В агрогородке Камаи уникальный не только костел, но и ксендз Яцек Хутман

Духовность

Вяртанне да крыніцы

У аграгарадку Камаі ўнікальны не толькі касцёл, але і ксёндз. У гэтым пераканалася карэспандэнт «ПК», якая днямі наведалася ў адзін з самых старажытных каталіцкіх храмаў Беларусі.

Нагодай для паездкі стала інфармацыя пра тое, што нядаўна ў касцёле адбылося асвячэнне сямі адноўленых за гэты год вокнаў. Дамовіцца пра сустрэчу з пробашчам парафіі ксяндзом Яцэкам Хутманам атрымалася толькі праз «хатні» тэлефон. Мабільнага ён не мае, як, зрэшты, і іншых гаджэтаў. Але гэта не перашка­джае яму быць на сувязі з вялікай колькасцю лю­дзей і вырашаць мноства сур’ёзных пытанняў.

Ксёндз Яцэк — чалавек актыўны: арганізуе складаныя рамонтныя работы ў святыні, займаецца добраўпарадкаваннем могілак. Прычым не толькі грамадзянскіх, але і даўнейшых вайсковых — па яго ініцыятыве наведзены парадак на пахаваннях часоў Першай сусветнай вайны, на могілках салдат французскай арміі, якія загінулі падчас вайны 1812 года. Мясцовыя жыхары ўдзячныя ксяндзу за парк, які дзякуючы яго намаганням з’явіўся ў цэнтры аграгарадка, за новы школьны стадыён… Заслуга святара і ў тым, што Камайскі сельскі Савет у 2017 годзе быў прызнаны адным з пяці пераможцаў рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Беларусі.

Ксёндз Яцэк Хутман прыехаў у Беларусь з Польшчы і быў назначаны пробашчам камайскай парафіі 1 ліпеня 2002 года. Ён выдатна разумеў, якая гэта вялікая адказнасць —  служыць у настолькі ўнікальнай святыні. Яе будаўніцтва скончылася ў 1606 годзе. Двухметровыя па таўшчыні сцены і сёння захоўваюць у сабе ядры часоў Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў.

Якім святар убачыў касцёл 17 гадоў назад?

— Нельга сказаць, што храм быў у запушчаным стане, — адказаў пробашч, з якім мы сустрэ­ліся пасля заканчэння чарговай Імшы. — Упэўнены: папярэднія ксяндзы рабілі ўсё ад іх залежнае, каб захаваць касцёл і яго адметнае ўбранства, хаця ў ХХ ст зрабіць гэта было звышскладана. Цяжка было дзіця пахрысціць, не тое што рамонты ладзіць!

З чаго пачаць добраўпарадкаванне святыні? Гэта пытанне аказалася зусім не складаным: найперш вырашыў заняцца тым, у чым меў найбольшую патрэбу як святар. Абнавіў алтар, хрысцільню, устанавіў новы канфесіянал (па-народнаму — «спавядніцу»).Дзякуючы клопату ксяндза была праведзена дарагая і найскладанейшая рэканструкцыя стогадовага аргана.

Кожны крок святара ў плане рамонтных работ быў вельмі асцярожным і шматразова прадуманым.

— Дзе самая чыстая вада? У крыніцы, — разважаў суразмоўца. — Але пасля ўпадзення ў раку ў ёй становіцца ўсё больш бруду. Шматвяковая гісторыя храма таксама наклала адбітак на першапачатковую задуму аўтара касцёла. У розныя вякі, каб патанніць работы, паскорыць іх, выкарыстоўваліся не самыя якасныя матэрыялы, прымаліся неапраўданыя рашэнні. І сёння стаіць задача ачысціць касцёл ад лішняга, непатрэбнага. Умоўна кажучы, вярнуцца да крыніцы — да задуманага аўтарамі. У Божым доме ўсё павінна быць натуральна і арганічна. Прыгожае — не новае, бліскучае, а самабытнае. 

У 2010-2011 гадах адбылася рэстаўрацыя фасада касцёла. Да новага колеру храма неаднойчы ўзнікалі пытанні. Многіх здзіўляла, што ён не белы. Аднак колер фарбы быў выбраны не проста так.

— Напярэдадні работ бы­ло­ праведзена сур’ёзнае хімі­ка-фізічнае даследаванне, у выніку якога высветлілася, што першапачатковым быў менавіта такі колер храма, — патлумачыў навуковы кіраўнік тых рэстаўрацыйных работ архітэктар Вадзім Гліннік. — Пры афарбоўцы мы таксама ўлічылі той момант, што капліца, дабудаваная да касцёла ў XVIII стагоддзі, нязначна адрознівалася па колеры ад асноўнага будынка. Калі ўзводзіўся камайскі касцёл,  белай фарбы не было ў прынцыпе. Бяліць помнікі архітэктуры пачалі толькі ў канцы XIX стагоддзя.

Немагчыма было не задаць ксяндзу пытанне: за чый кошт аднаўляецца храм-крэпасць? Адказ здзівіў: выкарыстоўваюцца ў асноўным сродкі мясцовых вернікаў.

— У камайскай парафіі сёння пражывае каля тысячы каталікоў, — падлічыў ксёндз Яцэк Хутман. — Наогул, тут усе людзі любога веравызнання славяцца сваёй ахвярнасцю. Ніхто ніколі не вызначаў канкрэтных сум грошай, кожны даваў роўна столькі, колькі мог і хацеў. Аднойчы пра фінансавую дапамогу касцёлу ў мяне спытаў адзін турыст з Германіі. Ён палічыў абсалютна правільным рашэнне, што мы робім усё сваімі сіламі. Маўляў, калі ў рамонт вялікія сродкі ўкладваюць мецэнаты, дзяржава, то людзі прыходзяць у храм, як у музей. А калі вернікі самі клапоцяцца пра святыню, то наведваюць яе зусім з іншым настроем. Яны ідуць маліцца ў свой (падкрэслю гэта слова — свой) касцёл. І гэта праўда.

 Спытала ў ксяндза Яцэка і пра далейшыя планы па аднаўленні храма.

— Трэба заняцца падлогай, — адзначыў ён. — Але важна  вызначыцца, як гэта рабіць. У кожнага рэстаўратара свой падыход, сваё меркаванне. І трэба выслу­хаць некалькіх, каб прыняць рашэнне. Займае час і ўзгадненне любых рамонтных работ з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. За апошні час мы атрымалі сем дазволаў гэтай установы. Колькі б ні звярталіся, нам ніколі не адмовілі.

З зайздросным пастаянствам у касцёле бываюць не толькі вернікі, але і турысты. Сюды яны наведваюцца ці не з усіх кантынентаў — тут можна сустрэць кітайцаў, амерыканцаў, грама­дзян Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і іншых.


Ксёндз Яцэк Хутман — той чалавек, якога можна слухаць бясконца. Яго філасофскія разважанні, энцыклапедычныя веды, добразычлівасць, тонкае пачуццё гумару захопяць любога суразмоўцу.


Цяпер прычын захапляцца ў іх будзе яшчэ больш: сёлета зайгралі новымі фарбамі 7 адноўленых касцельных вокнаў. Іх урачыстае асвячэнне адбылося ў кастрычніку падчас нядзельнай святой Імшы. На ёй прысутнічалі мастак Аляксей Бычко, які выканаў надзвычай складаныя аднаўленчыя работы, фундатары, якія выдаткавалі на іх грошы. У той дзень касцёл наведаў і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён уручыў ксяндзу Яцэку Падзячны ліст старшыні райвыканкама, а таксама юбілейны знак, выпушчаны да 610-годдзя Пастаў. У сваю чаргу святар падкрэсліў, што раённая ўлада з ім даўно і плённа супрацоўнічае, спрыяе вырашэнню пэўных пытанняў.

Тую вялікую работу, якую праводзіць камайскі святар, бачаць і цэняць у Віцебскай дыяцэзіі. 12 лістапада ксёндз Яцэк назначаны ганаровым канонікам Віцебскай катэдральнай капітулы. Адпаведны дэкрэт са згоды біскупа Сандамежскага з Польшчы падпісаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У дакуменце пазначана, што ксёндз атрымаў такое званне «…за руплівую і адданую працу па рэстаўрацыі касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях і фарміраванне жывой парафіяльнай супольнасці ў камайскай парафіі».

…Ксёндз Яцэк Хутман — той чалавек, якога можна слухаць бясконца. Яго філасофскія разважанні, энцыклапедычныя веды, добразычлівасць, тонкае пачуццё гумару захопяць любога суразмоўцу. Сам святар нікому спадабацца не імкнецца. Ён не любіць хваліцца зробленым і стараецца не прыцягваць да сябе ўвагі, бо кожную справу, за якую бярэцца, робіць выключна па клічы сэрца.


Камайскі касцёладзін з трох помнікаў архітэктуры Віцебскай вобласці, якія маюць найвышэйшуюнулявуюкатэгорыю каштоўнасці.

За чатыры стагоддзі існавання камайскі касцёл закрываўся ўсяго на 3,5 месяца — гэта адбылося ў XIX стагоддзі. У XX ст дзейнічаў бесперапынна. Многія звязваюць гэты факт з тым, што ксёндз Андрэй Булька падчас вайны ўкрыў ад немцаў вядомага партызана і таму ў складаны для рэлігіі час храм выкарыстоўваўся выключна па прызначэнні.

Пры правядзенні аднаўленчых работ у алтары была знойдзена невялікая ніша, у якой аказаліся мошчы святых, датаваныя 1673 годам.

На месцы ўзвядзення храма сыходзілася пяць дарог.

У касцёле ёсць дзве крыпты (склепы), дзе захоўваюцца астанкі пахаваных тут фундатараў капліцы і ашмянскіх маршалкаў.

Сярод гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія захаваліся ў храме, — цудадзейны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, устаноўлены ў 1610 го­дзе, арган, абраз Альфрэда Ромера «Хрыстос і сірата», алтарныя драўляныя статуі святых Пятра і Паўла і іншыя.

У вёсцы Камаі нарадзіўся славуты кампазітар, арганіст, рэктар Кракаўскай акадэміі музыкі Браніслаў Руткоўскі. У 1915 годзе вікарыем у камайскай парафіі некаторы час быў ксёндз Канстанцін Стаповіч, вядомы ў літаратурным свеце як паэт Казімір Сваяк. У памяць пра гэтых людзей у касцёле ўсталяваны памятныя дошкі.


 

Іна Сняжкова, фота аўтара і Іосіфа Цапеліка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.