Прокуратура Поставского района выявила ряд системных нарушений, которые привели к коррупционным преступлениям

Правовое поле

Прычына парушэнняў – аслаблены кантроль

У ліку іншых ускладзеных на яе задач пракуратура Пастаўскага раёна ажыццяўляе пастаянны нагляд за выкананнем прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

У гэтай сферы ў бягучым годзе пракурорскімі работнікамі выяўлены шэраг сістэмных парушэнняў, якія прывялі да здзяйснення службовымі асобамі карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў.

Так, у ліпені раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да галоўнага бухгалтара ААТ «Сцяг Перамогі-агра», якая ў перыяд з лютага 2018 года па канец мая 2019-га прысвоіла грашовыя сродкі сельгаспрадпрыемства на суму 2 773,2 рубля. У жніўні пракурор раёна ўзбудзіў крымінальную справу ў адносінах да загадчыцы фермы і галоўнага заатэхніка гэтай гаспадаркі. Каб пазбегнуць матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці за падзеж буйной рагатай жывёлы і ўтаіць названыя факты, у перыяд з лютага 2017 года па сакавік 2018-га яны афармлялі несапраўдныя акты на перадачу (продаж) і закуп жывёлы і птушкі па дагаворах грамадзянам, а таксама асабіста складалі заявы на пакупку буйной рагатай жывёлы ад імя работнікаў арганізацыі з наступным утрыманнем яе кошту з заработнай платы. Тым самым прычынілі істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян.

— Аналіз прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню гэтых злачынстваў, сведчыць: работа па процідзеянні карупцыі ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна не ў поўнай меры адпавядае тым патрабаванням, якія прад’яўляюцца. Неналежным чынам арганізавана работа па азнаямленні дзяржаўных службовых асоб з пералікам антыкарупцыйных абмежаванняў, — зазначае пракурор раёна Ігар Валынец і працягвае: — У дзяржаўных службовых асоб ААТ «Сцяг Перамогі-агра» не былі ўзяты абавязацельствы па выкананні ўстаноўленых абмежаванняў, што з’яўляецца парушэннем патрабаванняў заканадаўства. Не падпісаны яны і службовымі асобамі іншых сельскагасападарчых арганізацый, у прыватнасці КУСП «Ляхаўшчына-­агра», «Дунілавічы-агра», у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў доляў (акцый) знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.

Маюць месца выпадкі парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства самімі кіраўнікамі дзяржаўных устаноў. Напрыклад, дырэктар адной з устаноў культуры раёна на працягу 6 гадоў фіктыўна афармляла на работу качагарам чалавека, які фактычна гэту работу не выконваў. Замест яго працаваў муж дырэктара, якому выплачвалася заработная плата. Зараз у адносінах да кіраўніка ўзбуджана крымінальная справа.

На думку І. С. Валынца, прычынамі выяўленых парушэнняў стала ігнараванне названымі вышэй грамадзянамі патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства з-за адсутнасці дзейснага кантролю за яго выкананнем з боку ўпаўнаважаных службовых асоб, якія павінны сачыць за работай падпарадкаваных ім арганізацый. Пракурор запатрабаваў прыняць дадатковыя арганізацыйна-практычная меры, накіраваныя на ўхіленне і недапушчэнне ў далейшым парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць, а таксама прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых асоб.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.