Хроника происшествий

Правовое поле

«Прадавалі» кнігі і дровы

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаны крымінальныя справы ў адносінах да двух грамадзян, якія зарабляюць сабе на жыццё махлярствам. Адзін з іх — жыхар Мінска — «прадаваў» праз інтэрнэт фотакнігі. Сярод пакупніц аказаліся дзве пастаўчанкі, якія перавялі на карт-рахунак махляра па 40 рублёў. Але абяцанага тавару так і не дачакаліся. Другі махляр, які пражывае ў Паставах і працуе рабочым у лясгасе, размясціў у інтэрнэце аб’яву аб паслугах па закупцы і пастаўцы дроў. Ён завалодаў грашовымі сродкамі жыхароў нашага і Шаркаўшчынскага раёнаў на суму каля 400 рублёў, не збіраючыся пры гэтым выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы. Першаму грамадзяніну пагражае да 4-х, а другому — да 3-х гадоў пазбаўлення волі.

 Вось дык суседка!

88-гадовы пенсіянер з вуліцы 17 Верасня звярнуўся ў РАУС з заявай аб грабяжы. Дзядуля расказаў міліцыянерам, што ў яго дома знаходзілася жанчына, якая ў нейкі момант выхапіла з рук 50 рублёў і ўцякла. Аператыўнікі ўстанавілі: злачынства здзейсніла 46-гадовая суседка пацярпелага, якая пражывае ў доме побач. У адносінах да яе ўзбуджана крымінальная справа.

Магнетычны метал

У перыяд з канца жніўня па пачатак верасня з тэрыторыі дачнага дома ў вёсцы Русіны, гаспадаром якога з’яўляецца жыхар Мінска, укралі металалом — стары кацёл для лазні і тры металічныя вугалкі — агульнай вагой 210 кілаграмаў. Злодзеямі аказаліся 70-гадовы жыхар вёскі Мястэчка і непрацуючы 36-гадовы пастаўчанін з судзімасцю. Неўзабаве яны паўстануць перад судом.

Распусціў рукі

Пракуратура раёна ўзбудзіла крымінальную справу па факце наўмыснага прычынення лёгкага цялеснага пашкоджання ў адносінах да 35-гадовага жыхара Варапаева. У адзін са жнівеньскіх вечароў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ён пасварыўся з сужыцелькай і ўдарыў яе кулаком у твар, разбіўшы вусны. Жанчына звярнулася ў міліцыю. Цяпер яе «каханаму» пагражае пакаранне ад грамадскіх работ да арышту на тэрмін да 3 месяцаў.

Падвёў ПІН-код

Жыхар завулка Партызанскага ў райцэнтры ў свае 32 гады мае багатае крымінальнае мінулае: быў асуджаны за разбой і крадзяжы, у тым ліку транспарту. Нядаўна ў гэты «паслужны спіс» дабавіўся яшчэ адзін крадзеж — шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. Маючы рэквізіты банкаўскай карты, якую разам з грашыма выцягнуў у пастаўчанкі ў більярдным клубе «Карамболь», мацёры злачынец спрабаваў зняць з карт-рахунка жанчыны 300 рублёў. Але пасля таго, як некалькі разоў няправільна ўвёў ПІН-код, карта аказалася заблакіраванай. Зараз названы вышэй грамадзянін знаходзіцца пад вартай у рамках расследавання ўзбуджаных у адносінах да яго крымінальных спраў.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.