Какие изменения произошли в филиале «АТП №16 г. Глубокое» за прошедший год?

Общество

Ёсць і добрыя навіны

Мінулагодні Дзень аўтамабіліста і дарожніка на гарадскім аўтапрадпрыемстве сустракалі хутчэй з трывогай, чым з радасцю. 1 кастрычніка 2018 года адбылася сур’ёзная рэарганізацыя — АТП №17 г. Паставы стала ўчасткам філіяла «АТП №16 г. Глыбокае». 

Прайшоў год. Што за гэты час змянілася? Ці ўдалося павярнуць сітуацыю ў лепшы бок? З якім настроем калектыў сустракае сваё прафесійнае свята? Вось што расказаў Сяргей Крыштафовіч:

— Аснова асноў любога прадпрыемства — калектыў. За мінулы год ён амаль не змяніўся, па колькасці работнікаў застаўся амаль такім жа, як пасля рэарганізацыі. Сёлета на заслужаны адпачынак пайшлі вадзіцелі Багдан Буйко, які адпрацаваў на пастаўскім АТП 44 гады, і Міхаіл Дзеравянка — ён таксама шчыраваў тут больш за чатыры дзесяцігоддзі. Але ў калектыве па-ранейшаму нямала вельмі вопытных і высокапрафесійных работнікаў. Вадзіцелі Аляксандр Пушнякоў, Сяргей Бяленка, слесар па рамонце аўтамабіляў Андрэй Малікаў, механік Уладзімір Танана ў нас з канца 70-х гадоў. Больш за 30 гадоў на прадпрыемстве інжынер Мечыслаў Дабравольскі, слесар Генадзій Клянцэвіч, аператар Святлана Лантух, вадзіцелі Уладзімір Ліпніцкі, Іван Шырневіч, касір Яўгенія Півавар. Хоць ужо дасягнулі пенсійнага ўзросту, але  працягваюць працоўную дзейнасць кандуктар Ірына Ясінская і касір Галіна Лекарэвіч.

Да работы ў новых умовах адаптаваліся. Прывыклі, што апошняе слова па любым спрэчным пытанні не за намі, што большасць рашэнняў трэба ўзгадняць з кіраўніцтвам. 

Сёлета на гарадскіх маршрутах у нас з’явіліся канкурэнты, якія пусцілі свае маршруткі па ўсіх трох кірунках. Але любы бізнес мае права на існаванне. Не буду ўтойваць: на першым часе канфлікты з вадзіцелямі прыватных маршрутных таксі былі. Але з часам усё «ўстаканілася», і яны, і мы працуем роўна, без інцыдэнтаў.

Што да грузавых перавозак, шукаем дадатковыя выхады ў Расію, Еўропу. Таксама выконваем шынамантажныя работы, рамонт тэхнікі для прадпрыемстваў, арганізацый, прыватных асоб.

Але ёсць і добрыя навіны. У гэтым годзе ў нашым аўтапарку з’явіўся новы сучасны аўтобус «МАЗ-251». Ён разлічаны на 47 пасажыраў, для іх камфорту ў салоне ўстаноўлены кандыцыянер, тэлевізары, мікрахвалевая печ. Аўтобус ужо працуе на між­гародніх маршрутах.

Асабліва вялікі паток пасажыраў на Мінск і Віцебск у пятніцу і нядзелю. Ёсць ідэя праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце загадзя інфармаваць насельніцтва, калі выязджае гэты вялікі аўтобус. Яго істотная перавага перад тымі ж маршруткамі — наяўнасць вялікага багажнага аддзялення. Ды і павышаная камфортнасць у паездцы таксама многае значыць.

Нягледзячы на ўсе складанасці ў рабоце, прадпрыемства цалкам выконвае ўсе дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва ў галіне транспарту. Некаторыя нават перавыконвае.

Напярэдадні прафесійнага свята віншую калектыў і ўсіх вадзіцеляў Пастаўшчыны! Жадаю аптымізму, поспехаў у рабоце, дабрабыту ў сем’ях, зялёнага святла і роўных дарог!

Запісала Іна Сняжкова
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.