Саграваюць не толькі дровы
Працягваецца рэспубліканская акцыя «Клопат», арганізаваная Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Актыўны ўдзел у ёй прымае і Пастаўская раённая арганізацыя, а таксама валанцёры.
Яны наведалі пастаўскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для яго пастаяльцаў вучні базавай школы №5 падрыхтавалі канцэртныя нумары, старэйшыя валанцёры прыйшлі з падарункамі.
Кожны год Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа арганізуе збор рэчаў, прадуктаў для адзінокіх, наведвае іх і цікавіцца праблемамі. Вельмі дапамагаюць валанцёры розных узростаў. Іх дзейнасць будуецца на добраахвотнасці і бескарыслівасці. Падтрымка неабходная адзінокім людзям. А часам нават лепш за дровы сагравае цёплая сустрэча з чалавекам, яго прыветная ўсмешка, добрае слова.
Вялікую работу ў гэтым кірунку праводзяць Марына Ніканава, Ірына Гукава, Аляўціна Чорная. Валанцёрства стала для іх ладам жыцця. Спіс добрых спраў гэтых жанчын не пералічыць. У ажыццяўленні задумак і планаў старшыні раённай арганізацыі БТЧК удзельнічаюць таксама навучэнцы дзяржаўнага каледжа, прадстаўнікі валанцёрскага руху БРСМ «Добрыя сэрцы». Іх можна сустрэць на розных культурна-масавых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў раённым Доме культуры: хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць пажылым падняцца па прыступках, распрануцца ў гардэробе, заняць месцы ў зале.