15 лет с заботой о детей: УЗ «Областной детский реабилитационный оздоровительный центр «Ветразь» отметил юбилей

Главное Здравоохранение

15 гадоў з клопатам пра дзяцей

Столькі часу на варце здароўя дзетак стаіць установа аховы здароўя «Абласны дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр «Ветразь».

21 снежня яго цяперашнія і былыя работнікі, ганаровыя госці, сябры і паплечнікі сабраліся разам, каб перагарнуць чарговую старонку працоўнага летапісу  ўстановы. Сустрэча атрымалася настолькі цёплай, што на працягу ўсяго мерапрыемства ўсмешкі не сыходзілі з твараў прысутных у глядзельнай зале Цэнтра вольнага часу, не змаўкалі апладысменты.

Пачалося мерапрыемства з уяўнага гартання фотаальбома: на экране відэапраектара адзін за адным змяняліся фотаздымкі, якія адлюстроўвалі будаўніцтва «Ветразя» і жыццё яго калектыву ў розныя гады. А гэта штодзённая крапатлівая высокапрафесійная і вельмі няпростая праца, памножаная на вялікае пачуццё доўгу і адказнасці.

Цяпер калектыў налічвае каля 180 чалавек. Тры апошнія гады ўстанову ўзначальвае галоўны ўрач Сяргей Петухоў. Сёння «Ветразь» — гэта цэнтр з сучасным абсталяваннем і найноўшымі методыкамі рэабілітацыі і аздараўлення дзяцей з захворваннямі нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання, ДЦП. Медыцынскім персаналам асвоены і паспяхова прымяняюцца эфектыўныя методыкі эргатэрапіі і масажу, інтэрактыўныя тэхналогіі мультысэнсорнага развіцця, укаранёна кінэзітэрапеўтычная методыка (Экзарта). Для дзетак з парушэннямі каардынацыі руху распрацавана комплексная праграма на стабіломеры. Абсталяваны кабінет аўдыётэрапіі (Tomatis). Усяго ў лячэбным корпусе выконваецца больш за 200 працэдур, і ўсе яны запатрабаваныя. За змену ўстанова прымае 220 дзяцей з вобласці, рэспублікі, блізкага і далёкага замежжа.

— Мяркую, што сённяшнюю ўрачыстасць можна параў­наць са святам у гасцінным доме, на якое збіраюцца гаспадары, старэйшае пакаленне, калегі і самыя надзейныя сябры. Так і мы рады вітаць на нашым мерапрыемстве ветэранаў, калег і партнёраў, — звярнуўся да прысутных Сяргей Петухоў. — Калі я стаў кіраўніком рэабілітацыйнага цэнтра, калектывам ужо быў напрацаваны бясцэнны вопыт па аднаўленні здароўя дзяцей, які і імкнёмся памнажаць, увесь час шукаючы новыя падыходы, укараняючы перадавыя сучасныя тэхналогіі. Дзякую ўсім, хто стаяў ля вытокаў развіцця ўстановы, і тым, хто шчыруе зараз. Калектыў нацэлены на вынік. Гэта яскрава пацвярджае і тое, што 15-гадовы юбілей «Ветразь» сустракае як найлепшая ўстанова аховы здароўя Віцебскай вобласці. Жадаю новых памкненняў, адкрыццяў, плённай працы, нязгаснага аптымізму і бадзёрасці, дасягнення новых вяршынь!

Між тым гэтага цудоўнага юбілею магло б і не быць… З’яўленню ў Касцянях дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра паспрыялі тагачасныя кіраўнікі вобласці і раёна — Уладзімір Андрэйчанка і Васілій Чэпік, якія здолелі адмяніць рашэнне аб фарміраванні тут воінскай часці, прынятае на дзяржаўным узроўні. Паклапаціўся пра станаўленне і развіццё ўстановы і Эдуард Казура, назначэнне якога на пасаду старшыні Пастаўскага райвыканкама якраз супала з адкрыццём «Ветразя». Яго лёсам Эдуард Пятровіч цікавіцца і зараз. Менавіта яму і было дадзена права першым з ганаровых гасцей павіншаваць установу з юбілеем. Ён узгадаў гісторыю будаўніцтва і фарміравання цэнтра, пажадаў калектыву і надалей развівацца, укладваць душу ў тую высакародную справу, за якую яму бязмежна ўдзячныя дзеці і іх бацькі.

— Шчыра раздзяляю ра­дасць свята! — працягваў чараду віншавальных слоў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Дынаміка развіцця ўстановы не перастае здзіўляць і пераконвае: у цудоўнага і таленавітага калектыву бязмежныя магчымасці, адданы сваёй справе кіраўнік. Зычу такога ж імклівага палёту, дасягнення новых вяршынь. Няхай вас беражэ анёл-ахоўнік, як вы аберагаеце здароўе дзяцей!

У адрас юбіляра гучала яшчэ многа цёплых і акрыляючых пажаданняў. Іх сваім сябрам, калегам і партнёрам адрасавалі прадстаўнікі ААТ «Паставымэбля», Пастаўскай ЦРБ, ААТ «Навасёлкі-Лучай», кузні «В Ажуре» (г. Глыбокае) і райкама БРСМ, якія разнапланава садзейнічаюць развіццю ўстановы і яе работнікаў.

Як неаднойчы адзначалася на ўрачыстасці, залогам паспяховага развіцця і росквіту рэабілітацыйнага цэнтра сталі прафесіяналізм кіраўніцкай каманды, індывідуальны падыход, высокая якасць работы медперсаналу і настаўнікаў. І гэтаму спрыяе абсалютна кожны. Найлепшыя прадстаўнікі ўстановы былі адзначаны рэспубліканскімі, абласнымі і раённымі ўзнагародамі. За шматгадовую добрасумленную працу Ганаровыя граматы АДРАЦ «Ветразь» атрымалі Сяргей Казмян, Таццяна Свірковіч, Алена Агафонава, Святлана Галатылец, Жанна Дзеравянка, Святлана Дадонава, Вольга Забароўская, Анжэла Захарыч, Марына Ільіна, Казімір Літвіновіч, Алена Макарэвіч, Людміла Маслоўская, Васілій Нязамаў, Марыя Перагонцава, Яраслаў Скрыплёнак, Ганна Сушко, Юлія Урбан, Анатолій Худой, Мая Чарненка і Ганна Балай.

Адданасць справе, высокая асабістая адказнасць, укараненне перадавога вопыту і найсучаснейшых медтэхналогій — гэта толькі невялічкая частка характарыстыкі работнікаў цэнтра і яго дзейнасці, якія значыліся ў прывітальным адрасе абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Яго зачытала калегам старшыня прафсаюзнага камітэта, а затым уручыла памятныя падарункі ветэранам установы. Іх атрымалі Міхаіл Грамчак, Ніна Крывенькая, Сафія Махніс, Вольга Мажэйка і Марыя Палякова.

Ну а свае шыкоўныя творчыя нумары гледачам на працягу ўсяго свята дарылі народны ансамбль беларускай песні «Маладзіца», ансамбль танца і ансамбль «Старадворскія лыжкары» Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія «сарвалі» такія ж гучныя апладысменты, як і юбіляры.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.