Уроженка д.Муляры Ванда Мартинш душ Рейш, живущая в Литве, презентовала свою книгу «Плод авокадо»

Культура

Адданасць Радзіме і роднаму слову

У нумары «Пастаўскага краю» за 2 лістапада выйшла чарговая літаратурная старонка. У ёй побач з творамі мясцовых паэтаў былі змешчаны і два вершы ўраджэнкі вёскі Муляры нашага раёна Ванды Марцінш душ Рэйш (у дзявоцтве Ожаль), якая зараз жыве ў Вільнюсе. У прадмове да іх стрыечны брат паэткі Іван Якян коратка расказаў пра жыццёвы шлях сястры, яе заўсёдную любоў да малой ра­дзімы. А літаральна праз два дні на электронны адрас рэдакцыі прыйшоў ліст з Вільнюса — ад старшыні беларускага клуба «Сябрына» Валянціна Стэха наступнага зместу: «Беларускі клуб «Сябрына» ў Вільні з’яўляецца першай беларускай грамадскай арганізацыяй, зарэгістраванай у Літве пасля 1940 года, і адлічвае ўжо 33-ці год сваёй дзейнасці. Адной з першых, хто прыйшоў тады да нас, была і Ванда Марцінш, якая нарадзілася 19 лістапада 1959 года ў вёсцы Муляры Пастаўскага раёна. 26 кастрычніка адбылася прэзентацыя яе кніжкі «Плод авакада», якая выйшла сёлета ў выдавецтве беларусаў Літвы «Рунь». На яе ў Доме нацыянальных аб’яднанняў сабраліся сябры дзяцінства, аднакласнікі, суседзі, сваякі, калегі, звычайныя аматары пісьменства. Падзея шырока асвятляецца ў беларускамоўных сродках масавай інфармацыі Літвы. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б у дадатак да гэтага і газета «Пастаўскі край» змясціла колькі вершаў спадарыні Ванды».

Робім гэта з задавальненнем. А асабіста мне прыемна ўзгадаць літаратурна-музычнае свята, што адбылося ў Паставах у рамках Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», на якое была запрошана і Ванда Марцінш. Яна пранікнёна чытала са сцэны свае вершы, многія з якіх прысвячаліся малой радзіме, і іх глыбіня нікога не пакінула раўнадушным. Некалькі экзэмпляраў паэтычнага зборніка «Плод авакада» аўтар падарыла Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Таму з яе вершамі можа пазнаёміцца кожны прыхільнік паэзіі.

З юбілеем, зямлячка! Няхай заўжды і ўсюды вас сагравае святло малой радзімы, лёгка і натхнёна нясуць крылы натхнення да новых твораў. А вы і надалей трапятліва нясіце ў сваім сэрцы шчырую беларускасць.

Родная  мова

Ты сцюжа i спёка, радасць i смутак,
Роспач, надзея, маўчанне i гук.
Ты пылкасць кахання i здрады пакута,
Слодыч сустрэчы i горыч разлук.
Лустачка хлеба з соллю i перцам,
Ў небе вясеннiм звонкi жаўрук,
Вернага сябра шчодрае сэрца,
Ласкавы дотык матулiных рук.
Майскага саду водарны росквiт,
Сонца i месяц над сцежкай жыцця,
Доўгага шляху цiхая ростань,
Песня-усхлiп прад ракой небыцця…

Сучасная моладзь

Усё цяпер i тут жадае моладзь,
У неба летуценна не глядзiць.
Не чуе птушак, не збiрае кветак,
Не мае часу дрэўца пасадзiць.

Упяўшы зранку вочы у экраны,
Смяртэльны страх – мабiльнiк разрадзiць.
Адно другога бачаць толькi ў профiль
Цi з фотаздымкаў любая глядзiць.

Iдуць ў атаку рэчы i машыны,
Адзiны шлях душу уратаваць –
Глядзець у вочы ёй i заклiнанне:
«Цябе кахаю, мiлая!» сказаць.

Гадуценская  парафія

За нашай вёскай – дрот і брэх сабак службовых.
Тут, стаўшы на дыбкі, спынілася шаша,
Калі крывым рубцом уздоўж чыгункі
Пралегла праз парафію мяжа.

І доўгі час нядзеля за нядзеляй,
Пачуўшы ўдалечы касцельны звон,
Свае ў ахапку падабраўшы полы,
Жанкі казой сігалі «за кардон».

Прайшлі гады, жанкі знайшлі спачын свой
Ад клопатаў на могілках, ў цішы,
Пазарасталі сцежкі у былое,
Растала памяць, быццам ледзяшы.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.