Коллектив и ветераны Воропаевской дистанции пути торжественно отметили 80-летие со дня ее создания

Общество

Жыццём чыгунка пралягла

Тыдзень таму калектыў  і ветэраны Варапаеўскай дыстанцыі пуці ўрачыста адзначылі 80-годдзе з дня яе стварэння.

У гарпасялковым Доме культуры гучаць інструментальная музыка і песні чыгуначнай тэматыкі. Залу запаўняюць сённяшнія і былыя работнікі дыстанцыі пуці. Радасна вітаюцца, ажыўлена абмяркоўваюць цяперашнія справы, успаміна­юць мінулае. І заціхаюць, калі на экране разгортваецца слайд-шоу пра дыстанцыю, а затым вядучая пачынае аповед пра яе. Старонкі гісторыі наступныя. Створана ў верасні 1939 года на базе былога Круляўшчызненскага аддзела пуці Вільнюскай дырэкцыі чыгункі. Першапачаткова абслугоўвала 177 кіламетраў пуці шырокай каляі і 127 — вузкай. З 1968-га па 1980 год былі перададзены для абслугоўвання ўчасткі чыгункі са станцыямі Падсвілле, Баравое, Зябкі, станцыі Параф’янава і Ветрына, у кастрычніку 1994-га — участак пуці са станцыямі Лынтупы і Гадуцішкі.

Вялікі ўрон дыстанцыі нанесены ў гады вайны. Пры адступленні немцы ўзарвалі амаль усе чыгуначныя масты, вакзалы і іншыя пабудовы. У запушчаным стане знахо­дзіліся рэйкавая, шпальная і стрэлачная гаспадаркі. У 1945 годзе тут працавала 1 140 чалавек. Такі вялікі штат спатрэбіўся для забеспячэння бяспекі руху цягнікоў. Пуцявыя абходчыкі аглядалі пуці кругласутачна, масты вартавалі таксама кругласутачна. У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя з мэтай узмацнення пуцявой гаспадаркі арганізаваны калоны па сярэднім рамонце пуці колькасцю да 150 чалавек. Рэканструяваліся і ўзводзіліся новыя пабудовы вытворчага назначэння, жылыя дамы. У 1990-я амаль цалкам абнавіўся парк пуцявых машын і аўтамабіляў.

Узгадалі гэтыя і іншыя факты з 80-гадовай гісторыі калектыву — і пачалася ўзнагародна-віншавальная цырымонія, якую па праву адкрыў начальнік дыстанцыі пуці Аляксандр Кандыбін. Кіраўнік адзначыў, што ў зале няма ніводнага выпадковага чалавека. Кожны ўнёс часцінку душы ў агульную справу. Віншуючы прысутных з юбілейнай датай, Аляксандр Юр’евіч падзякаваў усім за старанне і нераўнадушнасць, асабліва цёплыя словы адрасаваў ветэранам працы. А іх у дыстанцыі ажно 136 чалавек. Многія атрымалі граматы, сувеніры. Адчувалася, што людзей, якія аддалі рабоце на чыгунцы не адно дзесяцігоддзе, у арганізацыі паважаюць.

 

 

 

 

 

Затым слова ўзяў начальнік аддзела эксплуатацыі службы пуці Беларускай чыгункі Аляксей Віршута. Ён уручыў Ганаровыя граматы Беларускай чыгункі і Падзякі начальніка Беларускай чыгункі. Вітаючы ветэранаў і сённяшніх пуцейцаў, адзначыў, што дыстанцыяй пройдзены вялікі шлях. Пажадаў, каб юбілей стаў крыніцай сіл і натхнення для далейшага развіцця арганізацыі.

Далей адзін за адным віноўнікаў урачыстасці віншавалі з круглай датай прадстаўнікі Віцебскага аддзялення чыгункі і аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, калегі з іншых раёнаў, дзелавыя партнёры. А самадзейныя артысты культурна-спартыўнага цэнтра Віцебскага аддзялення чыгункі парадавалі добрым канцэртам.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.