На роботизированной ферме в Ковзанах ОАО «Новоселки-Лучай» коров доит «Астронавт»

Сельское хозяйство

Кароў доіць «Астранаўт»

Восем гадзін раніцы. Я на рабатызаванай ферме ў Коўзанах ААТ «Навасёлкі-Лучай», дзе ўтрымліваецца 1 673 галавы жывёлы. Уяўляла, што пачатак дня ў жывёлаводаў павінен быць мітуслівым.

З загадчыцай фермы Валянцінай Мацур накіроўваемся ў даільную залу. Каровы на беспрывязным утрыманні, свабодна перамяшчаюцца па стойлах, падыхо­дзяць да корму. «Працуем у штатным рэжыме, — тлумачыць Валянціна Пятроўна. — На змене толькі два аператары, якія сочаць за робатамі. Цяпер перазменка, таму ёсць магчымасць сустрэцца адначасова і з тымі, хто ўжо адпрацаваў, і з тымі, хто заступае. З дня адкрыцця фермы на ёй працуюць Ганна Шалякіна, Таццяна Ландышка, Алена Хоміч. Высокіх вынікаў дабіваюцца Вольга Гаспяровіч, Алена Крук, Алена Найдзёнак. Добрасумленна выконваюць свае абавязкі падменныя Ядвіга Добыш, Каця Масінкевіч».

У даільна-малочным блоку 12 робатаў «Астранаўт» галандскай кампаніі Lely. Яны уяўляюць сабой чырвоную скрыню з дысплэем. Унутры — электроніка і ёмістасць для збору малака. «Рука»-маніпулятар шчоткай мые вымя карове, з дапамогай лазера знаходзіць і па чарзе на­дзявае на саскі даільныя стаканы. Падчас даення карова атрымлівае належныя ёй канцэнтраты, а робат кантралюе колькасць малака, перакачвае яго ў танк для захоўвання, рэгулюе халадзільную ўстаноўку, прамывае даільнае абсталяванне. Калі карова захварэе — адразу выявіць гэта і малако ад яе адсартуе ў асобную ёмістасць. Робат раскрывае генетычны  патэнцыял жывёлы, збірае вытворча-эканамічныя даныя, якія дазваляюць кантраляваць яе прадукцыйнасць і кармленне.

На ферме ўтрымліваецца 1 673 галавы жывёлы, з іх 300 цялушак для ўзнаўлення статка, 624 дойныя каровы. Сярэдні надой ад кожнай за 10 месяцаў склаў 6 382 кілаграмы. На малочны завод за 9 месяцаў рэалізавана 4 600 тон малака, усё — сортам «экстра».

У даільнай зале слесар Віталій Сайдак право­дзіць прафілактычны агляд аўтаматызаваных сістэм. Пачынаў аператарам. Пазней стаў слесарам па абслугоўванні жывёлагадоўчага абсталявання, у тым ліку і робатаў.

Спрыяе высокім надоям збалансаванае кармленне. Рацыён распрацоўвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Іван Кісель. Каля фермы пабудаваны 8 сянажных траншэй, якія запоўнены якасным кормам. Жывёла атрымлівае сілас, сянаж, камбікармы. Кармы на здрабняльніку-змешвальніку рыхтуе і раздае Руслан Найдзёнак. Механізатар Станіслаў Даўгель ра­зам з іншымі жывёлаводамі сочыць за парадкам у памяшканнях, на прылеглай тэрыторыі. Хапае спраў падгоншчыкам жывёлы Ганне Захарэвіч, Наталлі Болтач, Алене Жытко, Анастасіі Азаравай. Пры неабходнасці яны могуць замяніць і аператараў.

Дзякуючы старанню даглядчыц цялят на дарошчванні Алы Лешчык, Вольгі Арлоўскай і Ірыны Мельнікавай захаванасць маладняку высокая і нядрэнныя сярэднясутачныя прывагі. З трохмесячнага ўзросту і ледзь не да ацёлу цялушак для ўзнаўлення статка даглядае Таццяна Пронька.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.