В начале октября работники филиала «ДЭУ-33» сдали в эксплуатацию новую дорогу в Стародворском лесничестве

Общество

Утрымліваюць, рамантуюць і будуюць

З добрым настроем сустракаюць сваё прафесійнае свята работнікі філіяла «ДЭУ-33» РУП «Віцебскаўтадар»: у першай палове кастрычніка яны здалі ў эксплуатацыю важны аб’ект — дарогу лесагаспадарчага назначэння ў Старадворскім лясніцтве.

— Найпершая задача дарожнікаў, вядома, — утрыманне дарог у бяспечным стане, забеспячэнне на іх бесперабойнага руху транспарту, — гаварыў начальнік ДЭУ-33 Алег Крукоўскі. — Сёлета вырашылі паспрабаваць свае сілы ў будаўніцтве і сталі першапраходцамі — да нас у «Віцебскаўтадары» гэтым ніхто ніколі не займаўся. Выйгралі тэндар і ў канцы сакавіка з галоўным інжынерам Мікалаем Цехановічам і начальнікам лінейнай дарожнай дыстанцыі №331 Сяргеем Буйко адправіліся на аб’ект у Старадворскім лясніцтве, дзе павінны былі прыступіць да будаўніцтва дарогі лесагаспадарчага назначэння даўжынёй больш за 7,5 кіламетра. Што ўбачылі? Прасеку з мноствам пнёў сярод балота. Прызнаюся: пачуццё страху агарнула кожнага. Згодна з дагаворам, дарогу трэба было здаць у эксплуатацыю літаральна праз паўгода. Асабіста мне ўпэўненасці прыдавала тое, што я ніколькі не сумняваўся ў высокай кваліфікацыі як спецыялістаў, так і машыністаў пагрузчыкаў, бульдозераў, экскаватараў, вадзіцеляў ДЭУ.

— Работы вяліся ў экстрэмальных умовах, — працягваў Сяргей Буйко. — Мясцовасць балоцістая і тарфяністая. Спачатку карчавалі і вывозілі пні, раўнялі ўчастак, затым прыступілі да насыпання палатна. На дапамогу была прыцягнута тэхніка з віцебскіх ДЭУ-36 і -31. Будаўніцтва вялі ад пачатку дарогі і з канца — ішлі насустрач.

Толькі прафесіяналізм выручаў экскаватаршчыка Алега Шыляя, машыністаў пагрузчыкаў Віталія Гінько, Аляксандра Аўсюка, Часлава Жыдкага. Дарэчы, Часлаў Пятровіч выканаў найбольшы аб’ём работ — ён выраўняў і прывёў у належны стан амаль 5 кіламетраў дарогі. Зрабіў гэта вельмі акуратна. На падсыпку зямельнага палатна прывезлі больш за 110 тысяч тон пяску. Шчэбнева-гравійна-пясчаную сумесь ва­дзіцелі Павел Залатускі, Дзмітрый Януш, Віктар Буцневіч, Андрэй Паўленка, Дзяніс Антаневіч, Віктар Атрахімовіч вазілі за 66 кіламетраў, з кар’ера Буцілаўшчына, што недалёка ад Круляўшчызны. Яе спатрэбілася 16,2 тысячы тон. Стараліся машыністы аўтагрэйдараў Аляксандр Мычко і Браніслаў Вярцінскі. Яны ж укатвалі дарожнае палатно. Вадзіцель Яўгеній Волк удала сумяшчаў свае асноўныя абавязкі з нанясеннем разметкі, устаноўкай знакаў.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.