Житель Поставского района осужден к 5 годам лишения свободы за мошенничество в особо крупном размере

Важное Правовое поле

Махлярства па адным і тым жа сцэнарыі

З 19 лютага бягучага года жыхар Пастаўскага раёна К. знаходзіцца ў зняволенні. Рашэннем раённага суда ён прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Лічу патрэбным расказаць пра крымінальныя дзеянні грамадзяніна, у выніку якіх ён апынуўся за кратамі. Спадзяюся, што гэта гісторыя прымусіць задумацца як патэнцыяльных махляроў, так і тых, хто прывык залішне давяраць людзям. Падзеі разгортваліся наступным чынам. Зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, а потым з’яўляючыся дырэктарам прыватнага гандлёва-будаўнічага прадпрыемства, К. размясціў у інтэрнэце аб’яву пра тое, што якасна і ў сціслыя тэрміны вырабляе зрубы. Яна і зацікавіла расіяніна У., які збіраўся пабудаваць у Падмаскоўі дом. Дамовіўся з будучым выканаўцам пра кошт работы і тэрміны яе выканання. Той паабяцаў, што не толькі зробіць зруб, але і пасля перавозкі ў Падмаскоўе разам са сваімі рабочымі збярэ яго.

Паколькі зруб дома каштаваў дорага, расіянін усё ж вырашыў першапачаткова даверыць зрабіць два прасцейшыя: на лазню і бытоўку, у якой планавалася пражыванне будаўнікоў. Сышліся ў цане — 3 300 долараў ЗША. К. абавязаўся выканаць заказ на працягу паўтара месяца з моманту закупкі лесу, а лес закупіць не пазней як праз два тыдні пасля атрымання ад заказчыка авансу. Абнадзеены У. прывёз 47 тысяч расійскіх рублёў, што эквівалентна 1 500 доларам. Як мае быць аформілі дагавор. Але прахо­дзіў час, а работа не пачыналася. К. прыдумваў усялякія прычыны: то драўніна няякасная, то папярэдні заказчык з ім не разлічыўся і ўзніклі фінансавыя цяжкасці, то яшчэ што. Заказчык згаджаўся пачакаць. Нарэшце атрымаў паведамленне, што зруб лазні робіцца. Прыехаў на Пастаўшчыну паглядзець, ці сапраўды гэта так. Зруб вырабляўся, задавольвала якасць. Таму ўнёс 500 долараў даплаты за зруб лазні і 2 100 долараў у якасці перадаплаты за выраб зруба дома. Ад вырабу зруба бытоўкі адмовіўся. Вырашылі, што абодва зрубы транспартуюць у Падмаскоўе разам.

Прайшло яшчэ чатыры месяцы. Справа не скранулася з месца. Прадпрымальнік зноў знаходзіў розныя адгаворкі. Праз нейкі час расіянін убачыў у інтэрнэце аб’яву, што К. прадае зруб лазні. Устрывожаны, што гэта яго зруб, тэрмінова звязаўся з К. і спытаў, калі можна забраць зруб лазні і калі будзе выраблены зруб дома. У адказ пачуў нечаканае: зруб лазні яму не аддадуць, а зруб дома не вырабяць. Тады заказчык стаў патрабаваць вярнуць яму грошы. «Вярну, — адказаў той. — Але зараз іх у мяне няма і невядома, калі будуць». Расіянін прапанаваў К. адпрацаваць перададзеныя яму грошы ў яго на будоўлі, але атрымаў адмову. І яму не заставалася нічога іншага, як звярнуцца з заявай у міліцыю.

У крымінальнай справе, узбуджанай супраць К., фігурыруюць яшчэ чатыры аналагічныя эпізоды. Грамадзяніна Г. з Міншчыны ў аб’яве прыватнага прадпрыемства, дырэктарам якога з’яўляўся К., размешчанай на яго сайце, прывабіла цана, ніжэйшая, чым у іншых выканаўцаў работ, і абяцанне вырабіць зруб у кароткія тэрміны. Прадпрымальнік жа дзейнічаў па ранейшым сцэнарыі: дэманстраваў зацікаўленасць, заключаў з заказчыкам дагавор, браў аванс, а ў дадзеным выпадку — нават усю суму ў 20 026 беларускіх рублёў, пераканаўшы Г., што ў такім разе зруб яму абыдзецца танней. Праз некаторы час пачынаў скар­дзіцца на розныя няўвязкі, а ўрэшце не выканаў заказ і не вярнуў грошы. К. змог пераканаць у рэспектабельнасці і надзейнасці свайго прадпрыемства і жыхара Пухавіцкага раёна П., які заказаў яму вырабіць зруб з прафіляванага бруса для ўзвядзення дома, у якасці перадаплаты перадаў сродкі ў размеры 60% ад каштарыснага кошту матэрыялаў, але не дачакаўся ні зруба, ні вяртання грошай.

Яшчэ адзін пацярпелы ад махлярскіх дзеянняў К. — жыхар Міншчыны В. Прадпрымальны прадпрымальнік пераканаў, што яго прыватнае прадпрыемства працуе паспяхова, няма ніякіх праблем з матэрыялам, тэрмін выканання заказу — 30 каляндарных дзён з моманту атрымання авансу. І, як вы ўжо разумееце, ашукаў — заказ не выканаў, грошы прысвоіў. І прадоўжыў актыўнічаць. Так, жыхару Пухавіцкага раёна Г. прапанаваў пабудаваць дом з… кедру, з вуглом рубкі ў «канадскую чашу». Пры заключэнні дагавора на выкананне работы заказчык заўважыў, што яго падпісвае дырэктар фірмы, якая мае іншую назву, чым тая, што значылася на сайце, дзе ён убачыў аб’яву пра выраб зрубаў і якая яго зацікавіла. Але, як ні дзіўна, задаволіўся адказам К., што змена назвы фірмы — вытворчая неабходнасць. Пра тое, што рахункі яго папярэдняй фірмы арыштаваны і маюцца нявыкананыя абавязацельствы перад некалькімі заказчыкамі, К. вядома ж, змаўчаў. І па ўжо адпрацаванай схеме стаў вадзіць за нос чарговага, пакуль не завалодаў сумай у 18 000 беларускіх рублёў.

Гаворачы афіцыйнай мовай, грамадзянін К. атрымліваў ад заказчыкаў грошы ў якасці перадаплаты, заведама не маючы намеру выконваць узятыя на сябе абавязацельствы і не маючы такой магчымасці, паколькі на момант заключэння дагавораў у яго не было ні лесу, ні прафіляванага бруса, ні канкрэтных дагавораў на іх набыццё, адсутнічала і неабходнае абсталяванне. Інфармацыя, размешчаная на сайце прыватнага прадпрыемства, з’яўлялася несапраўднай і ўводзіла патэнцыяльных заказчыкаў у зман.

Судом дакладна ўстаноўлена, што абвінавачваны К. меў адзіны намер, накіраваны на наўмыснае проціпраўнае завалоданне чужой маёмасцю з карыслівай мэтай, і шляхам падману завалодаў грашовымі сродкамі пяці грамадзян на агульную суму 52 045 рублёў, што на момант здзяйснення злачынства склала 2 262 базавыя велічыні і з’яўляецца асабліва буйным размерам. Якое пакаранне вынесена абвінавачванаму, вы ўжо ведаеце з пачатку артыкула. К. з прыгаворам суда не згадзіўся і падаў апеляцыйную скаргу ў абласны суд. Але яна пакінута без задавальнення, і прыгавор не зменены.

 Наталля Максімовіч, суддзя суда Пастаўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.