Волейбол: СДЮШОР ВК «Минск» – «Атлант» (Поставы) — 0:3

Спорт

Мацней – у канцоўках

СДЮШАР ВК «Мінск»–«Атлант» (Паставы) – 0:3

1 тур. 0:3 (17:25; 23:25; 22:25).

Новая формула правядзення нацыянальнага першынства, калі ў туры праходзіць адна гульня замест дзвюх, прымусіла каманды-ўдзельніцы больш сур’ёзна рыхтавацца да кожнай сустрэчы. Пастаўчане за некалькі дзён да паядынку з’ездзілі ў сталіцу і правялі там кантрольны паядынак, праўда, з іншым сапернікам — сталічным РДВАР. Аднак у пачатку афіцыйнай сустрэчы на пляцоўцы адчувалася хваляванне абодвух клубаў. Першымі наладзілі сваю гульню маладыя мінчане і былі наперадзе з адрывам у 3-4 мячы.

Пералом адбыўся ў сярэ­дзіне партыі. Наша стартавая шасцёрка на чале з новым капітанам і распасоўшчыкам У. Юзвовічам — П. Дзеравянка, П. Марцінкевіч, А. Русак, А. Казлоўскі, М. Іваноў, лібера А. Літвіновіч — супакоілася, наладзіла прыём мяча і пераканаўча выйграла стартавы сэт. Аднак гаспадары з такім развіццём падзей не пагадзіліся. У другой партыі мінчане ўзмацнілі падачу і гульню ў абароне, зноў завалодалі ініцыятывай. У няпростай сітуацыі надзейна згуляў на прыёме Андрэй Русак, а ў рашаючы момант дапамог большы вопыт пастаўчан на такім узроўні. У нашай каманды пайшла хуткая гульня першым тэмпам, нягледзячы на адсутнасць аднаго з лідараў — кандыдата ў майстры спорту Віталя Варанца.

Вельмі добра сябе праявілі Павел Дзеравянка і Максім Іваноў, яны набралі шмат важных ачкоў. Таксама ўдала выйшаў на замену дыяганальны нападаючы Дзмітрый Аксёненка, у арсенале якога ёсць вельмі складаныя для прыёму падачы. У выніку пастаўчане ў канцоўках дзвюх наступных партый згулялі без памылак і атрымалі заслужаную перамогу.

У гэтым туры ў Оршы мясцовы «Узлёт» вёў па партыях 2:0, аднак валявую перамогу (2:3) атрымаў «Камунальнік-ГДУ» (Гродна). Наш наступны сапернік, РДВАР-2003 (Мінск), пераканаўча, з лікам 3:0, перамог «Энергію-2» (Гомель), а яшчэ адзін гомельскі клуб, «Бумпрам», тур прапускаў.

У суботу, 12 кастрычніка, пастаўчане дома памераюцца сіламі з базавай камандай маладзёжнай зборнай Беларусі, якая вясной нядрэнна згуляла на чэмпіянаце Еўропы.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.