«Цель — финансовая стабильность». Интервью с главным бухгалтером, заместителем директора по экономике Анной Шубелько

Сельское хозяйство

Мэта – фінансавая стабільнасць

Адкрытае акцыянернае таварыства «Хацілы-агра» сёлета заняло першае месца ў вобласці сярод гаспадарак 1-й групы па ўборцы зерневых і зернебабовых культур. На абласных «Дажынках» старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў уручыў дырэктару таварыства Вячаславу Крыштафовічу Ганаровую грамату і ключ ад трактара «Беларус». Адкуль, як не з гэтай гаспадаркі, рыхтаваць матэрыял у газету да прафесійнага свята аграрыяў? З яе кіраўніком сустрэцца не ўдалося, але, спадзяюся, не менш змястоўнай атрымалася размова з галоўным бухгалтарам, намеснікам дырэктара па эканоміцы Ганнай Шубелькай.

— Ганна Мар’янаўна! З уборкі і пачнём. Пахваліцеся намалотамі.

— Яны, безумоўна, радуюць. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых — 65,7 цэнтнера з гектара, а валавы збор у свірнавай вазе — 11 433 тоны, у 2 разы больш за леташні. Зерневыя і зернебабовыя займалі 1 795 гектараў, з іх 67 % — азімая пшаніца. Яна дала намнога вышэйшы ўраджай, чым яравыя, — 71,4 цэнтнера з гектара на круг, а асобныя ўчасткі — да 90 цэнтнераў. Такім чынам сёлетні каравай у нас пераважна пшанічны. Азімы рапс таксама даў нядрэнны ўраджай — 20,7 цэнтнера з гектара, а валавы збор склаў 496 тон. Урадзіла бульба. Яна займала ўсяго 5 гектараў, з кожнага сабралі па 590 цэнтнераў.

І ўсё гэта дзякуючы высокай агратэхніцы вырошчвання, вялікаму старанню земляробаў. Немагчыма пералічыць усіх, але некаторыя прозвішчы ўсё ж назаву. На жніве вызначыліся камбайнеры Аляксей Власаў, Валерый Ярашэвіч, Аляксандр Буча, Мікалай Чашун, на перавозцы збожжа — Аляксандр Валодзічаў, Вадзім Вайцяховіч, Мечыслаў Яморскі. Не меншы ўклад у агульную справу ўнеслі Андрэй Малец, Сяргей Кірылкін, Міхаіл Ярашэвіч і іншыя механізатары, якія займаліся падрыхтоўкай глебы. А на ўнясенні мінеральных удабрэнняў шчыравалі Андрэй Калінскі, Анатоль Мезін, Мікалай Пабя­дзінскі, Андрэй Волк, Аляксандр Валодзічаў, Уладзімір Дзясятнік, на хімапрацоўцы пасеваў — Уладзімір Усаценка, Зянон Жэйма і іншыя.

Зроблены задзел і пад будучы ўраджай – на 1 426 гектарах па ўсіх правілах агратэхнікі ў сціслыя тэрміны пасеялі азімыя зерневыя, 1 303 з іх занялі пшаніцай. Тут пастараліся Андрэй Цапелік, Віктар Нікалаеў, Уладзімір Банькоўскі, Аляксей Власаў, Аляксандр Буча. На 930 гектарах правялі зяблевае ворыва.

— Высокія ўраджаі — багацце гаспадаркі.

— Безумоўна. Прадалі дзяржаве 660 тон пшаніцы вельмі высокай якасці і атрымалі добрую грашовую прыбаўку, 1 800 тон паставілі ААТ «Віцебскі аблаграсэрвіс» у абмен на азотныя ўдабрэнні. Як насенняводчая гаспадарка рэалізуем элітнае насенне па ўсёй вобласці. Не ўсе маюць грошы разлічыцца за яго. У такіх выпадках бяром за 1 тону насення 2,3 тоны зернефуражу і тым самым папаўняем уласныя запасы. А яны ў нас багатыя. Але ж і расход вялікі. У гаспадарцы 5 174 галавы жывёлы, і штомесяц скормліваем 400 тон зернефуражу. Нарыхтавалі дастаткова травяністых кармоў — 29,7 кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы. Тут варта адзначыць механізатараў Мікалая Валка, Аляксандра Валодзічава, Вадзіма Вайцяховіча. Урадзілі кукуруза, сеяныя травы, а вось яравы рапс на ўсёй 300-гектарнай плошчы з-за працяглай веснавой засухі загінуў.

— Кармоў хапае, а якая ад іх аддача?

— Па аб’ектыўных прычынах прывагі жывёлы на дарошчванні і адкорме сёлета крыху ніжэйшыя, чым летась. Тым не менш мяса рэалізавалі дзяржаве амаль на 20 % больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Але галоўную стаўку робім на вытворчасць малака. Дойны статак налічвае 1 577 галоў. Сярэдні надой ад каровы за 10 месяцаў склаў 6 225 кілаграмаў. За гэты ж час рэалізавалі 8 973 тоны малака, усё здаём сортам «экстра». Штодзённая выручка — 20 тысяч рублёў. Найвышэйшыя надоі (7 746 кілаграмаў ад каровы за 10 месяцаў) атрымалі на рабатызаваным малочнатаварным комплексе. Звяно ў складзе Валянціны Таяновіч, Марыны Міхновіч, Іны Хацяновіч, Алёны Ярашэвіч, Святланы Карпушэнкі, Алены Турлы шмат разоў выходзіла пераможцам абласнога спаборніцтва жывёлаводаў. Высокія надоі атрымліваюць і на іншых фермах.

— Лічу, што добрых слоў заслугоўваюць не толькі радавыя працаўнікі, але і спецыялісты, якія арганізуюць вытворчыя працэсы і кіруюць імі.

— Спецыялістаў у нас няшмат, але ўсе працуюць з поўнай аддачай. А інакш і нельга, бо калектыў узначальвае вельмі патрабавальны дырэктар. Без перабольшання скажу, што калі і ёсць такія кіраўнікі, як наш, то адзін з сотні. Вячаслаў Іосіфавіч унікае абсалютна ва ўсё. Яго ў любы час сутак можна сустрэць у полі, на ферме, у майстэрні, на іншым участку. Убачыць кожную недапрацоўку і прыме меры, не пацерпіць безгаспадарчасці. З вялікай адказнасцю адносяцца да справы галоўны аграном Іван Машлякевіч, галоўны інжынер Валерый Курто, галоўны заатэхнік Сяргей Хацяновіч, галоўны ветурач Віктар Радзевіч, заатэхнік-селекцыянер Лілія Ягорава, начальнік малочнатаварнага комплексу Аляксандр Адамковіч і ветурач гэтага комплексу Святлана Адамковіч, загадчык склада Марына Скрыдлеўская. У нас няма выпадковых людзей, кожны на сваім месцы.

— Паспяховасць гаспадарчай дзейнасці ацэньваецца па тым, прынесла яна прыбытак або ёсць страты.

— Наша галоўная мэта — мець фінансавую стабільнасць. За 9 месяцаў ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі 9 мільёнаў 74 тысячы рублёў выручкі. 15 чысла кожнага месяца выплачваем зарплату. Ажыццяўляецца і яе рост. У параўнанні з мінулым годам за 10 месяцаў гэтага ён склаў 10 %. Зараз сярэднямесячная зарплата ў гаспадарцы 1 тысяча 9 рублёў. У той жа час вытворчасць валавой прадукцыі вырасла на 14 %. Бягучы год плануем завяршыць з прыбыткам у 1 мільён рублёў. Сёлета здалі ў эксплуатацыю 12-кватэрны дом, вядзём будаўніцтва рабатызаванага малочнатаварнага комплексу з даільнай залай, каштарысны кошт якога 16 мільёнаў рублёў. Летась нашу гаспадарку ўключылі ў дзяржаўную праграму развіцця жывёлагадоўлі, дзякуючы чаму атрымліваем крэдыты на будаўніцтва комплексу. Але ж іх трэба будзе вяртаць. Таму прымаем меры да патаннення каштарыснага кошту: самі закупліваем абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. Разлічваем, што ўжо ў наступным го­дзе атрымаем прыбаўку малака з новага комплексу. Каб мець грошы, трэба нарошчваць вытворчасць, што мы і робім.

— Напярэдадні свята якія словы адра­суеце работнікам гаспадаркі?

— Найперш падзякую за працу. Яна нялёгкая і напружаная. З ранняй вясны да позняй восені хлебаробы не лічацца з часам, не патрабуюць водпускаў, упарта і настойліва працуюць на ўраджай. Хапае клопатаў і спецыялістам, жывёлаводам. Але сёння кожны мае права ганарыцца калектыўным здабыткам. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя і шчасця ў асабістым жыцці, сіл на далейшую плённую працу.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.