Витаминизация по-поставски: поставские кооператоры делают самые вкусные заготовки в квасильно-засолочном цеху

Общество

Вітамінізацыя па-пастаўску

Вы ўжо заквасілі капусту на зіму? Магчыма, дарэмны клопат, бо ўсё роўна смачнейшай, чым у пастаўскіх кааператараў, яна не атрымаецца нават у самых вопытных гаспадынь.

У гэтым пераканаліся сотні спажыўцоў не толькі ў нашым горадзе і раёне, але нават ведаеце дзе? У Новасібірску, за 5 тысяч кіламетраў ад Пастаў! Менавіта туды, на міжнародны кірмаш, у мінулым месяцы прадстаўнікі райспажыўтаварыства вазілі прадукцыю ўласнай вытворчасці.

— Гандлявалі на працягу 9 дзён. Прадалі амаль усе 20 тон мясных вырабаў, саленняў-квашанняў, — расказваў начальнік аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Аляксандр Жук. — Упадабаўшы нашу прадукцыю, пакупнікі прыходзілі па яе зноў.

— Агульны аб’ём закладак на міжсезонны перыяд 2019/2020 года склаў 436 тон,— паведаміў Аляксандр Жук. — Закуплівалі агуркі, памідоры, капусту, моркву, бульбу, буракі, цыбулю, часнок, ягады, грыбы і іншыя дары прыроды. Акрамя штатных нарыхтоўшчыкаў, заключалі дагаворы з сезоннымі. Таксама прымалі сыравіну ў магазінах. Як і ў папярэднія гады, яе закупкі праводзілі не толькі ў нашым і суседніх раёнах, але і па ўсёй Віцебскай вобласці. Шмат агародніны нарыхтавалі на Брэстчыне і Гродзеншчыне. Заключылі дагаворы з пастаўскімі фермерамі Аляксандрам Гаўрыленкам, Сяргеем Парангоўскім, докшыцкім — Дзмітрыем Шарабайкам не толькі на продаж сыравіны, але і на яе захоўванне, паколькі першы мае сховішча для агародніны, а два другія — для садавіны. Выдатныя ўмовы захоўвання на нашай базе.

Перапрацоўваецца нарыхтаваная сыравіна ў квасільна-засолачным цэху, куды мы і накіраваліся з начальнікам вытворчасці Зояй Урандайкінай. 10 гадоў назад праведзена яго рэканструкцыя, устаноўлена абсталяванне венгерскай вытворчасці. Уразіла ідэальная чысціня на прасторнай каляцэхавай тэрыторыі, у самім цэху і на складах. У памяшканнях, дзе захоўваюцца сыравіна і гатовая прадукцыя, заўсёды падтрымліваецца зададзены мікраклімат. Што да яе перапрацоўкі, то вырабляецца каля 20 відаў салёна-марынаванай прадукцыі. Прычым саленне-квашанне праводзіцца без кансервантаў, атрымліваецца натуральны прадукт. Салаты і агароднінныя закускі расфасоўваюцца ў ёмістасці рознага аб’ёму — ад 280 грамаў да 1 кілаграма. Закладзена 150 тон салёных агуркоў, 15 — таматаў, 3 тоны марынаванага часнаку, 0,5 тоны марынаванага перцу, 0,3 тоны салёных баклажанаў. Вялікім попытам у пакупнікоў карыстаецца і натуральны пастэрызаваны яблычны сок. А той жа капусты кожны тыдзень заквашваюць у цэху да 5 тон і ўсю рэалізуюць.

— У цэху працуе 8 чалавек, — расказвала Зоя Урандайкіна. — Усе стараюцца. Калі паступае асабліва шмат заявак на прадукцыю, застаюцца і зверхурочна. А ў сезон нарыхтовак і з 6 гадзін пачыналі рабочы дзень. Прыемна, што прадукцыя, якую вырабляем, карыстаецца попытам.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.