Служим Закону, Народу, Отечеству: 80-летие Поставского РОВД

Правовое поле

Служым Закону, Народу, Айчыне

Менавіта гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Толькі людзі ў пагонах ведаюць, які глыбокі сэнс у іх укладзены.

Падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 80-годдзю Пастаўскага РАУС, гэты дэвіз прагучаў неаднойчы. Ім у сваёй службе кіраваліся ветэраны міліцыі, якія ў вялікай колькасці прыйшлі на свята, яго прытрымліваюцца цяперашнія супрацоўнікі — як вопытныя, так і маладыя. А таму работа аддзела высока ацэньваецца кіраўніцтвам вобласці і ў пастаўскіх міліцыянераў такі вялікі ўраджай узнагарод.

Святкаванне юбілею адбылося ў раённым Доме культуры 1 лістапада. Яго зала была перапоўнена ўжо ў 11 гадзін — тут прайшоў выязны дзень адчыненых дзярэй Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. На мерапрыемства былі запрошаны школьнікі старэйшых класаў з гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі Пастаўшчыны.

Якія ўмовы неабходна выканаць, каб стаць курсантам Магілёўскага інстытута МУС ці Акадэміі МУС Беларусі? Якія там існуюць факультэты і спецыялізацыі? Ці высокі конкурс і прахадныя балы на іх былі летась? На гэтыя і іншыя пытанні спецыялісты далі вычарпальныя адказы. 

Святочны настрой стварыла выступленне гурта «Северозапад». Уразілі і паказальныя выступленні Віцебскага атрада міліцыі асобага назначэння і арганізаваная імі ў фае выстава ўзбраення. Завяршылася мерапрыемства на пляцоўцы перад РДК, дзе пастаўскія міліцыянеры прадэманстравалі, як з сабакам затрымліваюць умоўнага злачынца.

У 15 гадзін у гэтай жа зале сабраўся ўвесь асабовы склад райаддзела, ветэраны пастаўскай міліцыі, шматлікія ганаровыя госці. Адным з першых на сцэну падняўся начальнік Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Міхаіл Грыб. Падзякаваўшы за арганізацыю ўрачыстасці, ён адзначыў:

— 80 гадоў пастаўскія супрацоўнікі РАУС добрасумленна нясуць сваю службу, ахвяруючы здароўем, уласным часам. Сваю адданасць прафесіі, любоў да Айчыны яны даказалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу ўсёй гісторыі міліцыянеры змагаліся і змагаюцца за правапарадак у грамадстве і дзяржаве. Штодня яны клапоцяцца, каб грамадзяне спакойна жылі, працавалі, гадавалі дзяцей, у поўнай бяспецы гулялі па вечарах, на масавых святах.

З юбілеем калектыў райаддзела павіншаваў і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён звярнуўся да ветэранаў і падзякаваў ім за шматгадовую працу, уменне знаходзіць правільныя рашэнні і кампрамісы. 

 Сярод ганаровых гасцей свята таксама былі і кіраўнікі аддзелаў і службаў, з якімі РАУС даўно і плённа супрацоўнічае: ваенны камісар Пастаўскага раёна Мікалай Кулік, начальнік райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чатовіч, начальнік Пастаўскага РАНС Аляксей Кісель. Яны таксама ўручылі супрацоўнікам РАУС шэраг узнагарод — памятныя і юбілейныя медалі, граматы, падзякі.

Завяршылася ўрачыстаць канцэртам. Свае творчыя нумары падарылі раённы маладзёжны ваенна-спартыўны клуб «Азімут», узорная цыркавая студыя «Каскад», спявак з Мінска Сяргей Наско, іншыя выканаўцы.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.