Очередное заседание клуба «Современники» прошло в форме популярной телевизионной игры «Поле чудес»

Культура

Былі і барабан, і «Якубовіч»

Нядаўна ў раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Сучаснікі». Яно прайшло ў форме папулярнай тэлевізійнай гульні «Поле цудаў».Такую форму сустрэчы з чытачамі — членамі клуба — бібліятэкары выкарысталі ўпершыню. Яны пастараліся ва ўсіх дэталях скапіраваць любімую многімі тэлеперадачу. Зрабілі барабан з неабходнымі сектарамі, прадумалі пытанні для кожнага тура гульні, падрыхтавалі дзве шкатулкі (пустую і з прызам) для ігракоў, якія правільна назавуць тры літары запар, а таксама падарункі для ўсіх удзельнікаў. Нават дзень правядзення пасяджэння — пятніцу — выбралі зыходзячы з эфіру «Поля цудаў». Ролю яго вядучага выконвала Валянціна Гірвель, а ў якасці памочніцы выступіла Наталля Балошка.

Пачалася сустрэча з аповеду пра гісторыю праграмы, якая была створана ў далёкім 1990 годзе журналістамі Уладзіславам Лісцевым і Анатоліем Лысенкам. Валянціна Уладзіміраўна расказала прысутным, як узнікла ідэя тэлеперадачы, адкуль пайшла яе назва, хто быў першым вядучым капітал-шоу і як ім стаў Леанід Якубовіч. А затым папрасіла ўсіх прысутных засяродзіцца і настроіцца на забаўляльнае шоу, абвясціўшы, што яно будзе прысвечана тэме «Дары нашых садоў і агародаў».

Пасля знаёмства з правіламі гульні адбыўся адборачны тур, які і вызначыў першую тройку ігракоў. Пытанні ў ім былі не з лёгкіх. Хто, напрыклад, ведае, што даўней гультаёў называлі гарохам, а куст агрэсту — бярсенем? Або каму вядома, у што ператварыліся слёзы фракійскага цара Лікурга, якога бог Дзіяніс жорстка збіў вінаграднымі лозамі? Тым не менш такія знаўцы знайшліся. Яны занялі свае месцы за барабанам і вельмі хутка адгадалі, назва якой агародніны перакладаецца з кітайскай мовы як «далоні Буды».

Аналагічным чынам прайшлі яшчэ два туры. У працэсе іх вядучая распытвала ігракоў пра любімую гародніну, прасіла падзяліцца рэцэптамі яе прыгатавання і інш., расказвала пра карысць агародніны і садавіны, колькі і ў якім выглядзе іх рэкамендуецца спажываць. Удзельнікі ахвотна раскрывалі свае кулінарныя сакрэты, з азартам адгадвалі закрытыя словы. Не сумавалі і гледачы: для іх была арганізавана асобная гульня з прызамі за правільныя адказы. У перапынках паміж турамі прысутныя чыталі вершы на тэму, з інтарэсам гля­дзелі відэаролікі пра незвычайныя эксперыменты прыроды з дарамі агародаў, мастацтва карвінгу, а таксама невялікую пастаноўку бібліятэкараў.

Што да пераможцы «Поля цудаў», то ім стала Галіна Іванаўна Малько. На набраныя ачкі яна змагла выбраць розных прыпраў для хатніх нарыхтовак. А выйграўшы затым яшчэ і супергульню, стала ўладальніцай суперпрыза — набору расчосак, пазначанага як «фен з насадкамі».

Усе ўдзельнікі пасяджэння засталіся ў захапленні ад «Поля цудаў», якое завяршылася чаяпіццем за салодкім сталом. Разыходзячыся, яны дзякавалі бібліятэкарам за цікавае і пазнавальнае шоу з на­дзеяй на новую, не менш цікавую, сустрэчу.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.