Ушанавалі памяць салдат. У Лынтупах добраўпарадкавалі пахаванне Першай сусветнай вайны

Общество

Удзельнікі суботніка

Пярэдадзень Дзядоў — час наводзіць парадак на могілках. Хіба толькі на грамадзянскіх? Дырэктар Лынтупскага культурнага цэнтра «Культыватар» Вадзім Гліннік перакананы, што памяці вартыя і вайскоўцы, пахаваныя на ўскрайку пасёлка ў гады Першай сусветнай вайны.

У пачатку кастрычніка «Культыватар» выступіў з ініцыятывай правесці там суботнік. Пра месца і час паведамілі ў сацыяльных сетках. Вадзім Васільевіч прыемна здзівіўся, калі ўбачыў, колькі нераўнадушных людзей адгукнулася на гэту просьбу.

Сярод удзельнікаў суботніка — а ён адбыўся 5 кастрычніка — былі члены праўлення і сябры «Культыватара», валанцёры руху «Заходні рубеж», студэнты-архітэктары БНТУ, рэстаўратары, мясцовыя жыхары — усяго каля дваццаці чалавек.

— Наша галоўная задача — падняць, пачысціць і апраца­ваць спецыяльным антысэптычным растворам надмагільныя пліты, — акрэсліў план работ член праўлення «Культыватара» архітэктар Раман Забела. — Пад іх падсыплем «падушку» з пяску, каб яны не ўрасталі ў зямлю. Зоймемся і добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

 

Раней пахаванне лічылася нямецкім. Але дзякуючы знойдзеным гістарычным дакументам удалося ўстанавіць, што тут пакояцца і рускія салдаты. Усяго ў 1916—1918 гадах на гэтым месцы пахавана каля 180 чалавек. Фатаграфіі таго часу сведчаць: немцы хавалі сваіх ворагаў у асобных магілах, побач былі ўстаноўлены вялікія праваслаўны і каталіцкі крыжы. У 1930-я гады іх замянілі на бетонныя надмагільныя пліты. Сёння такіх захавалася каля 130-ці. Дзясятак новых знайшлі менавіта падчас сёлетняга суботніка.

Так пахаванне выглядала раней

Прадстаўнікі нямецкай будаўнічай кампаніі «Рэмерс» паклапаціліся, каб гэтыя ўцалелыя помнікі гісторыі змагло ўба­чыць яшчэ не адно пакаленне. Яны прывезлі з сабой спецыяльныя хімічныя растворы, якія знішчаюць на плітах усе мікраарганізмы і ахоўваюць ад далейшага разбурэння. Імі ж пакрылі і ўсталяваную летась драўляную браму — гэта падоўжыць тэрмін яе службы.


Пахаванне часоў Першай сусветнай вайны ў Лынтупах — самае вялікае сярод аналагічных на Пастаўшчыне.


Сярод тых, хто шчыраваў на суботніку, быў і мінчанін Валерый Міцкевіч. Па адукацыі ён інжынер-будаўнік, але з 1985 года даследуе тэму Першай сусветнай вайны. З’яўляецца аўтарам дзвюх выдадзеных кніг, яшчэ пяць чакаюць выхаду ў свет. Адно з выданняў будзе прысвечана фартыфікацыйным збудаванням Першай сусветнай на тэрыторыі Пастаўскага і Мя­дзельскага раёнаў — бетонным бліндажам, укрыццям, прыстанішчам…

— Лынтупскае пахаванне знаходзіцца ў адносна добрым стане, — заўважыў краязнаўца, які прыехаў у пасёлак упершыню. — На шчасце, мясцовыя жыхары не расцягалі бетонныя пліты на свае гаспадарчыя патрэбы, як гэта было зроблена на шматлікіх іншых пахаваннях. Таму важна захаваць помнік гісторыі ў належным выглядзе. Гэтага будзе дастаткова, каб ушанаваць памяць памерлых.

— Я часта абменьваюся здымкамі, рознай інфармацыяй з немцамі, французамі. Мы дапамагаем адно аднаму, бо аднолькава захопленыя тэмай Першай сусветнай, — працягваў расказваць Валерый. — Бачна, што помнікі нашым салдатам за мяжой даглядаюць. Нямецкія калегі вельмі здзіўлены тым, як многа пахаванняў, збудаванняў тых часоў захавалася ў нашай краіне. І яшчэ вельмі важны момант. У той жа Германіі пад многімі помнікамі… пуста. Лю­дзі сыходзілі на вайну, гінулі на Усходзе, а іх прозвішчы пісалі на памятных дошках і тым самым ушаноўвалі памяць салдат. У нас жа могілкі сапраўдныя: пад кожнай плітой тут ляжаць людзі.

Сёлета ўдалося ўстанавіць прозвішчы ўсіх салдат, пахаваных на могілках. Мядзельскі краязнаўца Вадзім Прыўрацкі натрапіў на іх спіс, калі працаваў у Вільнюскім архіве. У хуткім часе ён будзе апублікаваны ў адной з кніг, прысвечаных пахаванням часоў Першай сусветнай.

Работы па добраўпарадкаванні могілак працягваліся амаль да вечара.

— Задавальненне ад зробленага вельмі вялікае, — прызнаўся Вадзім Гліннік пасля завяршэння суботніка. — Вельмі важна і тое, што мы, прадстаўнікі «Культыватара», нарэшце пазнаёміліся з актывістамі пастаўскага валанцёрскага руху «Заходні рубеж». Ведаю, як шмат яны зрабілі ў плане добраўпарадкавання пахаванняў Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне, для папулярызацыі гэтай тэмы ў грамадстве. Спадзяюся, наша супрацоўніцтва будзе працягвацца. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто далучыўся да гэтай важнай справы, асабліва мясцоваму жыхару Анатолiю Лоўкісу, які за свае сродкі набыў 10 тон жвіру. У выніку мы зрабілі істотна больш, чым планавалі. Сёння, гледзячы на тэрыторыю пахавання, цяжка ўявіць, што пару гадоў назад тут усё было закідана смеццем з суседніх грамадзянскіх могілак (Першы суботнік «Культыватар» тут ла­дзіў у 2018 годзе, яшчэ раней парадак спрабавалі навесці мясцовыя сельскі Савет і школа — аўт.). Цяпер гэты гістарычны аб’ект не сорамна паказаць і мясцовым жыхарам, і турыстам. Упэўнены, што цікавасць да яго з боку прыезджых будзе расці.

Іна Сняжкова
Фота аўтара, Андрэя Мацура і з архіва «Культыватара»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.