Новое время — новые задачи. Поставскому районному отделу внутренних дел — 80 лет

Главное Правовое поле

Нам ёсць на каго раўняцца

Пастаўскаму раённаму аддзелу ўнутраных спраў – 80 гадоў

Як шмат змен за гэты час адбылося ў грамадстве! У многім змянілася і дзейнасць пастаўскіх міліцыянераў. Новы час — новыя задачы, патрабаванні, тэхналогіі. Але ў цэнтры па-ранейшаму чалавек. Толькі дзякуючы яго самаадданай службе аддзел можа дабівацца поспехаў у рабоце.

Сёння іх шмат, а значыць, калектыў спраўляецца з шэрагам пастаўленых задач. Напярэдадні юбілею начальнік райаддзела палкоўнік міліцыі Аляксандр Гарус расказаў пра сувязь пакаленняў пастаўскіх міліцыянераў і адзначыў галоўныя дасягненні сваіх падначаленых за апошнія гады.

— Аляксандр Мікалаевіч, у чым асаблівасці службы сучасных міліцыянераў?

— Мы жывём у няпросты, але вельмі цікавы час, насычаны зменамі і эксперыментамі. Нават 25 гадоў назад, калі я пачынаў свой шлях у міліцыю, у рабоце многае было інакш. З развіццём высокіх тэхналогій мяняецца і характар злачынстваў. «Хакерства», ашуканства ў інтэрнэце, маніпуляцыі з пластыкавымі карткамі — гэта толькі частка выклікаў новага часу, пра якія яшчэ нядаўна не было і размовы. І мы абавязаны падстройвацца пад змены, якія актыўна адбываюцца ў грамадстве. Гэта не дае расслабіцца, заўсёды трымае ў тонусе, падштурхоўвае да бесперапыннага навучання.

Аднак галоўная задача, якая стаіць перад аддзелам, не мяняецца. На працягу ўсіх 80 гадоў міліцыя на варце законнасці і правапарадку ў грамадстве.

— З якімі паказчыкамі ў службовай дзейнасці сустракаеце юбілей?

— У апошні час мы змаглі дабіцца значных станоўчых вынікаў. Узровень злачыннасці ў нашым рэгіёне паступова зніжаецца. Стала менш злачынстваў супраць асобы, асабліва тых, якія здзяйсняюцца ў сем’ях. Усё гэта — вынік сумеснай работы з рознымі суб’ектамі прафілактыкі. Аддзел плённа супрацоўнічае з ЦРБ, камісіяй па справах непаўналетніх, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ТЦСАН, іншымі арганізацыямі. У выхадныя дні і напярэдадні іх вельмі дапамагаюць добраахвотныя дружыны.

— Што можаце сказаць пра сваіх падначаленых?

— У калектыве райаддзела больш за 90 чалавек. Усе супрацоўнікі добрасумленна адносяцца да выканання пастаўленых перад імі задач. Найбольшыя поспехі ў службовай дзейнасці маюць участковыя У. Ахрановіч, В. Гусейнаў, Р. Ясінскі, у аддзеле крымінальнага вышуку вызначаюцца А. Грэська, Я. Чарэнка, у аддзяленні дзяржаўтаінспекцыі — А. Кандрашэнка, А. Цымбалюк, у інспекцыі па справах непаўналетніх — Д. Юргялевіч, крымінальна-выканаўчай інспекцыі — А. Сялевіч. І гэты спіс можна працягваць. Адзначу і тое, што, нягледзячы на занятасць і службовую загружанасць, супрацоўнікі аддзела паспяваюць удзельнічаць у шматлікіх раённых і абласных творчых і спартыўных мерапрыемствах. Тут хочацца адзначыць Я. Унтана, В. Савельеву, П. Шыляя, А. Ціхановіча і іншых.

Паступова калектыў абнаўляецца — на заслужаны адпачынак ідуць старэйшыя работнікі, на змену ім прыхо­дзяць маладыя. Я заўсёды ім рады, нягледзячы на тое, што нямала часу даво­дзіцца прысвячаць іх навучанню.

— Ведаю, што ў вас вялікая ветэранская арганізацыя.

— Так, у ёй налічваецца амаль сотня чалавек. Ветэранамі кіруе былы начальнік райаддзела Мікалай Доўмант, і тыя актыўна ўдзельнічаюць у самых розных мерапрыемствах, ніколі не забываюць аддзел, цікавяцца нашымі справамі. Ветэраны былі і застаюцца для нас прыкладам. І маладзейшым, і больш вопытным супрацоўнікам ёсць на каго раўняцца.

— А як змяніліся ўмовы працы міліцыянераў?

— За апошні час яны значна палепшыліся. Мы сталі больш аператыўнымі і мабільнымі. Гэтаму садзейнічае штогадовае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Пастаянна папаўняецца аўтапарк. Аўтамабілі супрацоўнікаў ДАІ аснашчаны планшэтамі, якія па сваёй функцыянальнасці не саступаюць камп’ютарам. Праз партатыўны прынтар на паперу можна аператыўна вывесці ўсю неабходную інфармацыю пра правапарушальніка. Службовыя кабінеты абсталяваны сучаснай аргтэхнікай. У апошнія гады мы абнавілі  ў іх мэблю, зрабілі рамонт спартыўнай залы. Хутка ў ёй будуць устаноўлены новыя трэнажоры.

— Сёлета ў Беларусі змяніўся міністр унутраных спраў — ім стаў генерал-маёр Юрый Караеў. Ці можна гава­рыць пра новаўвядзенні ў вашай рабоце?

— Яны ёсць. Па-першае, мы цалкам адыходзім ад паказчыкаў, лічбаў, планаў. Страцілі актуальнасць любыя праявы працоўнага спаборніцтва паміж райаддзеламі ў вобласці, краіне. І для нас гэта сапраўды вялікае дасягненне.

Сёння нашым РАУС, як і ўсёй беларускай міліцыяй, узяты курс на лібералізацыю крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Гэта таксама істотны крок наперад, і грамадзяне ўжо адчуваюць першыя вынікі работы ў гэтым кірунку. Патрабаванне новага міністра МУС слушнае — асабліва шмат мы павінны працаваць з той катэгорыяй людзей, якія ўжо неаднойчы пераступілі закон, знаходзяцца на ўліку ў нашых падраздзяленнях, дапускаюць насілле ў сям’і, ствара­юць пагрозу бяспецы, у тым ліку дарожнага руху. Калі ў цэлым законапаслухмяны грамадзянін здзейсніць нязначнае правапарушэнне, цяпер мы можам папярэдзіць яго вусна і не прыцягваць да адказнасці. І гэты метад работы будзе прымяняцца намі больш актыўна.

— Ад чаго сёння залежыць прэстыж прафесіі міліцыянера?

— Галоўнае, каб людзі, якія носяць пагоны, не ператвараліся ў тых, хто пераступае закон. Каб яны служылі грамадству, не ставячы сябе вышэй за іншых. Заваяваўшы давер аднойчы, страціць яго вельмі лёгка — дастаткова аднаго нязначнага праступка. А вярнуць часта бывае немагчыма.

Успамінаю сябе ў дзяцінстве: калі бачыў чалавека ў форме, прычым у любой, сэрца пачынала біцца хутчэй. Ваеннымі былі мой дзед, тата, дзядзька. І мне хацелася стаць на гэты шлях і, як яны, служыць Айчыне…

Цікавасць да нашай прафесіі ў маладога пакалення ёсць і сёння. Гэтаму спрыяе ў тым ліку  пастаянная прафарыентацыйная работа, якую мы праводзім у пастаўскіх школах, гімназіі. Праўда, шмат у нас і «канкурэнтаў». Юнакоў прывабліваюць служба ў арміі, тых жа пагранічных войсках, МНС, работа ў пракуратуры, Следчым камітэце… І ў многім ад дзейнасці маіх калег залежыць, будзе прэстыжнай прафесія міліцыянера ці не.

— Што пажадаеце калегам напярэдадні юбілею?

— Як бы банальна гэта ні гучала — здароўя, бо наша прафесія патрабуе шмат фізічных сіл, вынослівасці. Жадаю таксама ў любой сітуацыі заставацца чалавекам, добрасумленна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, поспехаў у рабоце, любіць справу, якой прысвячаеш жыццё. Вялікая ўдзячнасць усім нашым ветэранам. Няхай у іх сем’ях пануе дабрабыт, а ў кожнай справе спадарожнічае поспех.


З гісторыі Пастаўскага РАУС

У 1939 годзе на тэрыторыі Пастаўшчыны быў арганізаваны Пастаўскі павятовы аддзел Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) па Вілейскай вобласці.

У 1944 годзе, пасля вызвалення Пастаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачалося аднаўленне работы органаў дзяржаўнай улады. Пастаўскі павятовы аддзел перайменаваны ў раённы аддзел НКУС упраўлення НКУС па Маладзечанскай вобласці.

У першыя пасляваенныя гады аддзел міліцыі ўваходзіў у штаб НКУС. Яго начальнікам з 1944-га па 1948 год быў Мікіта Сягеевіч Мозаль.

У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя аддзел міліцыі вывелі са штату райаддзела НКУС і ён стаў называцца раённым аддзелам міліцыі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1956 годзе раённы аддзел міліцыі пераўтвораны ў аддзел міліцыі выканаўчага камітэта Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных.

Пасля гэтага назва і арганізацыйна-штатная структура міліцыі Пастаўшчыны мяняліся яшчэ неаднойчы. Цяпер падраз­дзяленне называецца райаддзелам унутраных спраў Пастаўскага райвыканкама ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскай вобласці.


У розныя гады пастаўскую міліцыю ўзначальвалі:

М. С. Мозаль, А. І. Пузака, М. А. Гібала, А. А. Лосеў, А. Л. Статкевіч, Б. І. Косінец, М. І. Шыраеў, А. М. Чыгілейчык, В. І. Шушкевіч, І. М. Аніськовіч, В. Ю. Будзіч, М. К. Доўмант.

  • На месцы, дзе цяпер знаходзіцца будынак Пастаўскага РАУС, напрыканцы XIX ст. было народнае вучылішча. Раніцай 30 кастрычніка 1901 года падчас правядзення выпускнога экзамену яно згарэла. У той дзень у Паставах адбыўся вялікі пажар, які знішчыў амаль усе пабудовы на сучаснай Савецкай, а тады — Віленскай вуліцы.
  • Пазней на месцы народнага вучылішча была ўзведзена аднапавярховая пабудова, якая цяпер з’яўляецца часткай адміністрацыйнага будынка РАУС. У 1968 годзе да яе дабудавалі другі паверх.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.