Растуць будынкі як грыбы
Будаўніцтва малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Волахі распачалося летась у канцы лістапада. За год у рад тут выраслі даільна-малочны блок, будынак для сухастойных кароў, прафілакторый і кароўнік на 320 галоў, з’явіліся інжынерныя сеткі. Здача першай чаргі запланавана да канца бягучага года.
Зараз на аб’екце шчыруюць брыгады муляраў, цесляроў-бетоншчыкаў, страхароў, аддзелачніц і сантэхнікаў. Генпадрадчык — ДКУАСП «Рассвет Пастаўскі».
— Будаўніцтва аб’ектаў першай чаргі выканана на 90%, напалову — добраўпарадкаванне, на завяршальнай стадыі знаходзіцца пракладка водаправодаў да кароўнікаў. Праведзена электрычнасць, прабураны 2 свідравіны, пабудавана станцыя абезжалезвання, — расказваў галоўны інжынер «Рассвета Пастаўскага» Славамір Кухальскі. — Малочнатаварны комплекс узводзіцца на сродкі ААТ «Хацілы-агра» і крэдыты банка. Вельмі радуе бесперапыннае фінансаванне. Да канца года плануем асвоіць 5 мільёнаў рублёў.
Акрамя «рассветаўцаў», да будаўніцтва МТК у Волахах прыклалі руку больш за 5 субпадрадных арганізацый з Нарачы, Докшыц, Шаркаўшчыны, Полацка і Пастаў. Немалы аб’ём работ выкананы і работнікамі Пастаўскага ДРБУ-132. Дзякуючы іх намаганням тут пакладзены асфальт і бардзюры, з’явіліся тры сянажныя траншэі на паўтары тоны кожная, гнаясховішча на 9 тысяч кубоў.
Хутка на МТК прыступяць да аснашчэння будынкаў спецыяльным абсталяваннем. Яно ўжо набыта і захоўваецца на складзе сельскагаспадарчага прадпрыемства. А ў наступным годзе аб’ект прырасце яшчэ двума кароўнікамі на 320 галоў кожны.