Семиклассница СШ №3 Ангелина Томилина стала победительницей областного конкурса мастеров по обработке соломки

Культура

Наш залаты фонд

Так дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Леакадзія Пушкар называе школу мастацкіх рамёстваў «Саламяныя фантазіі», што дзейнічае ва ўстанове. Школьнікі, якія працуюць з залатым па колеры матэрыялам, шматразова займалі першыя, «залатыя», месцы на абласных, рэспубліканскіх конкурсах і выставах.

Ангеліна Таміліна (трэцяя справа)

Нядаўна юныя пастаўскія майстры зноў сябе праявілі — напрыканцы кастрычніка сямікласніца СШ №3 Ангеліна Таміліна стала пераможцай абласнога конкурсу майстроў па апрацоўцы саломкі. Ён праходзіў у Віцебскім абласным  палацы дзяцей і моладзі і сабраў на адной пляцоўцы творцаў з усіх рэгіёнаў Прыдзвіння. Дзякуючы гэтаму поспеху Ангеліна атрымала магчымасць паўдзельнічаць у аналагічным конкурсе на «рэспубліцы», дзе заняла ганаровае 3-е месца.

З сабой канкурсанты бралі толькі апрацаваную саломку і эскіз будучай работы. Таццяна Анатольеўна Дзегцярук са сваёй падапечнай доўга раздумвалі, чым жа здзівіць судзейства. У выніку рызыкнулі — вырашылі ўпершыню зрабіць… «павука» (на здымку — у Ангеліны ў руках). Такія саламяныя «шматпавярховыя» вырабы даўней былі распаўсюджаныя на тэрыторыі ўсёй нашай краіны. Дарэчы, на Пастаўшчыне гэтых «павукоў» называлі саламонамі. Такія ж абярэгі былі і ў іншых народаў — фінаў, латышоў, літоўцаў…

Ангеліне 12 гадоў. Наведваць «Саламяныя фантазіі» яна пачала 4 гады назад. Дзяўчынка неаднойчы станавілася прызёрам і пераможцай абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, куды адпраўляла гатовыя работы — як індывідуальныя, так і калектыўныя.

У Таццяны Анатольеўны ўжо не адна сотня выпускнікоў.  Сярод іх і вядомая на Пастаўшчыне майстрыха Крысціна Брэская, якая працуе ў Пастаўскім Доме рамёстваў, Аляксандр Слабышаў, іншыя таленавітыя гара­джане. Дзясяткі ўнікальных работ зрабіла і Ганна Смільгінь, якая першай з пастаўчан заваявала «золата» на рэспубліканскім конкурсе. Прычым саломкай захапляліся і захапляюцца не толькі дзяўчаты, але і юнакі.

Памяшканне, дзе збіраюцца навучэнцы, упрыгожваюць дзясяткі арыгінальных работ — зробленыя з саломкі карціны, кветкі, капелюшы… Ёсць нават лялечны дом і жаночая сумачка! Цяжка ўявіць, колькі часу, сіл і фантазіі ўкладзена ў кожную з іх. Асабліва ўлічваючы тое, што саломка — матэрыял капрызны, а работа з ім марудная і працаёмкая. 

Іна Сняжкова
Фота аўтара і Таццяны Дзегцярук



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.