Поставчане на областном празднике-конкурсе свадебных обрядов Витебщины «Вялікая Вясельніца-2019»

Культура

Вясельным абрадам – жыць!

Напрыканцы кастрычніка ў Расонах адбылося абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая Вясельніца-2019». Чым на гэты раз усіх здзівілі пастаўчане?

Наш раён на гэтым маштабным культурным мерапрыемстве прадстаўлялі народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» і народны гурт аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба. Яны праявілі сябе ў дзвюх намінацыях — «Вясельны стол» і «Вясельныя спевы Віцебшчыны».

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці традыцыйна праводзіць такое свята раз у два гады. І раней пастаўчане ездзілі на аналагічныя мерапрыемствы ў Дуброўна, Талачын, Ушачы… Штогод арганізатары ўключаюць у праграму штосьці новае. Сёлета, напрыклад, упершыню прайшоў конкурс-імправізацыя на найлепшую сваццю (свата) «Без мяне мяне ажанілі». Аднак агульная канцэпцыя застаецца нязменнай — «Вялікая Вясельніца» праводзіцца з мэтай адраджэння і далейшага развіцця традыцыйных вясельных абрадаў Віцебскай вобласці.

На пачатку свята ўдзельнікі прадставілі вясельныя стравы свайго рэгіёна. Наша «Традыцыя» частавала гасцей парсючком з бульбы, кашай з гарбуза, вялікім салодкім бараном, які спякла Ядвіга Ласоўская з вёскі Чашуны, іншымі прысмакамі. Затым вызначалі найлепшых у намінацыі «Вясельныя спевы Віцебшчыны». Народны гурт аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба выканаў пяць самабытных песень, якія даўней можна было пачуць на вяселлях Пастаўшчыны.

— Нашы артысты былі аднымі са старэйшых, — расказвала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська. — У асноўным спявала моладзь. Таму, калі на сцэну падняліся нашы бабулі, многія здзівіліся. Уявіце: салістцы андронаўскага гурта Валянціне Скабейцы 84 гады! У такім паважаным узросце адправіцца ў дарогу, выйсці на сцэну — ужо толькі гэты факт заслугоўвае апладысментаў. А калі б вы чулі, як пранікнёна, прафесійна спявалі андронаўцы! Ім нават мікрафоны не спатрэбіліся — настолькі гучныя іх галасы.

Выступленне ацанілі і гледачы, і журы. Андронаўскія спявачкі сталі адным з двух калектываў, якія былі адзначаны дыпломам за зберажэнне рэгіянальнай песеннай культуры.

Іна Сняжкова
Фота Ксеніі Грэські



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.