «Майстры вёскі», які прайшоў у аграгарадку Дунілавічы.

Гэты праект садзейнічае ўмацаванню сямейных традыцый, папулярызуе працу і жыццё ў сельскай мясцовасці. За прэстыжнае званне найлепшай вясковай сям’і змагаліся Аляксей і Эма Крук з Дунілавіч, Аляксандр і Катажына Апсіт з Хаціл, Дзяніс і Аксана Мядзвецкія з Ляхаўшчыны, Аляксандр і Алена Зубко з Юнек, Марціньш Бабрыс і Саніта Бабрэ з Рэзекненскага краю Латвіі, Павелас Сізонавас і Крысціна Сізонава са Швянчонскага раёна Літвы.

У «Візітнай картцы» сем’і расказвалі пра свае традыцыі, захапленні, віды адпачынку, здольнасці. Падчас спартыўнай эстафеты на пляцоўцы перад Домам культуры мужчыны пераносілі мяшкі з бульбай і шчапалі на хуткасць дровы, жанчыны пераносілі ваду, разам чысцілі бульбу, буракі, моркву.

Затым удзельнікі запрасілі журы ў фае Дома культуры, дзе на спецыяльных выставах размясцілі фірменныя сямейныя стравы (якіх толькі прысмакаў там ні было!), рэчы, зробленыя сваімі рукамі.  У завяршэнне конкурсу кожнай камандзе далі мальберт. На ім трэба было намаляваць калектыўную карціну, якая б адлюстроўвала сямейныя каштоўнасці і ідэалы.

Конкурсныя заданні былі няпростымі. Але, прызнаюся, найскладаней у той дзень прыйшлося журы, у склад якога ўваходзіла і аўтар гэтых радкоў. На падвядзенні вынікаў разгарэ­ліся сапраўдныя баталіі, бо ўсе сем’і выдатна прадэманстравалі свае творчыя здольнасці, узаемапавагу і ўзаемавыручку, зладжанасць дзеянняў, пачуццё гумару, кемлівасць. Пасля доўгага абмеркавання пераможцай прызналі энергічную, творчую, ініцыятыўную сям’ю Крук з Дунілавіч. Эма працуе начальнікам участка філіяла «Дунілавіцкі свінагадоўчы комплекс», а таксама ўзначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Аляксей — вадзіцель-міжнароднік. Бурныя апладысменты гледачоў пацвердзілі правільнасць выбару журы.

Усе сем’і атрымалі каштоўныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, райгазеты «Пастаўскі край». Таксама ўсім уручылі білеты на кінасеанс у 3D-залу. Канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дунілавіцкага Дома культуры і ансамбль народнай музыкі і песні «Заранка» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Асобная ўдзяч­насць ад арганізатараў конкурсу кіраўнікам ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку і сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэю Сарапененку за спонсарскую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.

 

Тэкст і фота Анны Анішкевіч
Відэа Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.