«Поставы-ПМЦ»—»ФК» Глубокое — 1: 5

Спорт

Згулялі ў сваю сілу«Паставы-ПМЦ»—ФК «Глыбокае»  — 1:5

У заключным туры папярэдняга раўнда абедзве каманды ўжо не рашалі турнірных задач. Пастаўчане пры любым зыходзе матча не маглі падняцца вышэй за 10-е выніковае месца сярод 14 каманд, але хацелі завяршыць сезон на прыемнай ноце, нягледзячы на тое, што адсутнічалі 7 асноўных футбалістаў. Глыбачане правялі сустрэчу ў поўную сілу і разглядалі яе як важны этап падрыхтоўкі да барацьбы ў чвэрцьфінале першынства. У першым тайме на полі была роўная барацьба, хоць наша каманда больш гуляла ад абароны.

У арсенале глыбачан ёсць грозная зброя: многія ігракі ўмеюць моцна прабіваць здалёк. Менавіта такім чынам на 10-й хвіліне адкрыў лік Юрый Жынгель, а потым моцны ўдар ветэрана Андрэя Шарабайкі прыйшоўся ў перакладзіну. Контратакам пастаўчан не хапала заключнай выверанай перадачы пад удар.

Пасля перапынку характар барацьбы змяніўся: нашы юнакі стаміліся, не паспявалі за перамяшчэннямі саперніка. Неўзабаве пасля фланговай атакі нападаючы глыбачан Уладзімір Брылёнак адправіў мяч у сетку, а іх капітан Арцём Жыгулёўцаў яшчэ двойчы вызначыўся магутнымі ўдарамі пад перакладзіну.

У безнадзейнай сітуацыі наша каманда правяла імклівую контратаку — і Дзяніс Казлоў скараціў розніцу ў ліку. Як і ў папярэднім матчы гэтых каманд, канчатковую кропку паставіў бамбардзір гасцей Віталь Смалякоў, які зарабіў пенальці і сам яго рэалізаваў.

У гэтай сустрэчы за пастаўчан згулялі: Кандрашонак, Алейнікаў, Цітовіч, Голубеў, У. Дубін, Давідоўскі (Хмельнік), Карага (к), Д. Зелянкевіч, Гіль, Пурлан (Хараў), Казлоў. Пасля паядынку галоўны трэнер Васіль Грантоўскі адзначыў, што наша маладая каманда згуляла ў чэмпіянаце вобласці ў сваю сілу, у параўнанні з мінулым сезонам прыбавіла, а для больш паспяховых выступленняў неабходна ўзмацніць яе склад некалькімі вопытнымі ігракамі.

У 18-м туры астатнія матчы завяршыліся так: «Дзвіна» (Верхнядзвінск)—ФК «Міёры» —1:4, «Полацк-2019»—ФК «Лепель» — 6:2, «Славянскі Велес» (Віцебск)—«Дзецкасельскі» (Гарадок) — 3:7, ФК «Сянно»— «Ніва» (Талачын) — 3:0, «Газавік» (Віцебск)—«Днепр» (Дуброўна)  — 3:0, ФК «Чашнікі»—«Мясакамбінат» (Орша)  — 1:9. Барацьбу за медалі ў чвэрцьфінале прадоўжаць пары: ФК «Міёры» —«Дзецкасельскі», ФК «Сянно» —«Полацк-2019», ФК «Глыбокае» —«Газавік», «Мясакамбінат»—ФК «Лепель».

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.