В г.п. Воропаево открылся новый магазин «Натуральные продукты» ОАО «Новосёлки-Лучай»

Важное Общество

«Натуральныя прадукты» – у Варапаеве

Гандлёвая сетка гарадскога пасёлка Варапаева нядаўна папоўнілася яшчэ адным магазінам — «Натуральныя прадукты» ААТ «Навасёлкі-Лучай».

У гэтым будынку некалі было гарпасялковае аддзяленне міліцыі. Калі яго закрылі, будынак доўгі час пуставаў, затым быў выстаўлены на продаж. Кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай» прыгледзела яго і купіла з аўкцыёну. Члены будаўнічай брыгады гаспадаркі пад кіраўніцтвам прараба Аляксандра Касцюка аператыўна зрабілі ўнутраны рамонт, паклалі плітку каля будынка, абсталявалі стаянку для аўтатранспарту. Адну залу памяшкання адвялі пад магазін. Другую будуць здаваць у арэнду для правядзення розных мерапрыемстваў.

Да моманту адкрыцця магазіна каля яго сабраліся пасялкоўцы. Да іх звярнуўся намеснік дырэктара гаспадаркі Славамір Шапель:

— Гэта чацвёртае месца, дзе будзе прадавацца мясная прадукцыя нашай вытворчасці, — гаварыў Славамір Генрыхавіч. — Дзве кропкі працуюць у райцэнтры: у мікрараёне 5 гарадка і на рынку «Гарызонт» , адна — у Навасёлках. Прыйшоўшы сюды, можна набыць не толькі свежае і якаснае мяса, але і вырабы Глыбоцкага і Віцебскага мясакамбінатаў, куды мы пастаўляем жывёлу. Ёсць у продажы і спадарожныя тавары: хлеб, макарона, мука, соль, цукар і многае іншае. У сувязі з адкрыццём магазіна працаўладкаваны два чалавекі — прадаўцы Дар’я Кухальская і Таццяна Місун.

Перад уваходам у гандлёвую залу была магчымасць прадэгуставаць вараныя каўбаскі вытворчасці ААТ «Навасёлкі-Лучай» , салёнае сала, выпіць шампанскага. Але большасць пакупнікоў спяшаліся да вітрын. Скажу шчыра: такіх чэргаў я не бачыла даўно. І практычна ўсе пакупнікі пакідалі краму з навасёлкаўскімі пачастункамі. На выхадзе з магазіна пацікавілася ўражаннямі варапаеўцаў. Вось некаторыя з іх:

— Шырокі выбар тавараў. Асабіста мяне цікавілі мясныя вырабы: паляндвіца, выразка, супавыя, ліверныя наборы. Усё свежае, якаснае.

— Ахалоджаныя мясныя вырабы ў Варапаеве да гэтага часу можна было купіць толькі ў «Дабраноме». Але тут, напэўна, свяжэйшыя — ад Навасёлак да Варапаева лічаныя кіламетры. Прадаўцы сказалі, што завоз будзе ажыццяўляцца штодня.

— Цэны даступныя. Пакуль нічога не купіла, бо шмат людзей. Жыву побач, падыду пазней — няхай чарга паменшыцца.

— Часта даводзілася назіраць за будаўнікамі: рабілі хутка, акуратна. Магазін здадзены ў кароткі тэрмін, адпавядае сучасным патрабаванням.

— Мы прыехалі на веласіпедах з мікрараёна завода жалезабетонных вырабаў. Вось бы такі магазін адкрылі ў нас!

— Навасёлкаўскія прысмакі ацанілі даўно. Бываючы ў Паставах, заўсёды набывалі каўбаскі, фарш, свежае і салёнае сала. Ды і чаму ж іх не любіць? Сыравіна натуральная, якасць высокая, асартымент разнастайны, цэны на любы кашалёк!

— Будзем старацца працаваць так, каб пакупнік, прыйшоўшы ў наш магазін, набыў тут усё неабходнае, пакінуў яго ў добрым настроі і на наступны дзень або праз два-тры зноў завітаў сюды, — заверыў дырэктар ААТ « Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.