26-летний поставчанин приговорен к полутора годам лишения свободы за уклонение от срочной военной службы

Безопасность

У армію альбо ў турму?

У раённым ваенным камісарыяце адбылося выязное пасяджэнне суда па крымінальнай справе аб ухіленні ад мерапрыемстваў прызыву на ваенную службу. Падсудны — 26-гадовы ўраджэнец Пастаў. Павучыцца на яго памылках запрасілі прызыўнікоў бягучай прызыўной кампаніі.

Па іроніі лёсу Уладзімір (імя зменена) — адзіны сын ваеннага пенсіянера, у школьныя гады і сам марыў пра зоркі на пагонах. Пасля няўдалай спробы пасту­піць у Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж атрымаў адукацыю ў мясцовым каледжы. Потым быў залічаны ў камерцыйную ВНУ краіны, але правучыўся ў ёй толькі адзін семестр — не знайшлося грошай на далейшую вучобу. Жыў у Мінску. Падчас мінулай прызыўной кампаніі прайшоў медкамісію, якая прызнала яго прыгодным для службы ў арміі, аднак у шэрагі ваеннаслужачых Уладзімір так і не трапіў. Што паслужыла таму прычынай — высвятляў суд.

Пракурор Пастаўскага раёна Ігар Валынец абвясціў абвінавачванне і прывёў доказы па справе. Уладзімір віну прызнаў цалкам. Патлумачыў, што яго былая жонка, дарэчы, з якой ён зноў жыве разам, нідзе не працуе і разам з непаўналетняй дачкой (дзяўчынцы хутка споўніцца 5 гадоў) знаходзіцца на яго ўтрыманні.

— Для мяне ў прыярытэце сям’я, таму я вырашыў не ісці ў армію, а на летні сезон уладкавацца ў маскоўскі яхт-клуб. Пра што і паведаміў начальніку групы прызыву на ваенную службу. Ён адказаў: «Гэта ваша права», — гаварыў у сваё апраўданне падсудны. — У Расіі я знаходзіўся з мая да сярэдзіны жніўня. Увесь гэты час з роднымі зносін не меў.

Тое, што быў папярэджаны аб нежаданні прызыўніка праходзіць тэрміновую ваенную службу, пацвер­дзіў і Валерый Баравік, які выступаў у якасці сведкі.    

— 26 красавіка бягучага года Ула­дзімір, яго маці і былая жонка прыйшлі ў ваенкамат, каб паставіць перад фактам, што служыць малады чалавек не збіраецца. Спасылаліся на тое, што яму трэба карміць дзіця. Гаварыла ў асноўным маці прызыўніка, ён выступаў у якасці статыста, — даваў паказанні Валерый Іосіфавіч. — Імкненне не пакідаць сям’ю без грашовай падтрымкі зразумелае, таму я прапанаваў Уладзіміру ўладкавацца на службу па кантракце: застаўся б у сям’і і атрымліваў бы нядрэнную зарплату. Але, як потым даведаўся, ён з’ездзіў у адну воінскую часць, дзе яму адмовілі, і на гэтым пошукі месца службы завяршыліся.

Таксама ў якасці сведак былі дапытаны ўчастковы інспектар аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Ян Баліцкі, былая жонка і маці падсуднага. Пазіцыя жанчын непрыемна ўразіла. Заключаецца яна ў тым, што дзяржава павінна ім даць усё, а ўзамен не атрымаць нічога. Мяркуйце самі. Жонка Уладзіміра мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Дызайнер сайтаў і рэкламы». Пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася на працу, але доўга на ёй не затрымалася — не задаволіла заработная плата. Яно і зразумела: куды прасцей сядзець дома і наракаць, што не маеш за што жыць. У маці маладога чалавека прэтэнзій да дзяржавы яшчэ больш. Калі паслухаць жанчыну, то ў бедах яе сына вінаваты дэпутаты парламента. А менавіта: не прынялі закон, які б забараняў забіраць карміцеля сям’і ў армію, ці такі, які б прадугледжваў дзяржаўную дапамогу на выхаванне непаўналетняга дзіцяці салдата тэрміновай службы. Сама яна падтрымліваць у фінансавым плане ўнучку не можа і не жадае — «яго сям’я, няхай сам яе і ўтрымлівае».

А што сам Уладзімір зрабіў для сваёй краіны як грамадзянін? Амаль нічога. Па размеркаванні не працаваў, у арміі не служыў. Спачатку ў яго была адтэрміноўка ад службы на атрыманне вышэйшай адукацыі, якую ён так і не набыў, потым — па сямейных абставінах. Наступныя два гады знаходзіўся ў працяглым вышуку, бо нідзе афіцыйна не быў працаўладкаваны, з-за чаго ваенкамат не мог устанавіць месца знаходжання прызыўніка. Калі нарэшце адшукалі — з’ехаў у Маскву.

Суддзя Наталля Максімовіч прызнала падсуднага вінаватым і назначыла яму паўтара года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на год. Таксама яму неабходна ў вольны ад асноўнай работы час выканаць грамадска карысныя работы ў аб’ёме 80 гадзін і заплаціць на працягу 6 месяцаў у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 80 базавых велічынь (2 тысячы 40 рублёў).

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.