«Умеет работать с людьми». Доната Ивановна Драгун работает почтальоном в Поставах 45 лет

Личности

Мы Іванаўну не адпускаем

Даната Іванаўна Драгун 45 гадоў працуе паштальёнам у Паставах. У аддзяленне сувязі №1 прыйшла 20-гадовай дзяўчынай. Па ўзросце ўжо даўно магла б адпачываць…

— Але мы не адпускаем Іванаўну, — гаварыла мне намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ірына Нікіфаровіч, — бо такія работнікі, як яна, на вагу золата. Умее працаваць з людзьмі, выконвае ўсе планавыя паказчыкі.

А начальнік аддзялення сувязі №1 Дар’я Снапок увогуле ў захапленні ад старэйшай калегі: «Яна нам як мама. Цудоўны чалавек, выдатны работнік».

Наконт «не адпусцім», вядома ж, перабольшанне. Выйшаўшы на пенсію, ветэран працы ў любы час магла б перарваць кантракт. Ды душой прыкіпела да справы, выбранай аднойчы і назаўсёды. Таму, пакуль дазваляе здароўе, і не развітваецца з ёй.

Даната Іванаўна жыве ў мікрараёне пятага гарадка, а працуе ў аддзяленні паштовай сувязі, размешчаным у шостым, — на другім канцы горада. І тут яна ведае людзей больш, чым па месцы свайго жыхарства. Абслугоўвае жыхароў вуліц Палявой, Азёрнай, хутара Нарыхтжывёла, некалькіх шматпавярховак па Зялёнай. Не проста раскладвае карэспандэнцыю па паштовых скрынях, а пастаянна кантактуе з кліентамі. Не палянуецца зайсці ў кватэру або дом. Выплачваючы пенсію, грашовы перавод або дастаўляючы заказное пісьмо, пагаворыць з чалавекам, падзеліцца навінамі, выслухае яго, што асабліва дорага для адзінокіх састарэлых, якім так не хапае субяседнікаў. Прапануе падпісацца на тое ці іншае выданне або нагадае, што пара прадоўжыць падпіску.

Акрамя дастаўкі карэспандэнцыі і грашовых выплат, паш­тальён прапануе і розныя харчовыя тавары: алей, крупы, мясную тушонку, розныя саладосці і інш. Нягледзячы на тое, што ў мікрараёне, які яна абслугоўвае, працуе некалькі магазінаў, паспяхова рэалізуе тавар. І зноў жа таму, што знаходзіць падыход да людзей.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.