1 декабря — День юриста. Валерий Маркелов — юрист ОАО «Поставы-мебель»

Правовое поле

«Калі можаш не судзіцца – не судзіся» — такім прынцыпам кіруецца ў сваёй рабоце юрыст ААТ «Паставы- мэбля» Валерый Маркелаў

У юрыдычнай сферы Валерый Сяргеевіч — чалавек шматвопытны. На прадпрыемстве працуе ўжо 13 гадоў. Да гэтага 8 гадоў быў старшым судовым выканаўцам у судзе Пастаўскага раёна. А між тым па першай адукацыі ён інжынер-механік, закончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут і некаторы час працаваў па спецыяльнасці на «Беліце». Калі ж перайшоў у суд, узнікла неабходнасць атрымання вышэйшай юрыдычнай адукацыі. Што да «Паставымэблі», то сюды яго запрасіў былы дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Сяргей Зямчонак.

Тут Валерый Маркелаў — вельмі запатрабаваная асоба. Ён мае дачыненне практычна да ўсёй дзейнасці прадпрыемства: складае службовыя інструкцыі, рыхтуе да візіравання кіраўніцтвам розныя дагаворы, загады, палажэнні аб прэміраванні, распрацоўвае лакальныя нарматыўна-прававыя акты. Таксама вядзе прэтэнзійна-іскавую работу, якая займае львіную долю часу, паколькі з кожным годам расце колькасць даўжнікоў, неплацельшчыкаў, банкрутаў.

— Дамовіцца заўсёды прасцей, чым ісці ў суд, асабліва калі людзі гатовы да дыялогу, — кажа Валерый Маркелаў. — І, як правіла, яго ўдаецца пабудаваць. Што да аплаты, то ў адносінах да даўжніка могуць быць прыменены адтэрміноўка, растэрміноўка плацяжу, узаемазалік і г.д.

Як прызнаецца мужчына, яму вельмі дапамагае вопыт работы ў судзе. Пры гэтым ён падтрымлівае сувязь з работнікамі пракуратуры, аддзяленняў па грама­дзянстве і міграцыі і прымусовага выканання аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, юрыстамі УП ЖКГ, малаказавода, ПМЦ. Да іх можа звярнуцца па любым рабочым пытанні. І яны нярэдка тэлефануюць Валерыю Сяргеевічу.

Са свайго боку Валерый Маркелаў не лічыцца з асабістым часам. Часта прыходзіць на работу ў 7, а то і ў 6 гадзін раніцы, каб у спакойнай абстаноўцы ўважліва падрыхтаваць неабходныя дакументы, бо на працягу дня з-за розных спраў гэта не заўсёды ўдаецца зрабіць. Акрамя іншага, яшчэ і кансультуе работнікаў прадпрыемства па асабістых пытаннях. Таму сказаць шчыры «дзякуй» яму могуць многія.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.