1 ноября завершилась республиканская акция «За безопасность вместе». Рейды по семьям Поставщины

Общество

Бяспечна не ўсюды

1 лістапада завяршылася рэспубліканская акцыя «За бяспеку разам». На працягу двух тыдняў аглядныя камісіі па ўсёй краіне наведвалі жылыя будынкі і правяралі, ці ўсе іх гаспадары выконваюць правілы пажарнай бяспекі. Нямала рэйдаў адбылося і на Пастаўшчыне. У адзін з іх 28 кастрычніка адправіўся і карэспандэнт «ПК».

У склад агляднай ка­мі­сіі ўвайшлі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч,  начальнік змены райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Хілевіч і начальнік ЖЭУ Аляксандр Касаткін. У той дзень яны наведалі 11 кватэр і прыватных дамоў у Паставах. У цэнтры ўвагі спецыялістаў былі шматдзетныя сем’і і сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Камісія аглядала печкі, абсталяванне для газавага ацяплення, электраправодку, правярала наяў­насць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, звяртала ўвагу на стан водаправода, падвальных памяшканняў. Таксама было пракантралявана, каб маленькія дзеці не мелі доступу да запалак, цыгарэт, медпрэпаратаў.

— Раней гэтым бацькам быў зроблены шэраг заўваг, і падчас рэйду мы праверылі, выправілася хоць неяк становішча ці не, — адзначыла Марына Нагановіч. — Можна канстатаваць, што ў большасці выпадкаў сітуацыя змянілася да лепшага: падрамантаваны печкі, зроблены разеткі, схаваны правады. Адна шматдзетная сям’я наогул мяне здзівіла — не толькі падправіла печку, але і ліквідавала цечу ў кране, нарэшце падключыла да пліты газавы балон. І дома парадак, і на стале ёсць што дзецям паесці.

Але, на жаль, нагода для аптымізму ёсць далёка не ў кожнай сям’і, да якой завітала камісія. Беспарадак, антысанітарыя, аголеныя правады, няспраўныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (ці іх адсут­насць) — вось толькі невялікі пералік парушэнняў, па якіх у той дзень зроблены заўвагі нядбайным гаспадарам.

— Паўплываць на дарослых, у доме якіх пастаянны бардак, вельмі цяжка, — працягвала Марына Паўлаўна. —  Напэўна, гэта імкненне жыць у поўнай антысанітарыі закладзена дзесьці на генетычным узроўні. Папракнуць боль­шасць людзей у недахопе грашовых сродкаў я не магу: дома ў іх планшэты, вадкакрысталічныя тэлевізары, ноўтбукі, бытавая тэхніка. Але ў якім гэта стане — плакаць хочацца.

Амаль па кожным адрасе ў час рэйду быў мужчына. Аднак гаспадаром нікога з іх не назавеш.

Юрый Т. сустрэў нас у прыватным доме па вуліцы Кляра. Жонка тым часам знаходзілася ў бальніцы — у сям’і чакаюць нараджэння пятага дзіцяці. У пакоі не зай­сці — усё параскідана, бруд на кожным кроку. Мужчыну нагадалі: неабходна цалкам замяніць электраправодку. Шматлікія падаўжальнікі праз усе пакоі яшчэ больш насцярожылі камісію.

— Сям’я мела магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы, аднак скарысталася ёй бяздумна. Таму па-ранейшаму жыве ў больш чым сціплых умовах, — гаварыла Марына Нагановіч.

Падчас рэйду была агучана сумная лічба: за 10 месяцаў 2019 года 40 дзяцей з 19 сем’яў прызнаны маючымі патрэбу ў абароне дзяржавы і адабраны ў баць­коў. Выезд камісіі ў чарговы раз пацвердзіў: не ўсе баць­кі гатовы выпраўляцца і па-ранейшаму падвярга­юць бяспецы жыцці малых. На жаль, ёсць падставы гаварыць, што колькасць забраных з сем’яў дзяцей да канца года павялічыцца.

Рэйды былі арганізаваны не толькі па горадзе. У рамках акцыі «За бяспеку разам» супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у складзе аглядных камісій наведалі домаўладанні ў Ярэўскім, Варапаеўскім, Дунілавіцкім і іншых сельсаветах. Праводзіў РАНС і індывідуальныя прафілактычныя мерапрыемствы. Дарэчы, шматіх ладзіцца і незалежна ад правядзення рэспубліканскіх акцый.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.