Евгений Жук — кавалер двух орденов: Знак Почета и Трудового Красного Знамени

Личности

І ў Ельнякі не зарасла дарога

Жыхар райцэнтра Яўгеній Гіляравіч Жук — чалавек вельмі сціплы. Таму нават не ўсе суседзі ведаюць, што ён — кавалер двух ордэнаў: Знак Пашаны і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

— Дык ужо больш за 40 гадоў прайшло з таго часу, — зазначае Яўгеній Гіляравіч. — І ўзнагароды я атрымаў за працу ў вёсцы, а не ў горадзе.

А я прашу яго ўспомніць менавіта тыя гады. Родная вёска Яўгенія — Жукі Юнькаўскага сельсавета. Адзіны сын у бацькоў, ён пасля заканчэння школы застаўся дома і пайшоў працаваць у паляводства. Затым юнаку прапанавалі стаць кінамеханікам. Паўтара года калясіў па вёсках з кінаперасоўкай, пакуль старшыня калгаса імя Суворава Алег Валодзька не прапанаваў узначаліць паляводчую брыгаду.

— Брыгада была вялікая, — успамінаў ветэран працы. — Да правядзення меліярацыі апрацоўвалі 300 гектараў, пасля яе — у два разы больш. Шмат вёсак, хутары, раскіданыя на значнай адлегласці адзін ад другога. Усюды трэба было аб’ехаць, даць заданне, пракантраляваць, як яно выконваецца. Дзясяткі кіламетраў пераадольваў кожны дзень на веласіпедзе або верхам на кані ці ў санях зімой. Пазней выдзелілі матацыкл, а ўсяго за гады брыга­дзірства я з’ездзіў іх ажно чатыры. У брыгадзе паўсотні людзей. Адны працавалі на трох цялятніках і ў канюшні, іншыя — у полі. Вырошчвалі лён, зерневыя, бульбу. За бульбу я і атрымаў у 1972 годзе ордэн «Знак Пашаны». Пасадзілі яе на меліяраваных тарфяніках. Кожны гектар даў па 360 цэнтнераў. Клубні выраслі такія, што ў вядро змяшчалася іх усяго 4-5. Таму паляводы накладвалі бульбу на руку, як дровы, і так насілі яе ў бурты. А другі ордэн мне ўручылі ў 1978 годзе за высокі ўраджай зерневых. Тады на палях брыгады сабралі па 40 цэнтнераў з гектара.

Тэхнікі ў той час было мала. Людзі працавалі цяжка, але дружна. Трэба было — і ў выхадныя, і ў рэлігійныя святы. Адзін год падчас уборкі так уліло, што ніякая тэхніка не магла ўз’е­хаць на поле. Каб ураджай не загінуў, старшыня заклікаў лю­дзей сем’ямі выйсці на палеткі, косамі і сярпамі зжаць збажыну і скласці ў копны, а як стане магчымым — абмалаціць яе. І па­абяцаў намалочанае раз­дзяліць пароўну: палову калгасу і палову тым, хто ратаваў ураджай. Прадстаўнік райкама партыі, які курыраваў уборку ў калгасе, ініцыятыву не адобрыў. Але Алег Адольфавіч быў такім кіраўніком, які не дужа прыслухоўваўся да партыйных функцыянераў, не баяўся браць адказнасць на сябе і ўсё рабіў так, як лічыў патрэбным. Збажына не загінула, людзі атрымалі сваё.

Яўгеній Жук успамінаў старшыню з вялікай павагай. Падкрэ­сліў, што ён быў вельмі патрабавальным, але справядлівым, на ўласным прыкладзе вучыў іх, маладых спецыялістаў — а такіх была абсалютная большасць — адказнасці і гаспадарлівасці.

А сёння ў Яўгенія Гіляравіча свята — яму спаўняецца 70. З юбілеем, сціплы, сумленны чалавек і шчыры працаўнік! Упэўненая, што ў гэты дзень вы атрымаеце шмат віншаванняў не толькі ад родных людзей. Няхай жа збываюцца ўсе найлепшыя пажаданні.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.