Медсестра 1-го военного госпиталя ОПС РБ Юлия Дисько заняла 3-е место на XIII фестивале песни «Голоса границы»

Общество

Сярод «Галасоў граніцы» і голас Юліі Дзісько

Медыцынская сястра 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Юлія Дзісько на заключным этапе XIII фестывалю песні «Галасы граніцы» ўдастоена дыплома і Кубка за 3-е месца ў намінацыі «Аўтарская песня».

— Фестываль праводзіцца раз у два гады і праходзіць у тых гарадах, дзе дыслацыруюцца воінскія часці, — расказвала культарганізатар шпіталя Юлія Запольная. Прымалі яго Мінск, Гомель, Брэст, Смаргонь, Ліда, Пінск, Гродна, Полацк і нашы Паставы. Сёлета «сталіцай» фестывалю стаў Мазыр. Ваеннаслужачыя шпіталя пастаянна ў ім удзельнічаюць. У мінулыя разы спрабавалі свае сілы ў намінацыі «Саліст-вакаліст», але прызавых месцаў не займалі. Сёлета выступалі ў «Аўтарскай песні», абараняць гонар установы даверылі Юліі Дзісько. І не прагадалі. Юля — не толькі выдатная медсястра прыёмнага аддзялення, але і творчая натура: піша вершы, кладзе іх на музыку, артыстычная.

— Удзел у фестывалі стаў важнай падзеяй у маім жыцці, — дзялілася ўражаннямі Юлія. — Не перадаць словамі, як я хвалявалася і падчас падрыхтоўкі, і на конкурсе. На яго з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх пагранічных атрадаў і застаў Беларусі. Сярод такой колькасці канкурсантаў на прызавое месца не разлічвала. Пачуўшы сваё прозвішча ў ліку прызёраў, перажыла эйфарыю. Незабыўныя, яркія эмоцыі засталіся ад кожнага моманту фестывалю, зносін з вядомымі творчымі асобамі. Ганарова было атрымліваць узнагароду з рук намесніка старшыні Дзяржаўнага пагранкамітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёра Ігара Печаня, ста­яць на адной сцэне з вядомым беларускім кампазітарам, заслужаным дзеячам мастацтваў краіны Алегам Елісеенкавым (старшыня журы), паэтам-песеннікам Алегам Жукавым, салістам групы «Сябры» Сяргеем Герасімавым, спеваком, лаўрэатам Нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алегам Сямёнавым. Бязмежна ўдзячная кіраўніцтву шпіталя, асабіста начальніку Сяргею Дзмітрыевічу Півеню, калегам-медыкам і з вакальна-інструментальнага ансамбля «Скіфы», радні, сябрам — кожнаму, хто дапамагаў мне адшліфоўваць майстэрства, пастаянна падтрымліваў і раздзяліў радасць поспеху.

Анна Анішкевіч
Фота з архіва Юліі Дзісько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.