Лучших аграриев Поставщины поощрили в День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности

Главное Сельское хозяйство

Нізка кланяемся вам, хлебаробы, за багаты каравай нівы шчодрай

Гэтыя словы з песні «Хлебаробы» ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Вітанне» сталі дэвізам мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якое ў мінулую суботу ладзілася ў раённым Доме культуры. На яго былі запрошаны найлепшыя аграрыі Пастаўшчыны.

— Гэта свята аб’ядноўвае ўсіх, хто працуе на зямлі, на прадпрыемствах перапрацоўчай прамысловасці, — звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Найперш з асаблівай цеплынёй хочацца прывітаць шаноўных ветэранаў, якія самааддана працавалі на зямлі і сёння не застаюцца ў баку ад сельскагаспадарчых спраў. Ваш вопыт запатрабаваны ў маладога пакалення, да вас мы звяртаемся па мудрыя парады. Для вас — самыя шчырыя словы падзякі! Пладамі працы хлебаробаў карыстаюцца і вяскоўцы, і гараджане. А хлеб здабываецца цяжка: свае карэктывы пастаянна ўносіць надвор’е. Складанай была барацьба і за сёлетні ўраджай: засушлівая вясна, дажджлівае лета перашка­джалі тэмпам і якасці работ.

Аднак на Пастаўшчыне зрабілі ўсё для таго, каб каравай-2019 атрымаўся важкім. Валавы збор збожжа склаў 54,1 тысячы тон, што на 23 тысячы тон больш, чым у мінулым годзе, рапсу — 4,6 тысячы тон, або 103% да ўзроўню папярэдняга года. Лідарства па вытворчасці збожжа традыцыйна захавалася за ААТ «Хацілы-агра», дзе сёлета яго атрымана ў сярэднім па 65,7 цэнтнера з гектара. Тут самая высокая і прадукцыйнасць зерневага поля — 46,3 кілаграма з 1 балагектара ворыва. Гаспадарцы прысуджана першае месца ў вобласці, а на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2019», які праходзіў у Браславе, уручаны дыплом, грашовая прэмія 6,4 тысячы рублёў і сертыфікат на трактар «Беларус-82.1». Такім жа сертыфікатам  узнагароджаны і калектыў ААТ «Кураполле-­агра». Значны ўклад у вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ўнеслі таксама ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра», сельгаспрадпрыемствы «Дунілавічы-агра» і «Ляхаўшчына-агра».

За дасягнутыя высокія вынікі кіраў­нікам названых гаспадарак Вячаславу Крыштафовічу, Юрыю Шымчыку, Канстанціну Гайлеўскаму, Андрэю Сарапененку і Баляславу Барэйку старшыня райвыканкама ўручыў пераходныя вымпелы і Падзякі старшыні райвыканкама. З яго рук узнагароды Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні атрымалі намеснік дырэктара ААТ «Камайскі-агра» Аляксандр Шымковіч, галоўны аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай» Уладзіслаў Шаршнёў, маладыя навасёлкаўскія механізатары Віктар Рогаў і Віталій Смолка, Вадзім Вайцяховіч з Хаціл. Дырэктар ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч і ветэраны працы Вера Мукель і Пётр Розынка ўдастоены юбілейнага медаля «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі».

За аказанне шэфскай дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям адзначаны кіраўнікі філіялаў «Пастаўскае ДРБУ-132» і «ДЭУ-33» Станіслаў Рагіня і Алег Крукоўскі, лясгаса — Уладзімір Місачэнка, за арганізацыю работы студэнцкіх атрадаў — першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. У сваю чаргу маладзёжны лідар уручыла падарункі кіраўнікам адкрытых акцыянерных таварыстваў: «Хацілы-агра» — Вячаславу Крыштафовічу, «Навасёлкі-Лучай» — Юрыю Шымчыку, «Сцяг Перамогі-агра» — Дзмітрыю Гутару, «Паставымэбля» — Сяргею Лацецкаму, выконваючаму абавязкі дырэктара льнозавода Уладзіміру Дыдко за садзейнічанне плённай рабоце студэнцкіх атрадаў. 18 байцоў студатрадаў узнагароджаны граматамі і падарункамі ад райкама ГА «БРСМ».

Пераможцам раённага спаборніцтва на жніве, перавозцы зерня, нарыхтоўцы і перавозцы кармоў, уборцы льну-даўгунцу, уздыме зябліва, падрыхтоўцы глебы да сяўбы яравых і азімых, іх сяўбе і хімпраполцы, унясенні мінеральных удабрэнняў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і Падзякі старшыні райвыканкама ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі.

Па тэмпах росту валавой прадукцыі (яе атрымана на суму 67,7 мільёна рублёў), надоях і таварнасці малака, сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы, вытворчасці зерня і іншых культур за 10 месяцаў бягучага года Пастаўскі раён заняў 5-е месца сярод 21 раёна вобласці.

Поспехі хлебаробаў спрыяюць стабільнасці і развіццю прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, якія ў сваю чаргу  забяспечваюць рабочымі месцамі гараджан і папаўняюць раённы бюджэт. Раён цалкам забяспечаны ўласнай малочнай і мясной прадукцыяй, сыравінай для хлебапякарскіх прадпрыемстваў. Лідарам у перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі з’яўляецца малочны завод. На сённяшні дзень толькі два малочныя заводы Віцебскай вобласці (Пастаўскі і Верхнядзвінскі) загружаны на 100%. Удзельная вага прадукцыі нашага завода ў аб’ёме вытворчасці ўсёй прамысловай прадукцыі раёна складае больш за 60%. Прадпрыемства паспяхова асвойвае рынкі Расійскай Федэрацыі, Казахстана. Экспарт прадукцыі за 9 месяцаў бягучага года склаў 20,5 мільёна долараў ЗША, або 55% ад агульнага экспарту па раёне.

За павелічэнне аб’ёмаў і павышэнне якасці прадукцыі дырэктар Пастаўскага малочнага завода Георгій Касцень падзякаваў кіраўнікам ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра», «Кураполле-­агра», СП «Ляхаўшчына-агра» і адзначыў іх падзякамі. За супрацоўніцтва з раённым спажывецкім таварыствам каштоўныя падарункі Вячаславу Крыштафовічу, Юрыю Шымчыку і Канстанціну Гайлеўскаму ўручыў намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Андрэй Дрозд.

Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, у якім прынялі ўдзел заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е», народныя ансамблі народнай песні «Вітанне» і «Маладзіца», народная эстрадная група «25 плюс-мінус», узорная цыркавая студыя «Каскад», ансамбль танца «Дзяцінства», салісты Ганна Крук, Ганна Антух, Злата Ярашэвіч, Даяна Дражына, Яўгенія Бяляўцава, баяніст Аляксандр Іжмайловіч і іншыя.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.