Клубу национальной кухни, игры и обряда «Традиция» исполнилось 20 лет

Главное Культура

Даўгалецця табе, «Традыцыя»!

Клубу нацыянальнай кухні, гульні і абраду — 20 гадоў. З гэтай нагоды ў пятніцу, 18 кастрычніка, у Доме рамёстваў «Стары млын» адбылося святочнае мерапрыемства. На яго былі запрошаны прадстаўнікі раённай улады, ветэраны клуба і проста нераўнадушныя да народнай культуры людзі.

Першай калектыў віншуе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская.

 — 20 гадоў — узрост росквіту, маладосці і прыгажосці, — кажа яна. — Усё гэта ўласціва вашаму аб’яднанню. Вы робіце выключна важную справу — захоўваеце традыцыі нашых продкаў і перадаяце іх маладзейшаму пакаленню. Кожнае ваша свята не толькі вясёлае, запамінальнае, але і «смачнае». Нацыянальнымі стравамі ад «Традыцыі» частуюцца самыя ганаровыя госці фестывалю. І ніхто не застаецца раўнадушным! 

Пра стварэнне «Традыцыі» расказала адна з найстарэйшых яе ўдзельніц — Людміла Чатовіч.

— Гэта быў подых часу, — распачала свой аповед Людміла Яўгеньеўна. — Клубы нацыянальнай кухні пачалі стварацца ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны і рэспублікі ў цэлым. «Традыцыя», дзейнасцю якой напачатку кіравала Ксенія Грэська, пайшла далей — пачала адраджаць мясцовыя абрады і гульні. За аснову былі ўзяты этнаграфічныя матэрыялы пра Пастаўшчыну. Мы не толькі частавалі гасцей шматлікіх свят, але і праводзі­лі для іх тэатралізаваныя праграмы. Усе яны ствараліся выключна на аснове народных традыцый. Такая форма работы на Віцебшчыне больш нідзе не практыкавалася.

Ужо ў 2003-м калектыў атрымаў званне народнага. У гэтым жа годзе змяніўся яго кіраўнік — ім стала вялікая знаўца і аматар фальклору, выдатная спявачка народных песень Ганна Балаш. Праз 10 гадоў аб’яднанне ўзначаліла маладая і творчая Вікторыя Курто. Менавіта дзякуючы яе ініцыятыве «Традыцыя» пачала займацца зборам старадаўніх рэцэптаў хлеба і караваяў. Іх у распараджэнні клуба ўжо 12.

У 2005 годзе пачалося плённае супрацоўніцтва «Традыцыі» з Цэнтрам турысцкіх паслуг і яго кіраўніком Ягорам Шушкевічам. Колькі было сумесна зроблена! Клуб быў актыўна задзейнічаны ў анімацыйных праграмах у ся­дзібе Зюзі Паазерскага ў Азёрках, іншых турыстычных праектах. Дзякуючы гэтаму пра традыцыі нашага краю даведаліся тысячы замежных гасцей.

Клуб і сам неаднойчы выяз­джаў за межы Беларусі. Напрыклад, у 2007 годзе на міжнародным фестывалі ў польскім горадзе Вэграў пастаўчане ўзнавілі вясельны абрад сваіх продкаў. Годам раней пабывалі ў Вроцлаве, дзе расказалі пра калядныя традыцыі нашага рэгіёна. А летась маладыя ўдзельнікі «Традыцыі» на чале з Вольгай Лойкай з’ездзілі ў латвійскі Рэзэкнэ на «Свята смаку». Адтуль пастаўчане прывезлі не толькі ўражанні, але і новыя навыкі — навучыліся гатаваць на калодзе.

Сёння ў калектыве «Традыцыі» 19 чалавек. Паступова ў яго дзейнасць уключаюцца новыя культработнікі. Але пра тых, якія ўжо пайшлі на заслужаны адпачынак, не забываюць.

Прыгатаваныя «Традыцыяй» стравы выклікаюць фурор на любым свяце. Парсючок з бульбы, пянькі з рэбраў з апенькамі, кошыкі з грыбамі, салодкія вясельныя бараны — асалода нават чытаць назвы! Дарэчы, клёцкі з «душамі», якія таксама часта гатуюць удзельніцы клуба, дзякуючы старанням Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра ўнесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Таксама як і абрадавая гульня «Яшчар».

Святочнае мерапрыемства падарыла прысутным шмат прыемных эмоцый. На ім былі ўручаны Падзякі ганаровым членам клуба. Іх атрымалі старэйшыя ўдзельніцы «Традыцыі» — Гераіма Танана, Ганна Балаш, Людміла Чатовіч. Памятнымі дыпломамі адзначаны Галіна Іваноўская, Тамара Маслоўская, Людміла Мелец, Марына Пусько, Марына Смулько і Алена Кашаева.

Сёлетні юбілей для калектыву ўсяго толькі нагода ненадоўга спыніцца, падвесці вынікі, абмеркаваць планы на будучыню. Іх шмат, а значыць — традыцыі жыць.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.