Мастера из народного клуба «Рошва» научили поставских рукодельниц основам лоскутного шитья

Культура

Рабілі брошкі з абрэзкаў

На мінулым тыдні кіраўнік народнага клуба «Рошва» Полацкага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Ніна Ярмух правяла майстар-клас па абрэзкавым шыцці. Разам з ёй прыехалі ўдзельнікі клуба Ірына Мартыненка і Таццяна Курэпіна. У імправізаванай майстэрні на трэцім паверсе «Старога млына» сабраліся члены клуба «Майстры», работнікі Дома рамёстваў і аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Ніна Іосіфаўна падрабязна распавяла пра асновы і віды абрэзкавага шыцця, якія тканіны падыходзяць для гэтага рамяства, на прыкладзе намаляванай схемы патлумачыла, з чаго пачынае работу над новым вырабам.

— Абрэзкавае шыццё мае тры асноўныя напрамкі: мазаіка, аплікацыя і квілтынг. У мазаіцы ўсе дэталі сшываюцца пры дапамозе ўнутраных швоў. У аплікацыі часткі нашываюцца адна на адну ўнутранымі або знешнімі швамі. У тэхніцы квілтынгу з дапамогай ручной або машыннай сцежкі можна стварыць разнастайныя малюнкі, — расказвала Н. І. Ярмух.

Ад тэорыі перайшлі да практыкі. Па дарозе ў Паставы Ніна Іосіфаўна і яе памочніцы паспелі зрабіць арыгінальнае ўпрыгажэнне — брошку з тканіны і пацерак у тэхніцы «йо-йо». Менавіта такія ж прапанавалі зрабіць нашым рукадзельніцам. Няхітрыя рухі нажніцамі і іголкай змог паўтарыць любы жадаючы. Не прайшло і гадзіны, як брошкі былі гатовы. А колькі фантазіі праявілі майстры!

Пастаўскія майстры даведаліся шмат новага са свету абрэз­кавага шыцця. Гэтыя веды, безумоўна, спатрэбяцца ім у далейшай творчай дзейнасці. Хто ведае, можа, праз некаторы час у выставачнай зале Дома рамёстваў адкрыецца экспазіцыя работ удзельнікаў гэтага майстар-класа.

Тэкст і фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.