Чтобы не потерять навсегда. На Поставщине прошел автопробег по захоронениям времен Первой мировой войны

Главное Общество

Да тэмы Першай сусветнай вайны наша газета звярталася неаднойчы.

Зыходным пунктам для публікацый стала стварэнне ў раёне валанцёрскага руху «Заходні рубеж» на чале з яго лідарам Андрэем Мацурам. Сваёй дзейнасцю актывісты паказалі: неабходна захаваць памяць пра тыя страшэнныя падзеі, зберагчы для нашчадкаў унікальныя аб’екты тых часоў, якія маюць вялікую гістарычную каштоўнасць.

Чым часцей «ПК» пісаў пра Першую сусветную, тым больш усведамляў: тэма цікавая, шырокая і патрабуе глыбейшага даследавання. Таму нарадзілася ідэя стварыць рэдакцыйны спецпраект «Рэха Першай сусветнай», каб паведаміць чытачам яшчэ больш інфармацыі пра тую вайну, у эпіцэнтры баёў якой апынулася і Пастаўшчына. Прычым увагі вартыя не толькі шматлікія пахаванні, але і людзі, якія не дапускаюць іх адыходу ў нябыт.

Дадзены артыкул распачынае гэты праект.

9 лістапада прайшоў маштабны аўтапрабег па месцах пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны. Даследчыкі, краязнаўцы, прадстаўнікі ўлады, валанцёры, рэканструктары і іншыя зацікаўленыя ў гэтай тэме людзі завіталі і на Пастаўшчыну.

Першую сусветную вайну доўгі час называлі невядомай, забытай. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі як ніколі актыўна даследуюцца трагічныя падзеі векавой даўнасці. На слыху Першая сусветная і ў жыхароў Пастаўшчыны. У многім  дзякуючы дзейнасці мясцовага валанцёрскага руху «Заходні рубеж», які вось ужо на працягу чатырох гадоў займаецца добраўпарадкаваннем пахаванняў той вайны.

Толькі аб’яднаўшы намаганні, можна дасягнуць вынікаў у пошуку схаваных часам пахаванняў, у аднаўленні імёнаў палеглых у іх салдат. Гэта думка стала лейтматывам аўтапрабегу, які пачаўся на Вілейшчыне, прайшоў праз Мядзельшчыну і завяршыўся на Пастаўшчыне.

У нашым раёне першым прыпынкам стала пахаванне нямецкіх салдат ля возера Вялікае Світа, што за паўтара кіламетра ад вёскі Сіманькі Шыркаўскага сельсавета. Доўгі час пра яго месцазнаходжанне не ведалі нават вузкія спецыялісты. Сітуацыю выправіў выпадак: калекцыянер і даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў набыў на адным з нямецкіх аўкцыёнаў арыгінальную фатаграфію гэтых могілак, зробленую ў 1917 годзе. На яе зваротным баку быў подпіс: «Пахаванне на беразе возера Світа».

— Гэта пахаванне я шукаў на працягу двух ці трох гадоў, — расказваў Уладзімір Багданаў, які таксама ўдзельнічаў у аўтапрабегу. — Размаўляў са старажыламі, вывучаў карты, параўноўваў ландшафты на здымку і ў рэальнасці. Прыязджаў сюды і з пастаўскім валанцёрам Валянцінам Жамойдзем, з якім гадзінамі абследавалі тэрыторыю. І ўсё ж пашчасціла: удалося натрапіць на сумную, але самую характэрную прыкмету пахавання — даўно разрытую чорнымі капальнікамі магілу.

Навакольная тэрыторыя была ў занядбаным стане. Гэта і не дзіўна: месца пахавання цяжкадаступнае, знаходзіцца сярод кустоў за высокім схілам. Вясной 2017 года сюды ўпершыню наведаліся валанцёры «Заходняга рубяжу» і навялі  парадак. У гэта месца вярталіся неаднойчы. Сёлета яны ўстанавілі на пахаванні вялікі металічны крыж.

Падчас работ валанцёры знайшлі фрагменты пяці разбітых надмагільных пліт з надпісамі на нямецкай мове. Па іх удалося ўстанавіць імя аднаго пахаванага тут нямецкага салдата. Яго звалі Карл Кёперс, і загінуў ён 25 кастрычніка 1915 года.

— Адно імя — гэта ўжо намнога больш, чым ніводнага, — кажа Уладзімір Багданаў. — Наогул, гэта месца асабіста для мяне вельмі сімвалічнае. Аказваецца, вернута можа быць і тое, што, здавалася, страчана назаўжды.

Глыбока ўразіла гэта пахаванне і Барыса Цітовіча — знакамітага і самага аўтарытэтнага беларускага даследчыка Першай сусветнай. Барыс Барысавіч — уладальнік ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», член Саюза мастакоў. Вось ужо на працягу 45 (!) гадоў ён вядзе няспынную работу па аднаўленні памяці пра названую вайну. 

— Гінулі ў асноўным маладыя — хлопцы 19—23 гадоў, — расказваў Барыс Цітовіч. — Ва ўсіх іх былі на жыццё свае планы і мары, ніхто не хацеў гінуць у самым росквіце сіл. Але ж салдаты — людзі падняволеныя, яны давалі прысягу сваёй Айчыне і вымушаны былі абараняць яе інтарэсы. Любая вайна — гэта трагедыя ўсяго чалавецтва, а не асобнай нацыі. Кожны мае права быць незабытым. 

Барыс Цітовіч адзначыў, што на Пастаўшчыне да гістарычнага мінулага неабыякавыя не толькі валанцёры, але і раённая ўлада. У сваю чаргу намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў паведаміў: на брацкай магіле часоў Першай сусветнай вайны на гарадскіх могілках у Макараўцах вядзецца работа па ўсталяванні мемарыяла ў памяць пра больш за сотню пахаваных там воінаў Рускай імператарскай арміі. На гэтым месцы перазахаваны астанкі салдат, знойдзеныя на Пастаўшчыне 52-м асобным пошукавым спецыялізаваным батальёнам Міністэрства аба­роны Рэспублікі Беларусь. Уча­стак лініі нямецкай абароны ў вёсцы Дукі паблізу Пастаў будзе музіфікаваны. Летась там упершыню была праведзена ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Ёсць жаданне «раскручваць» гэта мерапрыемства і надалей.

Актыўна ў працу па ўвекавечванні памяці салдат уключыўся і Пастаўскі раённы краязнаўчы музей.

— Мы перапісваемся з многімі нашчадкамі пахаваных на нашай зямлі вайскоўцаў, — адзначыла дырэктар установы Таццяна Гарошка. — Стараемся дапамагчы ім знайсці магілы сваіх блізкіх. Адбываецца абмен інфармацыяй, падчас якога ўсплывае шэраг фактаў. Нядаўна адзін немец шукаў у нас на Пастаўшчыне месца пахавання свайго пра­дзеда, загінулага ў баях Першай сусветнай. Адкрылася, што ў гэтага прадзеда два сыны загінулі падчас Вялікай Айчыннай. Адзін пахаваны на тэрыторыі сучаснай Расіі, другі — Украіны. Гэта яскравы прыклад таго, як на працягу стагоддзя две кровапралітныя вайны бязлітасна прайшліся па лёсе адной сям’і, якая, як і іншыя, марыла быць шчаслівай.

Заключным аб’ектам аўтапрабегу стала пахаванне ІІІ батальёна 136-га пяхотнага палка каля вёскі Пятроўшчына. У ім пакояцца і нямецкія, і рускія салдаты. На працягу многіх гадоў пахаванне было закінутым. У красавіку 2015 года валанцёры «Заходняга рубяжу» навялі парадак і тут. Яны знайшлі 30 надмагільных пліт у выглядзе крыжа з тэкстамі на нямецкай мове, на некалькіх быў подпіс: «Невядомы рускі салдат».

Напрыканцы дня ўдзельні­кі аўтапрабегу падводзілі вы­нікі, дзяліліся ўражаннямі, успа­міналі падзеі Першай сусветнай.

— Такой трагедыі, якая адбылася на Пастаўшчыне падчас правядзення Нарацкай аперацыі ў 1916 годзе, у Беларусі больш не было, — гаварыў Уладзімір Багданаў. — За 4 дні ў раёне Ярэва, Мажэек руская армія страціла 52 000 салдат. Як мінімум трэць з іх была забіта, астатнія атрымалі раненні і абмаражэнні.

Пра Нарацкую аперацыю Уладзімір Анатольевіч напісаў грунтоўную кнігу, дзе змешчаны шэраг унікальных фатаграфій векавой даўнасці. Цяпер сумесна з вілейскім краязнаўцам Андрэем Каркоткам аўтар рыхтуе шматтомнае выданне для Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Яно будзе прысвечана вайсковым пахаванням Першай сусветнай. Многа інфармацыі ў ім будзе і пра наш раён.
Уладзімір Багданаў прызнаваўся: яшчэ 15 гадоў назад людзі маглі ў яго перапытаць: «Якой вайной вы займаецеся? А прычым Беларусь да Першай сусветнай?» Сёння такіх пытанняў ён ужо не чуе. У гэтым заслуга ўсіх нераўнадушных да гэтай тэмы людзей. І сур’ёзныя даследчыкі, і звычайныя аматары правялі сапраўды вялікую работу. Але яшчэ большая — наперадзе.

Іна Сняжкова
Фота аўтара, Уладзіміра Багданава і з яго калекцыі

 

Відэа Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.