Потомки бывших фронтовиков, партизан, тружеников тыла, узников фашизма рассказали о своих родных

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

Пакуль памятаем, яны жывыя

Бягучы год асаблівы: Беларусь адзначыла 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па ўсёй краіне шырока прайшло святкаванне гістарычнай даты. А налета будзе яшчэ больш значная — 75-годдзе Вялікай Перамогі. Вахта патрыятызму, якую сілкуюць радаслоўныя бацькоў, дзядоў, прадзедаў і памяць пра іх, працягваецца.

Кожны раз, калі бачу ў эфіры агульнанацыянальнага тэлебачання пад рубрыкай «Мы памятаем» успаміны вядомых у Беларусі вучоных, урачоў, артыстаў, мастакоў, іншых людзей пра сваіх родных, якія здабывалі перамогу над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне, узгадваю сустрэчу ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі, якая адбылася сёлета 9 мая. Па запрашэнні работнікаў музея на яе ахвотна прыйшлі нашчадкі былых франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу, вязняў фашызму. І кранальна расказвалі пра сваіх родных, каму давялося зведаць жахі ваеннага ліхалецця. Адчувалася, што яны не толькі самі даражаць памяццю, але і стараюцца данесці да іншых старонкі іх жыцця.

— Мой тата, Яўгеній Філіпавіч Шаура, не любіў расказваць пра вайну, — гаварыла Людміла Чатовіч, трымаючы ў руках яго партрэт. — Ён быў разведчыкам, удзельнічаў у вызваленні Аўстрыі і Венгрыі, быў кантужаны, меў баявыя ўзнагароды, іх зараз захоўвае яго ўнук, які жыве ў Маскве. Маладзенькай дзяўчынай трапіла на фронт і мама. Яе дзявоцтва прыпала на самы цяжкі час. Родную вёску на Пскоўшчыне спалілі фашысты. Трапіла пад бамбёжкі, потым цяжка захварэла на тыф. Аднойчы пачула нечыя словы: «Да раніцы не дацягне». І такія злосць і крыўда ахапілі яе! «Выжыву!» — прашаптала. І выжыла! Пазней трапіла ў воінскую часць. А яе маці і трое малодшых дзяцей былі вывезены ў Нямеччыну і ўсе загінулі.

Для бацькоў Дзень Перамогі з’яўляўся найгалоўнейшым святам. Зараз такім ён застаецца для нас, іх дзяцей і ўнукаў.

Фотаздымак і ваенны білет бацькі, Барыса Фёдаравіча Трафімава, перадаў музею яго сын Юрый. І зазначыў: «У студзені 1943-га тату споўнілася 17 гадоў, ён паступіў у Маскоўскае ваеннае пяхотнае вучылішча, а ў 18 трапіў на фронт. У кровапралітных баях атрымаў раненне, доўга лячыўся ў шпіталі. Тата вельмі любіў жыццё і перадаў гэтае жыццялюбства нам. Навучыў даражыць тым, што маем, цаніць мір. Мы вельмі ганарымся сваім бацькам».

Падзяліліся ўспамінамі пра сваіх родных і іншыя ­ўдзельнікі сустрэчы. А перад яе пачаткам у музей завіталі нечаканыя госці. Васілій і Жанна Карусевічы з двума сынамі-школьнікамі прыехалі з Оршы, каб знайсці магілу роднага дзядзькі Васілія Мікалаевіча Машкевіча — былога партызана, а затым франтавіка. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Васіля Машкевіча накіравалі ў нашу мясцовасць для барацьбы з бандытызмам. Ад рук бандытаў ён і загінуў у 1948 годзе і быў пахаваны ў Паставах. Пляменнік ведаў пра гэта са слоў сваёй маці, але на магіле дзядзькі ніколі не быў. Нарэшце прыехаў, і не адзін, а з сям’ёй. Як жа былі ўражаны Карусевічы, калі на адным са стэндаў музея ўбачылі фотаздымак сваяка і пачулі расказ пра яго! Затым супрацоўнік музея выклікалася разам з імі пайсці на гарадскія могілкі па вуліцы Ціхай і дапамагчы знайсці месца спачыну загінулага ад бандыцкай кулі В. Машкевіча. І зноў прыемнасць для гасцей — магіла іх роднага чалавека дагледжаная. Яны не ведаюць, хто гэта зрабіў, але вельмі ўдзячныя.

Вось яно, яшчэ адно сведчанне таго, што на Пастаўшчыне памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалеж­насць краіны, шануюць не толькі іх нашчадкі, але і іншыя людзі.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.