Терпите насилие дома? Выход есть! «Кризисная комната» поможет тем, кто оказался в трудной жизненной ситуации

Общество

Астравок бяспекі

Наталля мела мужа і дваіх дзетак, працавала на заводзе. Нягледзячы на тое, што жылі на здымнай кватэры, адчувалі сябе шча­слівымі. Гора ўварвалася рап­тоўна — муж загінуў у аварыі. Зарплаты і дапамогі па страце карміцеля хапала толькі на самае неабходнае. Настаў час, калі не было чым заплаціць гаспадарам за кватэру, і тыя сказалі пакінуць жыллё.

Дах над галавой прапанаваў адзінокі, старэйшы за яе калега. Ён злоўжываў алкаголем, меў буйны характар, зневажаў дзетак, часта дамагаўся блізкасці Наталлі і раўнаваў яе. Змагла вытрымаць толькі паўгода. Калі падняў руку на старэйшую дзяўчынку, укінула ў сумку тое, што трапіла на вочы, і выбегла з дзецьмі прэч. На дварэ цемра, дождж і пранізлівы вецер. За руку трымала шасцігадовую дачушку, хінула да грудзей ча­тырохгадовага сыночка. Сі­туацыя здавалася безвыходнай. Нават прамільгнула думка кі­нуцца ў раку. Але праз некалькі метраў яе, заплаканую, спыніла жанчына, як аказалася, сацыяльны работнік былой Наташынай суседкі. Яна забрала гаротніцу з дзецьмі на ноч да сябе і параіла звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр са­цыяльнага абслугоўвання на­сельніцтва, дала нумар тэле­фона даверу. Цяпер Наталля жыве ў «крызісным пакоі» ТЦСАН. Вырашаецца пытанне аб выдзяленні ёй інтэрната.

«Крызісны пакой» прызначаны для часовага знаходжання ў ім ахвяр гандлю людзьмі, пацярпелых ад насілля, тэрактаў, тэхнагенных катастроф, стыхійных бедстваў. Карацей, тут даюць прытулак тым, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (адсюль і назва «крызісны пакой»). Ён становіцца часовым, але надзейным, спакойным, утульным месцам для тых, каму няма куды пайсці. Праўда, многія жанчыны церпяць здзекі мужоў-тыранаў і не выносяць смецце з хаты: маскіруюць сінякі, патупляюць заплаканыя вочы і нікому нічога не расказваюць. У такіх выпадках вельмі важна неабыякавасць суседзяў. Звычайна людзі стараюцца не ўмешвацца ў чужыя сямейныя разборкі. А яны нярэдка прыводзяць да трагедыі.

У «крызісны пакой» грама­дзян накіроўвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзелы па адукацыі, унутраных спраў, установы аховы здароўя, іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Можна звярнуцца туды і па ўласнай ініцыятыве. Людзі, якія ў прамым сэнсе слова аказаліся на вуліцы, могуць тут часова пажыць бяспечна, з дапамогай псіхолага залячыць душэўныя раны і знайсці выйсце з тупіка.

Кругласутачнае пражыванне, карыстанне электраэнергіяй, камунальныя паслугі ў «кры­зісным пакоі» бясплатныя. А харчаванне, набыццё ле­каў, сродкаў гігіены, іншых неабходных рэчаў — за ўласныя сродкі. Ананімную і бясплатную кансультацыю, псіхалагічную дапамогу можна атрымаць, па­тэлефанаваўшы на нумар 2-40-67. Калі бяда здарылася ў вячэрні або начны час, выхадны дзень, па дапамогу звяртайцеся ў аддзел унутраных спраў райвыканкама (тэл. 4-10-02).

Ні ў якім разе не цярпіце здзекі, бо можа здарыцца не­папраўнае. Доказ таму — нядаўняя трагедыя ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе дамаш­ні са­дыст па-зверску забіў жонку, шасцярых малалетніх дзяцей і маці. Урэшце фігурантамі крымінальнай справы сталі прадстаўнікі мясцовай паліцыі, начальнік аддзела адукацыі. Жонка не адзін раз пісала заяву ў паліцыю, але потым забірала. Шкадавала тырана? Баялася? Цяпер ужо ніхто не адкажа на гэта пытанне.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.