Как стать спасателем? Актуальное интервью с замначальника Поставского РОЧС Игорем Януковичем

Безопасность

Стаць ратаўніком хачу. Дзе мяне навучаць?

У 11-класнікаў застаецца не так шмат часу для таго, каб вызначыцца з будучай прафесіяй. Не сакрэт, што многіх хлопцаў і дзяўчат прываблівае ваенная і міліцэйская служба, у тым ліку магчымасць насіць прыгожую форму і пагоны. Усё гэта прысутнічае і ў прафесіі ратаўніка, якая хоць і з’яўляецца цывільнай, але звязана з забеспячэннем бяспекі і ратаваннем людзей. Пра тое, дзе яе можна атрымаць, расказвае намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ігар Януковіч.

— Ігар Іосіфавіч, якія навучальныя ўстановы краіны рыхтуюць ратаўнікоў?

— У першую чаргу назаву Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ён у Мінску і ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях «Папярэ­джанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый», на якую прымаюцца толькі хлопцы, і «Пажарная і прамысловая бяспека» — на яе набіраюць як юнакоў, так і дзяўчат. Тэрмін навучання па абедзвюх спецыяльнасцях на дзённай форме складае 4 гады.

Для паступлення ў гэты ўніверсітэт маладыя людзі павінны прадставіць у прыёмную камісію сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, фізіцы і рускай або беларускай мове. Таксама ўсе яны ў абавязковым парадку праходзяць прафесійны адбор. Ён уключае ў сябе спецыяльныя праверкі, вывучэнне маральных і дзелавых якасцей, медыцынскае асведчанне ваенна-ўрачэбнай камісіяй і вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці кандыдатаў.

— Якія асаблівасці навучання ў дадзенай ВНУ?

— Усе курсанты ўніверсітэта забяспечваюцца інтэрнатам, харчаваннем, форменным абмун­дзіраваннем, дзяржаўным страхаваннем і медыцынскім абслугоўваннем. Акрамя таго, ім выплачваецца штомесячнае грашовае забеспячэнне, сярэдні памер якога складае каля 300 рублёў. Падчас вучобы курсанты маюць магчымасць навучыцца кіраваць аўтамабілем і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «В». Выпускнікам УГА прысвойваецца афіцэрскае званне «лейтэнант унутранай службы» і гарантуецца працаўладкаванне. Размяркоўваюцца яны ў большасці выпадкаў па месцы свайго жыхарства або ў бліжэйшыя да яго падраздзяленні.

— А дзе яшчэ можна атрымаць прафесію ратаўніка?

— Спецыялістаў па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый рыхтуе таксама Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж. Ён набірае юнакоў ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. Для іх тэрмін навучання на дзённым аддзяленні на бюджэтнай аснове складае 2 гады і 7 месяцаў. Усім навучэнцам, якія не маюць дзе жыць, даецца інтэрнат.

Выпускнікі каледжа атрымліваюць рабочую прафесію ратаўніка-пажарнага і працаўладкоўваюцца ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях на пасады радавога і малодшага начальніцкага складу. Пасля заканчэння гэтай установы яны могуць паступіць ва Універсітэт грамадзянскай абароны на скарочаную завочную форму навучання.

— Куды трэба звяртацца, каб атрымаць накіраванне на паступленне ў згаданыя вышэй універсітэт і каледж?

— Для фарміравання вучэбнай справы маладыя людзі павінны прыйсці ў Пастаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, які знаходзіцца па адрасе: вул. Вакзальная, 31 «Б», або пазваніць па тэлефоне 4-39-68 ці 8(029)714-60-53. Мы ўсё растлумачым і адкажам на пытанні, якія іх будуць цікавіць.

Гутарыла Алена Шапавалава
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.