XXIX чемпионат Беларуси по волейболу: «Атлант» (Поставы)–«РГУОР-2003» (Минск) – 2:3

Спорт

Вопыт супраць маладосці

«Атлант» (Паставы)–«РДВАР-2003» (Мінск) – 2:3

2 тур. 2:3 (25:23; 18:25; 25:23; 18:25; 12:15).

Гэты феерычны матч трымаў у напружанні шматлікіх гледачоў на ФАКу амаль дзве з паловай гадзіны. Пастаўчане ведалі, што ім давядзецца згуляць з моцным сапернікам, бо перад стартам у першынстве яны правялі з ім у Мінску кантрольны трэніровачны паядынак. У наш горад маладыя мінчане — базавы клуб маладзёжнай зборнай Беларусі — прыехалі загадзя, каб правесці сур’ёзную перадматчавую трэніроўку. Нягле­дзячы на маладосць, сталічныя ігракі ўжо сталі кандыдатамі ў майстры спорту за ўдалыя выступленні на чэмпіянаце Еўропы (U-17). У іх актыве — перамогі над зборнымі Грэцыі, Чарнагорыі, Аўстрыі і нават Расіі. На еўрапейскім першынстве яны прабіліся ў фінал, дзе занялі 7-е месца.

На іх фоне пастаўчане выглядалі таксама нядрэнна. Аматары валейбола атрымалі задавальненне ад захапляльнай гульні. Абедзве каманды аказаліся годнымі адна адной, па чарзе выходзілі наперад. У складзе гаспадароў бліскуча згуляў вопытны распасоўшчык Уладзімір Юзвовіч, які ў пачатку сустрэчы адной рукой аддаў выніковую перадачу. Госці лепш выглядалі на блоку і перыядычна выбівалі нашу каманду з прыёму складанымі падачамі. У першай партыі пры ліку 23:23 дыяганальны пастаўчан Андрэй Казлоўскі зарабіў важнае ачко таксама эйсам, а затым удала атакаваў і вывеў «Атлант» наперад.

У другім сэце развіць поспех не атрымалася. Гаспадары як аддалі мінчанам у пачатку ініцыятыву, так і не здолелі да іх наблізіцца. З новай сілай успыхнула барацьба ў трэцяй партыі, калі ў пастаўчан лідарам на пляцоўцы стаў кандыдат у майстры спорту Віталь Варанец. Яго было не стрымаць у атаках першым тэмпам, над сеткай ён таксама дзейнічаў надзейна, і гаспадары зноў выйшлі наперад. Усе ўзрадаваліся, калі ў наступным сэце нашы адарваліся ад мінчан і вялі з лікам 11:8.

Аднак, на жаль, пасля тайм-аўта саперніка ў гульні пастаўчан адбыўся правал. Яны сталі памыляцца, аддалі мінчанам шэсць мячоў запар, а лёс барацьбы вырашыўся ў пятай, скарочанай, партыі. У ёй большы запас сіл і псіхалагічнай устойлівасці аказаўся ў гасцей. Мінчане ў канцоўцы згулялі мацней і вырвалі перамогу, а наша каманда задаволілася адным набраным ачком.

У гэтым туры леташні чэмпіён, гомельскі «Бумпрам», стартаваў з перамогі (3:0) над «Узлётам» (Орша), а гродзенскі «Камунальнік-ГДУ» быў мацнейшы (3:0) за выхаванцаў СДЮШАР ВК «Мінск». Напрыканцы месяца пастаўчане згуляюць у Гомелі супраць «Энергіі-2», а 9 лістапада — дома з гродзенцамі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.