Единый день информирования «Национальное собрание РБ — представительный и законодательный орган белорусского государства»

Общество

Абмеркавалі надзённыя пытанні

У мінулы чацвер у краіне праводзіўся адзіны дзень інфармавання. Яго тэма — «Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь — прадстаўнічы і заканадаўчы орган беларускай дзяржавы». Інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама пабывалі ў многіх працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Асабліва зацікаўлена прайшла сустрэча ў 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якую правёў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён расказаў пра развіццё інстытута парламентарызму ў Беларусі, прававую аснову дзейнасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі, нагадаў пра ролю выбаршчыкаў, адказаў на пытанні, якія паступалі ад прысутных.

У раённае спажывецкае таварыства ў рамках адзінага дня інфармавання наведаўся камендант пагранічнай камендатуры «Паставы» Раман Строганаў.

— Да вас я прыйшоў невыпадкова, — гаварыў маёр Строганаў. — Многія магазіны і аўтамагазіны райспажыўтаварыства абслугоўваюць населеныя пункты, размешчаныя блізка ад Дзяржаўнай граніцы. І ад  пільнасці і неабыякавасці вадзіцеляў і прадаўцоў у многім залежыць бяспека кожнага з нас і краіны ў цэлым. У Смаргонскай пагранічнай групы даўно склаліся канструктыўныя ўзаемаадносіны з мясцовымі органамі ўлады, насельніцтвам прыгранічча. З кожным годам яны ўдасканальваюцца і прыносяць плён у рабоце. Ні для кога не сакрэт, што аматары лёгкіх грошай імкнуцца зарабіць іх, перапраўляючы за мяжу тытунёвыя вырабы, розныя матэрыяльныя каштоўнасці. Вось і нядаўна завяршыўся разгляд справы трох пастаўчан, якія спрабавалі пераправіць праз беларуска-літоўскую граніцу цыгарэты. Работнікі падатковай інспекцыі ацанілі іх кошт — больш за 2 тысячы долараў.

У верасні набыў моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №351 «Аб знаходжанні на прыгранічнай тэрыторыі». Згодна з ім, замежныя грама­дзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна жывуць за межамі Беларусі, вызваляюцца ад платы дзяржаўнай пошліны за выдачу пропускаў на права ўезду (уваходу), часовага знаходжання, перамяшчэння ў пагранічнай зоне. Гэта робіцца для таго, каб нашу краіну з турыстычнай і гаспадарча-бытавой мэтай наведвала больш людзей.

У той жа час у некаторых грамадзян могуць быць і супрацьзаконныя мэты. Толькі за бягучы год супрацоўнікамі Смаргонскай пагранічнай групы затрымана больш за 70 парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы. 60 з іх з’яўляліся незаконнымі мігрантамі — у асноўным гэта грамадзяне В’етнама, Афганістана, Ірака, Манголіі, Нігерыі, Алжыра. 5 — саў­дзельнікамі (грамадзяне Расіі і Беларусі). Па фактах арганізацыі незаконнай міграцыі ўзбуджана 12 крымінальных спраў. Выяўлена амаль 200 фактаў парушэння пагранічнага рэжыму, больш за 10 — рэжыму Дзяржаўнай граніцы, 32 — рэжыму ў пунктах пропуску, 150 — заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, спынена 56 выпадкаў незаконнага перамяшчэння ў тылавых раёнах таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму амаль 90 тысяч рублёў.

Сумесна з узаемадзейнымі органамі ў нашым прыграніччы канфіскавана 15 адзінак зброі, 60 — боепрыпасаў, знішчана больш за 25 кілаграмаў раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы. У многіх выпадках сігналы пра незаконныя дзеянні грамадзян паступалі ад мясцовага насельніцтва.

Камендант пагранкамендатуры падрабязна спыніўся на адказнасці, якую нясуць грамадзяне за парушэнне заканадаўства аб Дзяржаўнай граніцы. Ён заклікаў прысутных аказваць садзейнічанне пагранічнікам у выяўленні і затрыманні падазроных асоб і парушальнікаў граніцы. Забяспечваць нацыянальную бяспеку прасцей пры цесным супрацоўніцтве, своечасовым абмене інфармацыяй з рознымі ведамствамі і арганізацыямі.

Вынікі сустрэчы падвяла старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Ганна Сянько.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.