В Поставах и других населенных пунктах района в рамках проведения субботника появились новые аллеи

Важное Общество

Новыя алеі з’явіліся ў райцэнтры і іншых населеных пунктах Пастаўшчыны ў рамках правядзення суботніка.

Раён новабудоўляў у мікрараёне 5 гарадка паступова добраўпарадкоўваецца. Вялікая ўвага надаецца азеляненню тэрыторыі — кожны год тут высаджваюцца маладыя дрэўцы. Праўда, некаторыя з іх па розных прычынах не прыжываюцца. Таму ў мінулую пятніцу каля дома №32 «А» было ажыўлена. З лапатамі прыехалі работнікі Пастаўскага раёна газазабеспячэння Станіслаў Клямята, Аляксей Пятроў, Аляксей Счасны, Антон Літвіновіч, Аляксандр Громаў, Ульяна Ясінская, Вольга Антух. Ляснічы Груздаўскага лясніцтва Віталій Альхімёнак прывёз саджанцы бярозы, клёна, дуба.

— Сам жыву ў гэтым доме і часам бачу, як нішчацца дрэўцы, — расказваў Віталій. — Асабліва зімой, калі дзеці лепяць снегавіка і, каб зрабіць яму «рукі», ламаюць маладыя саджанцы. Выходжу, тлумачу, што прыроду трэба берагчы. Але гэтаму абавязаны вучыць і бацькі. Тое, што знішчылася, адновім з дапамогай валанцёраў, актывістаў, неабыякавых да свайго горада. Сёння будуць высаджаны 20 дрэўцаў. Вядома, патрэбны час, каб зашумела алея. Але ён прыйдзе. Дрэвы бу­дуць ахоўваць ад шуму з цэнтральнай дарогі на Юнькі, затрымліваць пыл.

— Па ініцыятыве Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у краіне праходзіць акцыя па азеляненні тэрыторый населеных пунктаў, — патлумачыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Лысёнак. —  Акцыя прымеркавана да Года малой радзімы. Яе мэта — папаўненне зялёных насаджэнняў, захаванне прыроды, пасадка і догляд дрэў і іншых насаджэнняў, экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва. Адклікнуліся на яе і актывісты БРСМ, жыхары Пастаўшчыны. Плануецца высадзіць больш за 400 дрэўцаў: 60 з іх — у Лынтупскім сельсавеце, 40 — у Юнькаўскім, па 30 — у Камайскім і Курапольскім, у астатніх — па 20. У райцэнтры азеляненне праводзіцца на вуліцах, на якіх узводзяцца новыя дамы: Зялёнай, Міру, часткова на Юбілейнай. Вучні і настаўнікі СШ №3 унеслі свой уклад у азеляненне тэрыторыі ля новабудоўляў у 6 гарадку. Пастараліся і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі — яны былі задзейнічаны на некалькіх пляцоўках. Дарожнікі філіяла «ДЭУ-33» пасадзілі дрэўцы каля аўтобусных прыпынкаў на 11-кіламетроўцы і ўздоўж аўтамабільнай стаянкі каля кафэ «Салаўіны гай».

У Казлоўшчынскім сельсавеце азеляненнем займаюцца ў асноўным вучні, настаўнікі Навадруцкай базавай школы і работнікі сельвыканкама. «Вясной каля Эйфелевай вежы пасадзілі 26 туй, — расказвала старшыня сельскага Савета Ірына Кукоўская. — Падчас асенняй экалагічнай акцыі абнавілі Алею маці, якую заклалі гадоў 10 назад. Тут растуць рабіны. Некаторыя дрэўцы зламалі нядобрасумленныя людзі або жывёла, і на іх месцы вучні ра­зам са сваімі мамамі сёлета пасадзілі маладзенькія рабінкі».

У суботу давялося пабываць на вуліцах Будаўнікоў і Міру ў райцэнтры. Каля многіх новабудоўляў ішла пасадка маладых яблынек, туй, іншых дэкаратыўных насаджэнняў. Некаторыя пастаўчане працавалі сем’ямі. Наступіць вясна — і маладыя дрэўцы пойдуць у рост, зашапацяць зялёным лісцем, будуць радаваць гаспадароў.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.