Как проходит перепись населения на стационарных участках Поставского района?

Общество

Праяўляюць актыўнасць

З 4 кастрычніка ў Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва. Многія выкарыстоўваюць для гэтага інтэрнэт (сайты перепись.бел и census.by). Не пустуюць і стацыянарныя ўчасткі.  На тэрыторыі нашага раёна дзейнічаюць тры: два ў Паставах і адзін у Варапаеве. На апошні я і накіравалася.

Участак размешчаны ў адміністрацыйным будынку Варапаеўскага сельвыканкама. Перапісчыкі Алена Пашкова і Валянціна Ясінская працуюць з кліентамі. Сярод іх пажылая пара. Знаёмлюся: Ніна Барысаўна і Анатолій Мікалаевіч Юхімішыны. З дазволу рэспандэнтаў слухаю іх адказы на пытанні: «Нацыянальнасць?» — «Украінцы», «На якой мове размаўляеце дома?» — «На рускай і беларускай», «Ці збіраецеся пакідаць Беларусь?» — «Ні ў якім выпадку».

Абое нарадзіліся ва Украіне. Ніна на радзіму бацькі, у вёску Мядзелка, пераехала 12-гадовай дзяўчынкай, Анатолія на Варапаеўшчыну закінула тэрміновая вайсковая служба. Ім было па 20, калі пажаніліся.

— Пасля службы Толі мы паехалі на нашу радзіму, — успамінала Ніна Барысаўна. — Але дзесьці праз год нас абаіх пацягнула назад. Жыццё праляцела, праз тры гады будзем адзначаць залатое вяселле. Беларусь стала для нас роднай. Ва Украіне засталася радня. Калі ездзім у госці, то сумуем па сінявокай. Пакідаць яе не збіраемся. Вельмі любім раённую газету. Выпісваем яе даўно. Самастойна вывучылі беларускую мову і з задавальненнем чытаем прэсу.

— Найбольш актыўна перапісваюцца людзі старэйшага ўзросту, — расказвала Валянціна Ясінская. — У гэтага пакалення развіта пачуццё грамадзянскай адказнасці. Хоць на стацыянарны перапісны ўчастак дастаткова прыйсці аднаму члену сям’і і перапісаць усіх, хто пражывае разам, многія накіроўваюцца парамі. Прынцыпова падыхо­дзяць да адказаў на пытанні, узважваюць, абдумваюць. Маладыя перапісваюцца праз інтэрнэт. Але, думаю, хопіць работы і перапісчыкам. Пакватэрны абход пачнецца з 21 кастрычніка.

Стацыянарныя перапісныя ўчасткі размешчаны:
у Паставах — вул. Савецкая, 84 «А»;

у Варапаеве — вул. Ленінская, 127.
Адкрыты штодзённа з 9 да 20 гадзін.
Працуе бясплатная тэлефонная лінія па нумары 8-801-100-3131.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.